Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Настальгіі па СССР у мяне няма». Як склаўся лёс беларускага мэліяратара-перадавіка з фота ТАСС 1 траўня 1986 году


Генадзь Навіцкі і Васіль Сурма (справа), 1 траўня 1986 года
Генадзь Навіцкі і Васіль Сурма (справа), 1 траўня 1986 года

1 траўня 1986 году. Саўгас «Трамлянскі», Калінкавіцкі раён Гомельскай вобласьці. Пяць дзён таму выбухнуў Чарнобыль. На здымку ТАСС — мірнае жыцьцё. Усьмешлівыя Васіль Сурма і Генадзь Навіцкі займаюцца мэліярацыяй зямель. Свабода знайшла Васіля Сурму і пацікавілася, як склалася ягонае жыцьцё пасьля таго здымка.

Цяпер, як і тады, Васіль Сурма жыве ў Калінкавічах. Ён мае багатую працоўную біяграфію — ад забойшчыка скаціны на мясакамбінаце, экскаватаршчыка-перадавіка — да парторга прадпрыемства і кіраўніка заводаў і камбінатаў.

«1986 год для мяне асабіста быў неблагім»

— У 1986 годзе «бахнуў» Чарнобыль. Я тады працаваў экскаватаршчыкам, займаўся мэліярацыяй. У мяне нарадзілася трэцяя дачка, і нарэшце, праз 10 гадоў чаканьня ў чарзе, мы атрымалі кватэру. Многія атрымлівалі кватэры значна раней, чым я, бо, ведаеце, у каго тата, мама пры пасадзе — таму і хутчэй кватэру давалі. У мяне блату не было.

На момант здымку мы рабілі з памочнікам бестраншэйны дрэнаж. Фатаграфавалі менавіта нас, бо на дрэнажным экскаватары наша брыгада была заўсёды ў перадавіках. Нас неаднаразова ўзнагароджвалі, нават двойчы — паездкай у Зорны Гарадок (паселішча пад Масквой, Цэнтар падрыхтоўкі касманаўтаў. — РС).

Працавалі мы добра — і заробак таксама мелі добры. Вось гэты наш экскаватар на здымку быў унікальны, адзін такі на вобласьць, а можа і на рэспубліку. У нас быў моладзевы перадавы экіпаж. Я працаваў на экскаватары, і завочна вучыўся ў Горацкай сельскагаспадарчай акадэміі. Мяне выбралі дэлегатам на зьезд ВЛКСМ. З Генадзем Навіцкім, які са мной на здымку, мы працавалі разам, а потым я пайшоў на іншую працу. Неяк, даўно праўда, сустракаў яго ў Калінкавічах, размаўлялі. Ён ужо тады і дачок замуж аддаў. Спадзяюся, нармальна ў яго ўсё.

«Працавалі і ў чарнобыльскіх раёнах, але дакумэнты пра гэта «зьніклі»

Пасьля выбуху на Чарнобыльскай АЭС мы працавалі на мэліярацыі і ў Хойніцкім раёне. За тое, што раён чарнобыльскі, у нас быў падвойны заробак. Але калі давялося афармляць паперы, то аказалася, што ўсе нарады, дакумэнты недзе «зьніклі», «згубіліся». Так нам сказалі. У выніку пасьведчаньні «чарнобыльцаў» атрымалі тыя, хто быў у Зоне адзін раз, ці ня быў увогуле, а з нашых ніхто пасьведчаньні не атрымаў. Праляцелі міма касы.

Але што там на некага крыўдзіцца... Гэта ж была агульная практыка. Жыцьцё — яно шматграннае. А праблемы? У каго няма іх. Калі працаваў на хлебазаводзе — перажыў гіпэртанічны крыз, ужо з белым сьветам разьвітаўся. Але выцягнулі мяне. Жыву, слава богу.

«У Калінкавічы трапіў праз каханьне»

Я сам з Барысава. У 10 клясе займаўся клясычнай барацьбой. Неяк паехалі на спаборніцтвы ў Калінкавічы. Праходзілі паўз мясцовы клюб. Трэнэр сказаў, што той, хто выйграе — атрымае права пайсьці вечарам сюды на танцы. Мы перамаглі, таму пайшлі паслухаць музыку. Тут і пазнаёміўся з будучай жонкай. Вось так паслухаў музыку, што на ўсё жыцьцё застаўся ў Калінкавічах. Адслужыў у войску — і мы пабраліся шлюбам.

Скончыў мясцовую вучэльню, потым — Буда-Кашалёўскі саўгас-тэхнікум, Горацкую сельскагаспадарчую акадэмію завочна.

На пачатку працоўнай дзейнасьці працаваў забойшчыкам скаціны на Калінкавіцкім мясакамбінаце. Зразумеў, што гэта не маё (пазьней, праз гады, Васіль Васільевіч узначаліць гэты камбінат. — РС).

«Настальгіі па партыі і СССР у мяне няма»

Пасьля 10 гадоў працы на экскаватары паклікалі мяне «пакіраваць партбюро» у ПМК (перасоўная мэханізаваная калёна. — РС). Быў сакратаром партыйнай арганізацыі. Але як партыя пачала развальвацца, пайшоў шукаць іншую працу. Што, для мяне гэта быў удар? (сьмяецца). Не, натуральна. Жыцьцё было, ды і ўсё. Настальгіі па партыі і СССР у мяне няма. Пайшоў працаваць на мясакамбінат галоўным інжынэрам. Потым восем гадоў узначальваў хлебазавод. Затым — прапанавалі і стаў дырэктарам Калінкавіцкага мясакамбінату.

Адпрацаваў шэсьць гадоў. Наш камбінат быў на добрым рахунку. Але скажу так, што таварыш адзін падвёў мяне пад манастыр. Доўгая песьня. Потым працаваў на прадпрыемстве «Белсыр», дырэктарам і намесьнікам дырэктара, узначальваў Мазырскую сэльгасхімію — і пайшоў на пэнсію. Вось такая працоўная біяграфія.

«Мэліярацыя была задумана правільна. Але вінаватая нашая безгаспадарчасьць»

Мэліярацыя зямель была задумана і першапачаткова рабілася правільна. Але яе згубіла наша безгаспадарчасьць. Будавалася добрая інфраструктура — шлюзы, масты. Але за ўсім трэба догляд. Ніхто гэта не эксплуатаваў правільна! З гадамі ўсё прыходзіла ў заняпад. Канавы зарасталі. Усё ішло ў запусьценьне — ад безадказнасьці. Увосень шлюзы не адкрывалі, за зіму яны замярзалі, вясной прыходзілі адкрыць той рэдуктар здаровы, ён прымярзаў — яго круцілі, ламалі, выварочвалі. І ўсё прыходзіла ў нерабочы стан. Каб была правільная эксплуатацыя — такога не было бы. Столькі сродкаў уклалі — і пайшло ўсё прахам.

«А што мы ведаем сёньня па каранавірус?»

Радыяцыя паражала людзей. Камуністы хай сабе спачатку маўчалі, але потым пачалі гаварыць і дзейнічаць — прымаць меры, высяляць людзей, будаваць для іх жытло. Актыўна дзейнічалі. А сёньня што мы бачым? Што мы ведаем пра каранавірус? Людзі ляжаць у рэанімацыях — а ніякіх мер няма, лячэньня....Што казаць.... Самі бачыце — сытуацыя невясёлая.

Ці хапае інфармацыі? А каму яе хапае ў нас у Беларусі? Калі паглядзець расейскае тэлебачаньне, то там адкрыта пра ўсё гавораць: што, дзе, як, заклікаюць берагчыся. А ў нас яшчэ месяц таму, як ужо каранавірус сямімільнымі крокамі ішоў па плянэце — ні масак, ні антысэптыкаў не было ў продажы. Сёньня ў нас большасьць ходзіць бяз масак. Ходзяць і думаюць, што гэта жартачкі. Пакуль не «укусіць». Мясцовыя выданьні пачытаеш: кафэ адкрылі, вясельлі і дні нараджэньні там можна адзначаць. Нейкі пір у час чумы, і ўсе справы.

Пра радыяцыю было больш зразумела — што можна рабіць, што нельга, дзе нельга жыць. З каранавірусам — незразумела.

Гэтая публікацыя падрыхтаваная з выкарыстаньнем інфармацыі БелаПАН.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG