Як зьвярнуць увагу на палітыку, калі ўсе сочаць за тым, як разьвіваецца эпідэмія каранавірусу? Ці варта патрабаваць пераносу выбараў і як у іх удзельнічаць? Пра гэта Свабода распытала ўдзельнікаў праймэрыз.
Юры Губарэвіч, Вольга Кавалькова і Мікалай Казлоў — з гэтых прэтэндэнтаў цяпер абіраюць адзінага кандыдата ад аб’яднанай правацэнтрысцкай кааліцыі. Ён стане апанэнтам Аляксандру Лукашэнку на выбарах. Раней з праймэрыз са скандалам сышоў сустаршыня аргкамітэту БХД Павал Севярынец, а за ім лідэр БНФ Аляксей Янукевіч. Да праймэрыз не дапусьцілі былую дэпутатку Палаты прадстаўнікоў Ганну Канапацкую.
На фоне пандэміі палітыкі адзначаюць «слабую цікавасьць людзей да выбараў», але праймэрыз пакуль не адмяняюць.
Інтэрнэт-галасаваньне працягнецца да канца красавіка. На дадзены момант у ім узялі ўдзел крыху больш за 2 тысячы чалавек. А вось агітацыйныя туры ў рэгіёнах — пад пытаньнем.
Юры Губарэвіч: «Лукашэнка не мяняе плянаў, мы таксама»
Усе тры ўдзельнікі праймэрыз набіраюць амаль роўную колькасьць галасоў у інтэрнэт-галасаваньні. Час ад часу нехта вырываецца наперад: разьбежка 1–6%. Паводле старшыні руху «За свабоду» Юрыя Губарэвіча, пакуль патрабаваць пераносу выбараў апазыцыя не зьбіраецца.
«Прадказальна, што грамадзкая ўвага будзе ссунутая. Але Аляксандар Лукашэнка не зьбіраецца адмаўляцца ад выбараў на канец лета. Мы таксама не мяняем плянаў, эпідэмія рана ці позна сыдзе, а Лукашэнка застаецца ўжо 26 гадоў. На гэтым тыдні мы будзем праводзіць нараду, каб вырашыць, колькі будзе адкрыты сайт па праймэрыз. Апошнія дні галасуюць па некалькі сотняў у дзень. У нас у плянах да 15 траўня былі паездкі па рэгіёнах, але наўрад ці мы дачакаемся спаду. Пад пытаньнем і правядзеньне кангрэсу», — кажа Губарэвіч.
Ён зважае і на напружанасьць у грамадзтве, якое ня згоднае зь дзеяньнямі ўладаў па супрацьстаяньні эпідэміі.
«Дзяржава ўскладае адказнасьць на людзей, ня можа наладзіць дыстанцыйнае навучаньне для дзяцей. Гэта ўсё раздражняе бацькоў, людзі ня бачаць канкрэтнай інфармацыі па эпідэміі, не называюцца асяродкі эпідэміі», — кажа Губарэвіч.
Вольга Кавалькова: «Калі ня будзе спаду захворваньняў, трэба патрабаваць пераносу выбараў»
Актывістка аргкамітэту па стварэньні партыі БХД Вольга Кавалькова некалькі разоў апыналася на пазыцыі лідэра ў інтэрнэт-галасаваньні па праймэрыз. На яе думку, варта разглядаць і варыянт пераносу выбараў на час, калі скончыцца пандэмія.
«Трэба глядзець, як будзе разьвівацца сытуацыя ў краіне. Калі ня будзе спаду захворваньняў, мы разглядаем варыянт патрабаваць пераносу выбараў, бо нельга зьбіраць людзей на вуліцы ў час эпідэміі», — мяркуе Вольга Кавалькова.
Пры гэтым яна зважае на рост незадаволенасьці людзей дзеяньнямі ўлады, што можа перарасьці ў палітычны пратэст.
«Перанесьці гэта з інтэрнэту ў жыцьцё ва ўмовах эпідэміі немагчыма. Рэйтынг Лукашэнкі з прычыны ягонай безадказнай пазыцыі зьнізіўся, такой падтрымкі, як некалькі месяцаў таму, няма. Таму палітычным сілам сёньня варта ўзначальваць палітычныя настроі, далучаць да сябе новых людзей. Мы гэта робім праз пэтыцыі, праз інфармаваньне. У апошнія некалькі дзён болей людзей далучаецца да інфармаваньня», — кажа Кавалькова.
Мікалай Казлоў: «Цяпер мала хто думае пра выбары, і гэта натуральна»
Мікалай Казлоў, старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі і ўдзельнік праймэрыз, лічыць, што галоўным для Беларусі пытаньнем будзе эканамічны крызіс пасьля пандэміі.
«Калі будзе працягвацца эпідэмія, то ня будзе магчымасьці сабраць подпісы, людзей нельга ставіць пад пагрозу. Але пытаньне выбараў так ці інакш стане, і мы мусім падысьці да гэтага моманту падрыхтаванымі. Улічваючы наш стан эканомікі, нас чакаюць няпростыя часы, можна нават сказаць, катастрафічныя. Людзі баяцца страціць працу», — кажа Мікалай Казлоў.
На яго думку, цяперашнія заявы Лукашэнкі зьніжаюць ягоны рэйтынг. Ягоныя ініцыятывы выклікаюць у людзей «жах».
«Цяжка сказаць, хто робіць Лукашэнку цяпер горш, чым ён сам. Кожная ягоная заява, гэтая ўпартасьць у правядзеньні параду, адштурхоўвае людзей. Мы ня можам глядзець на гэта і нічога не рабіць. Некаторы час таму мы стварылі пэтыцыю аб амністыі, бо месцы пазбаўленьня волі могуць стаць брацкімі магіламі. Мы заклікаем улады зьвярнуць увагу на бізнэс, асабліва дробны бізнэс», — прыводзіць прыклады Мікалай Казлоў.
У апошняй заяве 19 красавіка Аляксандар Лукашэнка сказаў, што «выбары пройдуць прыстойна». Падставаў іх пераносіць ён «ня бачыць». Паводле закону яны мусяць адбыцца ў Беларусі не пазьней за канец жніўня.
Цяпер у праймэрыз лідзіруе Мікалай Казлоў (36%), на другім месцы Юры Губарэвіч (33%), на трэцім — Вольга Кавалькова (30%).
Апроч удзельнікаў праймэрыз, у выбарах зьбіраюцца ўдзельнічаць і іншыя кандыдаты ад апазыцыі. Свабода раскажа пра іхныя пляны ў наступных публікацыях.
Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць
- Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
- 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
- Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
- ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
- Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
- 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
- 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
- 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
- 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
- Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.