Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ФСБ зноў паведаміла пра затрыманьне «ўкраінскіх дывэрсантаў» у Крыме


Ператрус у доме крымскататарскага актывіста, сакавік 2020
Ператрус у доме крымскататарскага актывіста, сакавік 2020

Фэдэральная служба бясьпекі Расеі паведаміла, што яе супрацоўнікі ў анэксаваным Крыме затрымалі мясцовых жыхароў, якія нібыта былі агентамі выведкі Міністэрства абароны Ўкраіны і займаліся падрыхтоўкай дывэрсій і тэрактаў.

«На тэрыторыі Рэспублікі Крым спынена дзейнасьць галоўнага ўпраўленьня выведкі Міністэрства абароны Ўкраіны, накіраваная на арганізацыю і зьдзяйсьненьне дывэрсійна-тэрарыстычных актаў, выкраданьне зьвестак, якія зьмяшчаюць дзяржаўную таямніцу, і вэрбоўку расейскіх грамадзян», — паведамілі ў прэс-службе ФСБ.

Паводле ФСБ, працу меркаваных агентаў Украіны нібыта ўзначальваў начальнік падразьдзяленьня ўкраінскай ваеннай выведкі ў Хэрсоне палкоўнік Алег Ахмедаў. Таксама ў так званай агентурнай групе нібыта была вайскоўку з Расеі, якую сьледзтва падазрае ў перадачы Ўкраіне сакрэтных зьвестак, і грамадзянін Украіны, які абвінавачваецца ў шпіянажы на карысьць украінскіх спэцслужбаў.

Грамадзянін Украіны быў адпраўлены пад варту, а затрыманую расейку, «кіруючыся прынцыпам гуманізму», сьледзтва пакінула пад хатнім арыштам, бо яна мае непаўналетніх дзяцей, паведамілі ў ФСБ.

Расея анэксавала ўкраінскі паўвостраў Крым у сакавіку 2014 года па выніках так званага рэфэрэндуму, праведзенага пад кантролем расейскіх войскаў. Міжнародныя арганізацыі прызналі анэксію Крыма незаконнай і асудзілі дзеяньні Расеі, краіны Захаду ўвялі супраць яе эканамічныя санкцыі. Пасьля анэксіі расейскія спэцслужбы правялі некалькі гучных апэрацый супраць крымскіх татар і «дывэрсантаў», якія нібыта дзейнічалі на паўвостраве па заданьні ўкраінскіх спэцслужбаў. Многія затрыманыя ФСБ скардзіліся на катаваньні.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG