Канцлерка Нямеччыны Ангела Мэркель анансавала паступовае паслабленьне карантынных захадаў, уведзеных для стрыманьня каранавірусу.
Пачынаючы з наступнага тыдня, як сказала Мэркель, могуць аднавіць працу крамы плошчай да 800 квадратных мэтраў. Незалежна ад памеру, могуць адкрыцца аўтасалёны, кнігарні, велакрамы, дазваляецца праца музэяў, бібліятэк і архіваў, заапаркаў і батанічных садоў, перадае «Нямецкая хваля».
Але большасьць абмежаваньняў на сацыяльныя кантакты захаваюцца сама меней да 3 траўня. Мэркель таксама рэкамэндавала насіць ахоўныя маскі ў грамадзкіх месцах. Канцлерка падкрэсьліла, што дзякуючы жорсткім мерам удалося дамагчыся далікатнага прамежкавага посьпеху і цяпер неабходна яго захаваць.
З 4 траўня ў Нямеччыне могуць аднавіць працу школы, цырульні, але буйныя грамадзкія падзеі, рэлігійныя службы будуць немагчымыя да канца жніўня. Бары, кафэ, рэстараны, кіназалы і музычныя пляцоўкі таксама пакуль застануцца закрытымі.
У Нямеччыне на сёньняшні дзень зарэгістравана прыкладна 127 тысяч выпадкаў заражэньня каранавірусам і больш за 3200 сьмерцяў ад COVID-19.