Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Калі б вы цяпер трапілі ў Кітай, вы б селі на падлогу і заплакалі». Беларус апавядае пра свой карантын у Пэкіне


Берасьцеец Павал ужо два гады жыве ў Кітаі. Некалькі дзён таму ён прыляцеў у Пэкін з падарожжа, каб вярнуцца да працы. Яго адразу ж зьмясьцілі ў 14-дзённы карантын. І ён кажа, што рады гэтаму, і хваліць кітайцаў за хуткасьць і арганізаванасьць.

Пра ўсё, што адбываецца вакол, Павал апавядае і здымае відэа ў сваім інстаграме. Ён падзяліўся ўражаньнямі з Радыё Свабода.

«Нейкі апакаліпсіс»

Апошнімі месяцамі Павал падарожнічаў па Азіі. У Кітай вяртаўся з Балі.

«Кампанія, зь якой я вяду бізнэс, папрасіла мяне вярнуцца, бо вытворчасьць мусіла аднавіць працу, — апавядае хлопец. —
Я прыляцеў у Пэкін і трапіў адразу пад жорсткі кантроль. Я, вядома, чытаў пра карантын, але не чакаў, як гэта ўсё выглядае. Нейкі апакаліпсіс».

Павал кажа, што па прылёце іх дзьве гадзіны пратрымалі ў самалёце. Была ноч, вытрымаць было няпроста. Пасьля праз адмысловы калідор вывелі да будынку аэрапорта і адвезьлі ў вялізны Кітайскі выставачны цэнтар. Там усіх, хто прыляцеў, разьмяркоўвалі на месцы, дзе трэба прабыць у карантыне.

«Калі б вы першы раз сёньня трапілі ў Кітай, вы б селі на падлогу і заплакалі. Холадна вельмі, кітайцы вельмі кепска гавораць па-ангельску, і ты не разумееш, што адбываецца, — проста чакаеш загадаў ад людзей у белых халатах», — кажа Павал. — І паўсюль кантроль тэмпэратуры. Яе мераюць вельмі шмат разоў».

Праўда, для самога Паўла псыхалягічна гэта ўжо ня так цяжка, бо за два гады ён прывучыўся ставіцца да такіх парадкаў спакойна.

Паўла разьмеркавалі адбываць карантын у вялізным гатэльным комплексе. Два тыдні жыхарства там каштуюць каля тысячы даляраў. Плаціць за гэта трэба самім. Частку сумы Паўлу пакрывае ягоная кампанія, якой ён удзячны. Яны зь сяброўкай, кажа хлопец, спрабавалі знайсьці таньнейшы гатэль, але цэны паўсюль аднолькавыя.

А што рабіць тым, у каго няма такіх грошай?

«Я дакладна ня ведаю, — адказвае Павал. — Мяркую, альбо іх адпраўляюць назад у месца, адкуль прыляцелі, альбо можна пазваніць у амбасаду сваёй краіны і папрасіць дапамогі».

«Я чарговы раз пераконваюся, якія кітайцы арганізаваныя і хуткія»

На выгляд Паўлаў пакой — звычайны гатэльны нумар. Значную частку свайго часу Павал адказвае на пытаньні сваіх сяброў, знаёмых і падпісчыкаў. Цікава, што многія пытаюцца, ці варта цяпер ляцець у Кітай.

«У нас трохразовае харчаваньне, дастаўку замаўляць нельга. — апавядае Павал пра лад жыцьця ў карантыне. — Перад дзьвярыма пакою стаіць крэсла, на яго ставяць ежу. Тэмпэратуру мы абавязаныя мераць самі двойчы на дзень, і яшчэ раз на дзень прыходзіць доктар».

Падчас карантыну з пакою выходзіць нельга. Вымушаныя «кліенты» гатэлю ўтварылі чат. Цяпер, кажа Павал, там 65 чалавек. Там яны дзеляцца сваімі праблемамі. У першыя дні пабытовых праблемаў хапала, Павал тлумачыць гэта вялікім наплывам людзей у карантыне.

«Вось у хлопца з Францыі, які ставіць нумары ў Пэкінскай школе балету, круты танцор, у яго разьбіўся градусьнік. Ён маліў, каб у яго прыбралі ртуць, але яму ніхто не дапамагаў, — апавядае Павал. У ягонай сяброўкі ў нумары паламаўся ўнітаз, і яго таксама не рамантавалі.

«У мяне ў нумары стаіць 20 пляшак вады. Я ўжо разумею, што мне трэба будзе замовіць новую ваду, калі пляшак застанецца 10, бо калі замовіць пазьней, я магу застацца зусім без вады», — апісвае свой побыт Павал.

Але празь некалькі дзён сытуацыя значна палепшылася, і праблемы вырашыліся.

«Чарговы раз пераконваюся, якія кітайцы арганізаваныя і хуткія, — апісвае Павал. — Цяпер на любыя нашыя просьбы рэагуюць хутка. Напэўна, таму час карантыну ідзе максымальна гладка, і няма адчуваньня, што мы замкнёныя, хаця фактычна гэта так».

Павал кажа, што рады знаходзіцца тут.

«Адчуваю сябе хоць і маленькай, але часткай вялікага войска барацьбы зь вірусам, — тлумачыць ён. — Многія мае кітайскія сябры ўсьцешыліся майму прыезду і чакаюць сустрэчы. А я адсюль усім сваім сябрам і сваякам даю парады, як заставацца здаровымі. Цяпер гэта так важна».

«Наймацнейшая хваля вірусу яшчэ не накрыла Эўропу»

Павал лічыць, што Кітаю ўдалося спыніць эпідэмію дзякуючы вельмі жорсткім захадам.

«Эпідэмія пачалася, калі я толькі пачынаў падарожнічаць. Я сядзеў у Віетнаме ў нумары, калі ва Ўхані было 200 чалавек [хворых], і я ня вельмі перажываў. А цяпер я бачу, што адбываецца ў Эўропе, у Кітаі, і разумею, што калі не прадпрымаць меры, то ўсё будзе вельмі кепска», — кажа ён.

Павал тлумачыць, чаму Кітаю ўдалося спыніць эпідэмію. Найперш — гэта жорсткі карантын, нават паміж асобнымі дамамі. Каб трапіць у публічныя месцы, трэба мець адмысловы пропуск, які сьведчыць, што ты прайшоў карантын. Такі ж пропуск Павал спадзяецца атрымаць і сам, калі ягоны карантын скончыцца.

«Дзейнічае толькі дастаўка прадуктаў, — апавядае Павал пра тое, што адбываецца ў Пэкіне. — Усе крамы і рынкі закрытыя. Сыстэма дастаўкі вельмі хуткая, часта бясплатная. Дастаўку робяць да шлягбаўму, а ад шлягбаўму ўжо іншы чалавек прыносіць у кватэру».

Таксама паўсюль стаяць санітайзэры, кожныя дзьве гадзіны дэзынфікуюць вуліцы, парэнчы ды іншыя агульнадаступныя месцы, — апісвае Павал.

Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі >>

Праз эпідэмію ўжо збанкрутавалі многія кітайскія кампаніі. Асабліва гэта відаць па закрытых кавярнях і рэстаранах.

Бацькі клікалі яго вярнуцца ў Берасьце, але квіткі цяпер каштуюць каля 2000 даляраў, таму ён выбраў — паляцець у Кітай і не баяцца вірусу.

«Тое, што ўсе краіны вакол закрыліся, а Беларусь — не, гэта вельмі кепска. Тут усе пагаджаюцца ў думцы, што наймацнейшая хваля вірусу яшчэ не накрыла Эўропу і краіны СНД. Людзі яшчэ толькі пачалі захворваць, — кажа Павал. — Я паўсюль хадзіў у масцы і даю сваім бацькам і сябрам сурёзныя інструкцыі. Прынамсі трэба насіць маску і мыць рукі».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG