У ЗША ўжо больш за паўмільёна хворых на каранавірус, памерлі ад хваробы больш за 20 тысяч чалавек. Чаму гэтая краіна цярпіць ад пандэміі больш за ўсе астатнія краіны сьвету?
Свае адказы на гэтае пытаньне прапануюць былы мянчук, уладальнік і дырэктар клінікі-сэрвісу сацыяльнага дагляду Right at Home ў Бостане Ўладзімер Зархін і прафэсар паліталёгіі Ўнівэрсытэту штата Тэнэсі Андрэй Карабкоў.
Сьцісла
Зархін
- Папярэднія перамогі ўскружылі галаву — перамога над Эболай, перамога над першым вірусам SARS. Гэта стварыла фальшывае ўражаньне няўразьлівасьці
- ЗША — гэта саюз 50 дзяржаваў, гэта фэдэрацыя. У кожным штаце свае законы, свая ўлада.
- Заднім днём лёгка абвінавачваць улады ў тым, што яны позна ўвялі карантынныя захады. Але ніхто ня ведае, калі было рана
- Свабодалюбства Амэрыкі адыграла пэўную ролю. Забараніць нешта амэрыканцам ад пачатку даволі складана
Карабкоў
- Лічбы захварэлых і памерлых гаворыць пра неэфэктыўнасьць амэрыканскай сыстэмы аховы здароўя, калі няма цэнтралізаванай дзяржаўнай сыстэмы
- Зараз адбудзецца ўмацаваньне ролі дзяржавы як у мэдычнай, гэтак і ў сацыяльна-эканамічнай сфэры
- Пацярпелі гарады, дзе дамінавалі вельмі левыя, лібэральныя мясцовыя ўлады, якія віталі прыезд вялікай колькасьці бяздомных
- Аддаваць жорсткія загады, уводзіць карантыны, як гэта зрабілі ў Кітаі, асабліва ва Ўхані, у ЗША проста немагчыма. Гэта плата за наяўнасьць свабодаў.
Уладзімер Зархін: Амэрыка аказалася непадрыхтаванай да гэтай эпідэміі
— Тут няма простых адказаў. Эпідэмія яшчэ ня скончылася, таму зарана рабіць канчатковыя высновы, хто выйдзе на сумнае першае месца паводле колькасьці сьмерцяў. І тут ёсьць пытаньне, як рэгіструюцца сьмерці, наколькі дакладныя дадзеныя.
У ЗША ёсьць меркаваньне, што колькасьць сьмерцяў перабольшваецца. Зь іншага боку, ёсьць зьвесткі, што некаторыя краіны наадварот прымяншаюць колькасьць сьмерцяў ад каранавірусу.
Але, напэўна, Амэрыка аказалася непадрыхтаванай да гэтай эпідэміі. У ЗША выдатныя ўнівэрсытэты, выдатныя навукоўцы. І для спэцыялістаў нічога з таго, што цяпер адбываецца, не зьяўляецца сюрпрызам. Калі паглядзець мэдычныя часопісы, пачынаючы з 2007 году, можна ўбачыць артыкулы пра каранавірусы, пра папярэднія ўспышкі, прагнозы магчымых эпідэміяў. Была публікацыя карэйскіх навукоўцаў у 2007 годзе, якія прадказвалі сцэнар, падобны на цяперашні.
Чаму не прыслухоўваліся да іх? У пэўным сэнсе не было неабходнасьці. Папярэднія перамогі ўскружылі галаву — перамога над Эболай, перамога над першым вірусам SARS. Гэта стварыла фальшывае ўражаньне няўразьлівасьці. У адкрытым друку быў апублікаваны плян стратэгічнай абароны ЗША ад біялягічных пагрозаў — гэта і пандэміі, і напад пры дапамозе біялягічнай зброі. Там усё правільна напісана.
А далей пытаньне выкананьня. ЗША — гэта саюз 50 дзяржаваў, гэта фэдэрацыя. У кожным штаце свае законы, свая ўлада. І тое, як яно робіцца ў канкрэтным штаце, залежыць ад губэрнатара.
Для барацьбы з эпідэміямі патрэбныя міжнародныя высілкі. Яны не пачынаюцца ў ЗША, яны пачынаюцца ў Азіі ці Афрыцы. І гэтага не было зроблена ў апошнія гады.
І другі момант — сувязі тых, хто ўжо інфікаваны. Тут шмат што вырашаецца на ўзроўні штатаў. Скажам, нядаўна губэрнатар Масачусэтсу ўзмацніў меры супраць пандэміі. А нехта іншы можа і не ўзмацніў.
— Я чуў ад сваіх амэрыканскіх калегаў такое тлумачэньне: карантын у ЗША быў уведзены позна, да таго ж амэрыканцы напачатку ня вельмі дысцыплінавана яго выконвалі. Амэрыканцы — не кітайцы і не паўночныя карэйцы, свабодалюбівы народ, як мне дзяржава будзе ўказваць, што мне рабіць і чаго не рабіць? Ці згодны вы з такой трактоўкай: меры былі ўведзеныя позна і яны пачалі працаваць пазьней, чым іх увялі?
— Заднім днём лёгка абвінавачваць улады ў тым, што яны позна ўвялі карантынныя меры. Мне некаторыя рэчы былі відавочныя, але я не хацеў бы рабіць зь сябе прарока. Цяпер мы можам казаць, што было позна. Але ніхто ня ведае, калі было рана.
Наконт свабодалюбства — так, мы гаворым пра 50 штатаў, людзі розныя. Свабодалюбства Амэрыкі адыграла пэўную ролю. Забараніць нешта амэрыканцам ад пачатку даволі складана. І мы ж гаворым пра безьліч дробных бізнэсаў. Калі дзяржава кажа — мы зачыняем рэстарацыі, зачыняем бізнэсы, якія ня вельмі важныя — гэта ўдар ня толькі па эканоміцы, але і па псыхалёгіі народу.
Сёньня ёсьць перагібы нават у адваротны бок. Бачыў відэаролік, як у Філядэльфіі паліцыя чалавека без маскі выцягвае з аўтобусу. І гэта таксама сёньняшняя Амэрыка. Безумоўна, і гэтая эпідэмія пройдзе. Але цікавае пытаньне, як гэтая эпідэмія паўплывае на псыхалёгію насельніцтва.
Андрэй Карабкоў: У ЗША адбудзецца ўмацаваньне ролі дзяржавы
— Калі казаць пра ацэнкі, то Дональд Трамп першапачаткова казаў пра 100 тысячаў патэнцыйных сьмерцяў, потым пра 80 тысячаў, цяпер перагледзіў гэтыя ацэнкі — да 60 тысячаў. Але гэтыя лічбы гавораць пра калясальныя памеры эпідэміі і пра высокую сьмяротнасьць.
Гэта сьведчыць пра неэфэктыўнасьць амэрыканскай сыстэмы аховы здароўя, калі няма цэнтралізаванай дзяржаўнай сыстэмы, калі існуюць шмат мэдычных арганізацыяў, арыентаваных на прыбытак, няма цэнтралізаванай сыстэмы страхаваньня жыцьця, існуе шмат страхавых кампаніяў, якія канкуруюць адна з адной, якія супрацьдзейнічаюць фармаваньню каардынуючых мэханізмаў.
Як падчас мінулых вялікіх крызісаў — «Вялікай дэпрэсіі» 1929 году і масавага руху за грамадзянскія правы сярэдзіны 1960-х гадоў, гэта прывядзе да ўмацаваньня ролі дзяржавы. Пасьля 1929 году ўзьнікла сыстэма сацыяльнага страхаваньня і мэдычнай дапамогі для маламаёмасных, у 1960-я былі ўведзеныя жорсткія рэгуляцыі наконт правоў меншасьцяў, якія накідаліся як прыватным кампаніям, гэтак і грамадзтву ў цэлым. Зараз адбудзецца ўмацаваньне ролі дзяржавы як у мэдычнай, гэтак і ў сацыяльна-эканамічнай сфэры.
Эпідэмія ў ЗША распаўсюджваецца вельмі нераўнамерна. Пацярпелі гарады, дзе дамінавалі вельмі левыя, лібэральныя мясцовыя ўлады, якія віталі прыезд вялікай колькасьці бяздомных. І пра гэта таксама, хутчэй за ўсё, будуць гаварыць. Нью-Ёрк, асноўныя гарады Каліфорніі, Сіэтл, Новы Арлеан, Дэтройт зараз усё больш робяцца такімі зонамі напружанасьці.
Выбарчая кампанія, пасьля выхаду з гонкі Бэрні Сандэрса, уступае ў фінальную фазу. І ўсе гэтыя пытаньні выплывуць. Дэмакраты будуць усяляк патрабаваць умацаваньня ролі дзяржавы і фармаваньня кантраляванай дзяржавай мэдычнай структуры, а рэспубліканцы будуць усяляк падкрэсьліваць, што найбольш пацярпелымі ад эпідэміі чамусьці аказаліся тыя рэгіёны, дзе дамінуюць дэмакратычныя мясцовыя ўлады.
Відавочна, што гэты крызіс будзе мець два наступствы: у міжнародным пляне — адмова ад лібэральнай глябалізацыі, умацаваньне ролі сувэрэнных дзяржаваў, адраджэньне межаў, у тым ліку і ў Эўропе, ва ўнутрыамэрыканскім пляне — умацаваньне дзяржавы.
— А ці няма іншых тлумачэньняў? Вы гаворыце пра недахопы амэрыканскай сыстэмы аховы здароўя. Але яны могуць патлумачыць рэкордна высокую колькасьць сьмерцяў, маўляў, сыстэма аховы здароўя кепска ратуе людзей і таму шмат сьмерцяў. Але Амэрыка аказалася сумным сусьветным лідэрам і паводле колькасьці захварэлых, заражаных. Да заражэньня ўзровень мэдыцыны наагул ні пры чым. І чаму ў Кітаі, дзе амаль 1.5 мільярды жыхароў — каля 80 тысячаў заражаных, а ў ЗША, дзе амаль у 5 разоў менш насельніцтва — 460 тысячаў?
— Дэмакратычным краінам у прынцыпе складаней змагацца з такімі рэчамі, як эпідэміі, каардынаваць сваю дзейнасьць падчас крызісаў ці войнаў. Дэмакратычная дзяржава адносна слабейшая, яна павінная выконваць правы грамадзянаў. І аддаваць жорсткія загады, уводзіць карантыны, як гэта зрабілі ў Кітаі, асабліва ва Ўхані, проста немагчыма. Гэта плата за наяўнасьць свабодаў.
Цяпер шмат перасьцярогаў і ў Амэрыцы, і ў Эўропе адносна таго, што тыя меры, якія прымаюцца ці могуць быць прынятыя, і якія могуць пацягнуць за сабой аслабленьне канстытуцыйных правоў грамадзянаў. Многія зьвяртаюць увагу на падзеі ў Вугоршчыне, на тыя паўнамоцтвы, якія парлямэнт даў ураду Орбана. Мяркую, што гэта вельмі хутка стане прадметам палітычнай барацьбы. Трамп будзе прымаць дастаткова жорсткія па амэрыканскіх мерках захады, і дэмакраты будуць абвінавачваць яго ў спробах абмежаваць канстытуцыйныя правы і свабоды амэрыканскіх грамадзянаў.
Што трэба ведаць пра новы каранавірус, які выклікае COVID-19
- Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
- Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
- Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
- Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.
- Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
- Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг.
Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус
Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ