Дзяржаўны сакратар Злучаных Штатаў Майк Пампэо абвінаваціў Пэкін ва ўтойваньні важнай інфармацыі пра выбух захворваньня, што паставіла пад пагрозу «тысячы жыцьцяў» ва ўсім сьвеце.
Майк Пампэо ў інтэрвію радыёпраграме Washington Watch 24 сакавіка раскрытыкаваў тое, як Кітай спраўляецца з успышкай каранавірусу. Ён заявіў, што кіроўная ў КНР Камуністычная партыя па-ранейшаму ўтойвае ад сьвету інфармацыю, неабходную для прадухіленьня новых выпадкаў заражэньня, перадае «Голас Амэрыкі».
Дзяржаўны сакратар у чарговы раз заявіў, што марудлівасьць Пэкіну ў абмене інфармацыяй пра вірус стварыла рызыкі для людзей ва ўсім сьвеце, і сказаў, што гэта «сапраўды паставіла пад пагрозу тысячы жыцьцяў».
«Я занепакоены тым, што гэтае ўтойваньне, гэтая дэзынфармацыя, якой займаецца Камуністычная партыя Кітаю, усё яшчэ пазбаўляе сьвет неабходнай інфармацыі, каб мы маглі прадухіліць паўтарэньне новых выпадкаў», — дадаў Пампэо.
Паводле афіцыйных зьвестак ад Кітаю, цяпер там выявілі звыш 81,6 тысячы выпадкаў COVID-19, памерлі 3281 чалавек, але хворымі застаюцца менш за 4600 — астатніх выпісалі здаровымі. З пачатку сакавіка агульная колькасьць выпадкаў у Кітаі расьце вельмі павольна (менш за 200 за 24 дні, калі ня ўлічваць Ганконг), а колькасьць «актыўных выпадкаў» зьмяншаецца ад 18 лютага.
У ЗША ж працягваецца паскарэньне распаўсюду вірусу, за мінулы дзень выявілі 11 тысяч новых выпадкаў і 225 сьмерцяў ад COVID-19, за ўвесь час — 54,9 тысячы выпадкаў і 782 сьмерці.
Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі >>
Што трэба ведаць пра новы каранавірус з Кітаю
- Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
- Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
- Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
- Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.
- Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
- Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг.