Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Зяленскі адрэагаваў на пажары ў чарнобыльскай зоне: «Грамадзтва павінна ведаць праўду»


Пажар ля чарнобыльскай зоне, від з даху АЭС, 10 красавіка
Пажар ля чарнобыльскай зоне, від з даху АЭС, 10 красавіка

Прэзыдэнт Украіны Уладзімір Зяленскі ўважліва сочыць за сытуацыяй у чарнобыльскай зоне, дзе бушуюць пажары з прычыны вельмі сухога надвор'я. Пра гэта ён напісаў увечары 13 красавіка на сваёй старонцы ў Facebook.

«Я ведаю, што пажарныя робяць усё магчымае. Я ўдзячны ім за мужнасьць», — напісаў Уладзімір Зяленскі.

14 красавіка ўкраінскі лідэр мае намер пачуць інфармацыю ад кіраўніка Дзяржаўнай службы надзвычайных сытуацыях.

«Высновы не прымусяць сябе чакаць. Грамадзтва павінна ведаць праўду і быць у бясьпецы», — падкрэсьліў прэзыдэнт Украіны.

Начальнік службы радыяцыйнага маніторынгу Белгідрамэту Міхаіл Каваленка заявіў БелаПАН, што лясныя пажары ў чарнобыльскай зоне на тэрыторыі Украіны, Гомельскай і Берасьцейскай абласьцей не паўплывалі на стабільны радыяцыйны фон у Беларусі.

Як адзначыў кіраўнік службы, акрамя стацыянарных пунктаў у зоне ўзьдзеяньня Чарнобыльскай і Ровенскай АЭС ёсьць аўтаматызаваныя пункты кантролю за радыяцыйнай абстаноўкай, якія праводзяць штохвілінныя вымярэньні магутнасьці гама-выпраменьваньня, і кожныя 10 хвілін гэтыя зьвесткі атрымлівае Белгідрамэт.

«Ні дадзеныя са стацыянарных пунктаў, ні дадзеныя з аўтаматызаваных пунктаў перавышэньне дозы над шматгадовымі велічынямі не фіксуюць», — падкрэсьліў Каваленка.

«У нас ёсьць досьвед 2015 году, калі гарэлі лясы ў раёне Чарнобыльскай станцыі, на тэрыторыях са значнай шчыльнасьцю забруджваньня подсьцілу і драўніны. Мы фіксавалі павелічэньне над фонавым да 10 разоў. Але ўсё роўна гэтае павелічэньне фактычна ў 10 тысяч разоў меншае за ўзровень рэагаваньня, — адзначыў кіраўнік беларускай службы радыяцыйнага маніторынгу. — Тут спрацоўвае і вялікая адлегласьць да мяжы, буйныя часьцінкі асядаюць у зоне гарэньня, і асноўная маса радыенуклідаў застаецца ў месцы пажару. Другасны перанос нязначны і на адлегласьці 10 км ён сыходзіць на нуль. Чым далей асяродак, тым больш адбываецца перамешваньне з атмасфэрай і асяданьне часьцінак».

Намесьнік міністра ўнутраных спраў Украіны Антон Герашчанка на сваёй старонцы ў Facebook выключыў небясьпеку лясных пажараў для сховішчаў ядзерных адкідаў у зоне адчужэньня. Ён заклікаў «не перепошчваць фэйкі, няпраўду і адкрытую лухту».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG