Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Пнэўманія, але тэст на каранавірус рабіць адмовіліся». Сваякі вязьняў Бабруйскай калёніі патрабуюць захадаў бясьпекі


Бабруйская калёнія № 2, архіўнае фота 
Бабруйская калёнія № 2, архіўнае фота 

Адразу некалькі вязьняў 5-га атраду Бабруйскай калёніі № 2 скардзяцца на дрэннае самаадчуваньне. Да ранейшых сымптомаў прастуды, такіх як кашаль і насмарк, дадаліся ваніты. Сваякі зьняволеных непакояцца, ці не пачатак гэта эпідэміі, і наракаюць, што вязьні дагэтуль не атрымалі паўнавартаснага лячэньня.

Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі >>

Пра гэтую гісторыю Свабодзе расказала Натальля Касьцяневіч, чый муж Андрэй Касьцяневіч адбывае пакараньне ў Бабруйскай калёніі. Паводле Натальлі, муж захварэў на прастуду больш за месяц таму: кашаль, тэмпэратура. У сакавіку вязьня нават паклалі ў турэмны шпіталь, адкуль ён выпісаўся і вярнуўся ў атрад. Але там сытуацыя сталася горшая, чым да захворваньня.

«Тыдзень таму Андрэя выпісалі. Пра хваробу, якую ён перанёс, напісалі, што гэта была правабаковая пнэўманія. Аднак у шпіталі ад аднаго зь лекараў ён чуў, што пнэўманія ў яго была двухбаковая. Паказальна, што, калі я даведалася, што муж трапіў у шпіталь, дык напісала заяву ў Дэпартамэнт выкананьня пакараньняў, каб мужу зрабілі тэст на COVID-19, але мне нават не адказалі. Потым муж званіў зь лякарні і казаў, што яму адмовіліся рабіць тэст.

Учора муж тэлефанаваў ужо з атраду. Кажа, што сытуацыя там стала нават горшай. Вельмі шмат вязьняў хварэюць, кашляюць, адчуваюць сябе дрэнна. Да сымптомаў прастуды дадаліся ваніты, але ніхто гэтага ня лечыць, бо ня ведаюць, што гэта за хвароба. Усе непакояцца, ці не каранавірус», — кажа Натальля Касьцяневіч.

Паводле зьвестак Натальлі Касьцяневіч, у 5-м атрадзе калёніі, дзе ўтрымліваюць яе мужа, знаходзіцца ад 120 да 150 вязьняў.

У дзяжурнай частцы калёніі № 2 міліцыянт сказаў карэспандэнту Свабоды, што хворых на каранавірус сярод вязьняў калёніі няма. Зьвесткі пра тое, што адразу некалькі асуджаных у 5-м атрадзе скардзяцца на дрэнны стан здароўя, міліцыянт не пракамэнтаваў. «У мяне такіх зьвестак няма», — сказаў дзяжурны.

На гэты час ужо некалькі грамадзкіх арганізацый патрабуюць ад уладаў тэрміновых захадаў для недапушчэньня эпідэміі каранавірусу ў беларускіх турмах, калёніях і сьледчых ізалятарах.

Шэраг ініцыятыў, у тым ліку аб’яднаньні сваякоў вязьняў, зьвярнуліся да Аляксандра Лукашэнкі. Аўтары звароту патрабуюць «разгледзець магчымасьць вызваленьня асобаў, найбольш уразьлівых да каранавірусу», у тым ліку людзей пажылога веку і хворых, а таксама тых, хто асуджаны за няцяжкія злачынствы. Уладам прапанавана скарыстацца для датэрміновага вызваленьня гэтых вязьняў амністыяй, прымеркаванай да 75-годзьдзя Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне, а таксама прыняць надзвычайныя меры эпідэміялягічнай бясьпекі ў месцах зьняволеньня.

Паводле tut.by, зварот да Аляксандра Лукашэнкі падпісалі аргкамітэт «Наша права», грамадзянская ініцыятыва «Справядлівы прысуд», ініцыятыва «Мэта адна» ды іншыя грамадзяне. Пад зваротам ужо сабрана больш за 17 тысяч подпісаў.

Збор подпісаў пад пэтыцыяй да ўладаў праводзіць і Аб’яднаная грамадзянская партыя, якая заклікае да тэрміновай і максымальна шырокай амністыі зьняволеных у Беларусі.

«Улічваючы аслаблены імунітэт зьняволеных і адсутнасьць у калёніях, турмах і СІЗА якаснай мэдыцынскай дапамогі, немагчымасьць ізаляцыі хворых, месцы пазбаўленьня волі пагражаюць ператварыцца ў брацкія магілы. Любы выпадак захворваньня гарантавана прывядзе да поўнага заражэньня ўсіх», — гаворыцца ў пэтыцыі АГП.

Што трэба ведаць пра новы каранавірус, які выклікае COVID-19

  • Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
  • Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
  • Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
  • Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.

  • Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
  • Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг. ​

Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус

Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG