Жыхары Буда-Кашалёва ўстрывожаныя ўспышкай каранавірусу ў райцэнтры. Тут захварэлі мэдыкі — ад санітаркі да лекараў. Не абмінула зараза і «простых сьмяротных». Паводле неафіцыйнай інфармацыі, «зьлеглі» мэдычныя работнікі з тэрапэўтычнага і рэанімацыйнага аддзяленьня.
Афіцыйна пра сытуацыю ў Буда-Кашалёўскім шпіталі няма інфармацыі. Галоўны санітарны лекар раёну кідае слухаўку, калі чуе пытаньне. Галоўны лекар раённага шпіталю адказвае, што ўся інфармацыя ёсьць на сайце газэты «Авангард». Там толькі адзін артыкул пра сытуацыю ў раёне з каранавірусам са спасылкай на галоўнага лекара Жану Еўтухову. «Мэдыкі адсочваюць сытуацыю з распаўсюджваньнем каранавірусу, прымаюць апэратыўныя меры. Пацыентаў зьмяшчаем у інфэкцыйнае аддзяленьне раённага шпіталю, калі тэст станоўчы — шпіталізуем у абласны інфэкцыйны шпіталь».
Трывожная сытуацыя ў Буда-Кашалёўскім раёне пачалася, калі ў мясцовы шпіталь даставілі з Камунару 39 чалавек, у асноўным дзяцей. Гэта былі кантакты хлопчыка, які імаверна заразіўся ад трэнэра гомельскай СДЮШАР-4, дзе школьнік займаўся. Пазьней стала вядома, што ва ўсіх шпіталізаваных былі адмоўныя тэсты, іх адправілі дахаты.
«Мэдыкі самі мала што ведаюць, ім самім не гавораць усяго»
«Потым у раённы шпіталь трапіла бабулька, ёй было 84 гады. Яна памерла, і ў яе быў станоўчы тэст на каранавірус. Пасьля пачалі хварэць павальна мэдыкі, потым ужо і мясцовыя. Толькі ўчора ў інфэкцыйны шпіталь у Гомель завезьлі дзесяць чалавек, у якіх пацьвердзіўся каранавірус. Лекарам забаранілі што-кольвек казаць, і нават ад іх хаваюць інфармацыю, штодзённыя нарады праводзяць у вузкім коле», — пераказваюць нам «мясцовыя зьвесткі» маладыя хлопцы. Іншыя жыхары райцэнтру кажуць, што ў тутэйшым шпіталі толькі за адзін дзень пацьвердзіліся каля трыццаці выпадкаў. «І зноў прывезьлі людзей з Камунару», — кажа адна з жанчын.
З інфармаванай крыніцы ў мэдычных колах стала вядома, што захварэлі на каранавірус мэдыкі з «хуткай», рэанімацыі і тэрапэўтычнага аддзяленьня (у тым ліку лекары, мэдсёстры і санітаркі), таксама і хворыя, якія ляжалі на той час ў тэрапіі. Мэдыкам не хапала сродкаў індывідуальнай абароны, хоць галоўны лекар сьцвярджае, што шпіталь усім забяспечаны. Цяпер іх перавезьлі на лекаваньне ў Гомельскі інфэкцыйны шпіталь.
На вуліцах Буда-Кашалёва — пустынна і холадна. Рэдка сустрэнеш чалавека. Праявы жыцьця можна заўважыць у цэнтры, каля мясцовага кірмашу. Дзьве жанчыны разважаюць, што на Вялікдзень яны ў царкву ня пойдуць, паскі і яйкі сьвяціць ня будуць. «Можа, вадзічкі там возьмем і самі дома пасьвецім. Страшна неяк. У храмы ня варта хадзіць, лепш сядзець дома. Страшна, але мы стараемся не паддавацца і ўсьміхацца», — кажа мясцовая жыхарка.
84-гадовая Лілія Леанідаўна прадае штучныя кветкі. Яна ведае пра меры засьцярогі — працуе ў масцы і пальчатках. «Я ня дужа і так хадзіла ў царкву, а цяпер не пайду ўвогуле. Дома на цьвік павешу, што там трэба — паску, яйкі, соль, па тэлевізары будзе ісьці малітва — яно і асьвеціцца. А ў царкву пойдзеш — лезуць на плечы ўсялякія. Мне хоць 82 гады, але я паміраць не хачу, у мяне дзеці, унукі. Радыяцыя была — страшна, але прывыклі. А гэтая зараза яшчэ мудрэйшая», — разважае Лілія Леанідаўна. Яна кажа, што ў райцэнтры «ладна людзей хварэе», — а колькі? — «Дык хто вам праўду скажа?» На разьвітаньне пэнсіянэрка раіць: «Галоўнае — ня падаць духам. Прарвёмся».
«Мы ведаем людзей, якія хварэюць. Таму неспакойна»
Жанчыны, што гандлююць на рынку, не зьбіраюцца ў царкву на Вялікдзень. «Хадзілі раней, сёлета ня пойдзем. Што Мітрапаліт казаў — то адно, а мы і самі людзі разумныя. Можа, у Чачэрску цяпер спакайней, у нас у Будзе — не. Дзяўчаты мне казалі раней: „Страшна, страшна“. Я адказвала: „Ну, вы ведаеце асабіста хоць аднаго чалавека, які захварэў? Не? То й ня бойцеся“. А цяпер мы ведаем людзей, якія хварэюць. Цяпер сапраўды неспакойна», — тлумачыць адна з гандлярак.
Яе калегі працуюць у масках. Кажуць, што таксама ў царкву ня пойдуць, службу будуць глядзець па тэлевізары.
Ля царквы праз кожныя дзьве гадзіны сьвецяць ежу.
Людзей няшмат. Сталы ў двары паставілі так, каб захоўвалася «сацыяльная дыстанцыя». Генадзь прыехаў асьвяціць ежу — паскі і яйкі, з Марозавічаў. Ён зьбіраецца і на начную службу ў царкву. «І булкі пасьвяціць, і ў царкве пабыць — гэта традыцыя, ня трэба яе парушаць. У царкве я не баюся заразіцца — гэта сьвятое месца. Але меры засьцярогі буду прымаць. Я хоць і сівы, але жыць хочацца», — кажа Генадзь.
«Трэба жыць сёньняшнім днём і маліцца за заўтрашні»
Айцец Сергій запэўнівае: царква прымае ўсе меры для бясьпечнага Вялікадня. Людзей заклікалі не прыходзіць на службы, асабліва сталых і нямоглых. На ўваходзе разьмясьцілі зварот Мітрапаліта Паўла, каб люд праваслаўны застаўся дома. «Мы працуем, молімся... Прасілі людзей, каб менш прыходзілі. Шмат разоў на дзень праводзім дэзынфэкцыю ў храме. Увесь царкоўны посуд апрацоўваем сьпіртавымі растворамі, ужо ўсё сьпіртам пахне», — тлумачыць сьвятар. Ён прагназуе, што людзей на сьвята прыйдзе мала.
Да нашай размовы далучаюцца мясцовыя вернікі. «Мы пойдзем на Ўсяночную, нам няма чаго баяцца. Чаму быць — таго не абмінеш. Гэта псыхоз нейкі, а не каранавірус. Па ўсяму сьвету людзі хварэюць, а мы што — асаблівыя?», — кажа адзін зь мясцовых.
Айцец Сергій кажа, што ня ведае, адкуль і для чаго прыйшоў каранавірус. «За Бога я не магу адказваць, правільна? Мінулага мы ня зьменім, трэба жыць сёньняшнім днём і маліцца за заўтрашні. Варта захоўваць супакой у сэрцы. Чалавечнасьць губляць — вось гэта сапраўды страшна», — зазначае сьвятар.