У сакавіку 2020 году ў Беларусі на хвалі дэвальвацыйных чаканьняў грамадзян рэзка, больш чым на траціну, вырас попыт на спажывецкія крэдыты.
Пра гэта расказала намесьніца начальніка Галоўнага ўпраўленьня рэгуляваньня банкаўскіх апэрацый Нацбанку Вольга Ілюкевіч на онлайн-брыфінгу 30 красавіка.
У сакавіку беларусы ўзялі крэдытаў агулам на 1,2 мільярда рублёў, і гэта на 37% больш, чым у лютым. Паводле Вольгі Ільюкевіч, гэта зьвязана, у першую чаргу, з дэвальвацыйнымі чаканьнямі. За сакавік рубель патаньнеў да даляра на 15,5%.
Ужо ў красавіку попыт на крэдыты істотна зьнізіўся, запазычанасьць па спажывецкіх крэдытах скарацілася на 1,7%. Гэта зьвязана таксама і з тым, што банкі абмежавалі прапановы крэдытаў, дадала Ільюкевіч.
У канцы сакавіка многія банкі Беларусі прыпынілі выдачу крэдытаў фізычным асобам, іншыя паднялі працэнтныя стаўкі на іх, у сярэднім на 2%.
На 1 студзеня 2020 году запазычанасьць фізычных асобаў у крэдытах, выдадзеных на спажывецкія патрэбы, набыцьцё нерухомасьці, будаўніцтва жыльля і іншае склала 14 мільярдаў 152 мільёны беларускіх рублёў.