Ва ўмовах сусьветнай пандэміі на ўладах Беларусі ляжыць абавязак неадкладна распачаць дзеяньні для папярэджаньня пашырэньня каранавірусу сярод катэгорый, найбольш схільных да небясьпекі заражэньня. У гэтым пераліку і зьняволеныя, адзначае праваабарончы цэнтар «Вясна».
Зьвесткі аб распаўсюдзе рэсьпіраторных захворваньняў, а таксама вірусу COVID-19 сярод людзей, якія адбываюць адміністрацыйны арышт, сьведчаць, што прафіляктычных захадаў відавочна бракуе, пішуць праваабаронцы. Большая частка арыштаваных (а гэта звыш 70 000 чалавек на год) адносяцца да ўразьлівых групаў насельніцтва.
З улікам працяглага інкубацыйнага пэрыяду каранавірусу, а таксама адсутнасьці надзейных спосабаў яго дыягностыкі ў тых, хто паступае ў месцы ізаляцыі, гэтыя месцы стануць асяродкамі распаўсюду хваробы. Адначасова пад пагрозай заражэньня апынаюцца супрацоўнікі ізалятараў і іх сем’і, а таксама родныя людзей, якія адбылі тэрмін арышту, пішуць праваабаронцы.
Адміністрацыйныя правапарушэньні і асобы, якія іх учынілі, паводле азначэньня не нясуць грамадзкай небясьпекі. Санкцыі артыкулаў Кодэксу аб адміністрацыйных правапарушэньнях зьмяшчаюць альтэрнатывы арышту. Іншымі словамі, адміністрацыйны арышт ва ўмовах пандэміі парушае канстытуцыйнае права на жыцьцё і ахову здароўя, перакананыя аўтары звароту.
Праваабарончы цэнтр «Вясна» заклікае беларускія ўлады адмовіцца на пэрыяд абвешчанай пандэміі ад ужываньня адміністрацыйнага затрыманьня на тэрмін звыш 3-х гадзін і адміністрацыйнага арышту. У прыватнасьці, праваабаронцы заклікаюць вызваліць актывістаў экалягічнага пратэсту ў Берасьці — Аляксандра Кабанава, Дзьмітрыя Андрасюка, Дзьмітрыя Бекалюка.
Што трэба ведаць пра новы каранавірус, які выклікае COVID-19
- Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
- Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
- Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
- Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.
- Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
- Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг.
Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус
Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ