На раніцу 9 красавіка ў сьвеце зафіксавалі каля 1,52 мільёна выпадкаў COVID-19: 435 тысяч у ЗША, 148 тысяч у Гішпаніі, больш за 139 тысяч у Італіі, па 113 тысяч у Францыі і Нямеччыне, звыш 82 тысяч у Кітаі, больш за 64 тысячы ў Іране, больш за 60 тысяч у Вялікай Брытаніі, звыш 38 тысяч у Турэччыне, больш як па 23 тысячы ў Швайцарыі і Бэльгіі.
Ад хваробаў, якія выклікаў новы каранавірус, у сьвеце памерлі 88 505 чалавек. Зь іх 17 669 у Італіі, 14 795 у ЗША, 14 792 у Гішпаніі, 10 869 у Францыі, 7 097 у Вялікай Брытаніі, 3 993 у Іране, 3 339 у Кітаі.
Выпісалі 330 тысяч пацыентаў, якіх вылекавалі ад COVID-19. «Актыўных выпадкаў» хваробы застаецца больш за 1,099 млн, зь іх больш за 48 тысяч у цяжкім стане.
У Беларусі, паводле афіцыйных зьвестак на 8 красавіка, пацьверджаныя 1066 выпадкаў COVID-19, памерлі 13 чалавек, выпісаныя здаровымі 77 пацыентаў. Лекары ананімна заяўляюць, што ня ўсім хворым ставяць адпаведны дыягназ.
У ЗША распаўсюд вірусу працягваецца, але колькасьць новых зафіксаваных выпадкаў на дзень перастала расьці паскоранымі тэмпамі (максымум выпадкаў на дзень было 4 красавіка). Ды колькасьць сьмерцяў на дзень працягвае павялічвацца — 7 і 8 красавіка ў Штатах памерлі па больш як 1900 хворых на каранавірус. Хуткасьць таго, як стан пацыентаў пагаршаецца і як вірус даводзіць да сьмерці, шакуе дактароў у Нью-Ёрку, піша Reuters.
ЗША ўжо абагналі Гішпанію паводле агульнай колькасьці сьмерцяў і, калі цяперашнія тэмпы захаваюцца, празь некалькі дзён абгоняць Італію і выйдуць на першае месца ў колькасьці ахвяраў COVID-19.
У Італіі ж працягвае расьці колькасьць «актыўных выпадкаў» хваробы, але паступова спадае колькасьць новых выпадкаў і новых сьмерцяў за дзень. За 8 красавіка там зафіксавалі 3836 новых выпадкаў, 542 новыя сьмерці, 2099 новых выпісаных пацыентаў.
Колькасьць штодзённых новых выпадкаў і новых сьмерцяў стабілізавалася або спадае таксама ў Гішпаніі і Іране, новых выпадкаў (але не штодзённых сьмерцяў) — у Нямеччыне. Пастаянны паскораны рост колькасьці хворых цяпер назіраецца ў Турэччыне, якая выйшла на 9-е месца ў сьвеце паводле агульнай колькасьці выпадкаў COVID-19.
Што трэба ведаць пра новы каранавірус з Кітаю
- Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
- Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
- Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
- Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.
- Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
- Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг.