25 сакавіка на Youtube-канале Беларускага прэс-цэнтру адбылася трансьляцыя з удзелам міністра аховы здароўя Беларусі Ўладзімера Караніка, начальніка ўпраўленьня вышэйшай адукацыі Міністэрства адукацыі Беларусі Сяргея Касьпяровіча і намесьніка галоўнага доктара Менскай інфэкцыйнай лякарні Алега Скрыпкі.
Студэнтам у Беларусі раздавалі адмысловыя запрашэньні глядзець гэты стрым і пісаць свае пытаньні. Але ў камэнтарах пад трансьляцыяй штосэкунду зьяўляецца некалькі паведамленьняў, не датычных тэмы.
Паводле Сяргея Касьпяровіча, Мінадукацыі ня лічыць мэтазгодным увядзеньне карантыну ў навучальных установах, бо «ўвесь комплекс прафіляктыкі і мінімізацыі кантактаў» ужо праведзены, таму ў карантыне «ня бачаць мэтазгоднасьці».
Міністар здароўя Ўладзімер Каранік адзначыў, што спроба дыстанцыйнага навучаньня ў БНТУ дала «не зусім пазытыўны досьвед», «каля 600 студэнтаў у той жа дзень паехалі па гарадах і вёсках», «паехалі да бабуляў і дзядуляў», а ў выніку «больш за сотню шпіталізавалі з прыкметамі рэсьпіраторнай інфэкцыі», а ў аднаго зь іх выявілі COVID-19. Па-за межамі Менску «будзе большы пэрыяд нявызначанасьці чаканьня матэрыялу» аналізаў на каранавірус.
Міністар здароўя дадаў, што цяпер не паведамляюць, у якіх гарадах і рэгіёнах выявілі новы каранавірус, бо, калі паведамлялі, СМІ і блогеры спрабавалі высьветліць, дзе інфікаваныя працавалі і якія робяцца захады, а гэтым «больш сеялі панічных настрояў, чым дапамагалі».
Расьсяляць студэнцкія інтэрнаты не плянуюць, але Каранік заклікаў абмежаваць «сяброўскія зборышчы, калі кубак пускаецца па коле, супольнае спажываньне кальяна», бо адзін з выпадкаў COVID-19 разьвіўся пасьля «вечарынкі ў інтэрнаце».
Каранік: эндарфін ад радасных спатканьняў зьмяншае рызыку заражэньня COVID-19
Паводле Караніка, «беларускі досьвед і практыка нашых калегаў» паказаў, што спатканьні і «больш шчыльныя стасункі» зь людзьмі выклікаюць выпрацоўку гармону радасьці эндарфіну, а гэта нібыта падвышае «імунны статус» арганізму і зьмяншае рызыку інфікаваньня.
«Я думаю, што вясна, спатканьні, станоўчыя эмоцыі пазытыўна адаб'юцца на агульным стане арганізму і падвысяць у тым ліку яго ўстойлівасьць да вірусных атак», — разважаў міністар здароўя.
Сусьветная арганізацыя здароўя і іншыя міжнародныя арганізацыі рэкамэндавалі ўстрымацца ад неабавязковых сустрэч.
Каранік дадаў, што нібыта і «на вуліцы або ў спартзалі заразіцца даволі складана». Адпаведна, урокі фізкультуры ў школах і ўнівэрсытэтах скасоўваць ня будуць. На думку Касьпяровіча, урокі фізкультуры «наадварот матывуюць арганізм быць здаравейшым і мацнейшым».
Міністэрства аховы здароўя Беларусі 25 сакавіка паведаміла ў сваім Telegram сьвежыя лічбы пра колькасьць выпадкаў COVID-19: 29 пацыентаў «выпісаныя або рыхтуюцца да выпіскі», яшчэ 57 «знаходзяцца пад кантролем мэдыкаў і на лячэньні». Яшчэ два выпадкі правяраюць дадаткова.
Учора статыстыкі не агучвалі. Два дні таму Мінздароўя паведамляла пра 81 выпадак COVID-19: 15 выпісаных здаровымі, 61 хворага або пад назіраньнем мэдыкаў. Наймаладзейшаму пацыенту было 2 гады. Тады Мінздароўя заклікала да «сацыяльнага дыстанцыяваньня», прасіла людзей старэйшага ўзросту заставацца па магчымасьці дома.
За два дні, паводле міністэрства, выявілі 5 новых выпадкаў, а здаровымі сталі лічыць 14 новых пацыентаў — хворых проста цяпер становіцца менш. Колькасьць «актыўных выпадкаў» цяпер расьце амаль па ўсім сьвеце, зьмяншаецца толькі ў Кітаі і Паўднёвай Карэі.
Паводле Мінздароўя, у Беларусі ўжо праведзена каля 23 тысяч тэстаў на COVID-19.
Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі >>
Што трэба ведаць пра новы каранавірус з Кітаю
- Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
- Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
- Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
- Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.
- Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
- Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг.