Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Каранавірус: у менскім мэтро плянуюць усталяваць цеплавізары


Касіркі менскага мэтро пачалі працаваць у пальчатках
Касіркі менскага мэтро пачалі працаваць у пальчатках

У Менскім мэтрапалітэне прапрацоўваюць пытаньне аб усталяваньні на станцыях цеплавізараў для замеру тэмпэратуры ў пасажыраў з прычыны пандэміі каранавірусу.

Пра гэта карэспандэнту Свабоды паведаміў намесьнік дырэктара эксплюатацыі мэтрапалітэну Вадзім Палішчук.

«Пакуль мы гэтае пытаньне прапрацоўваем, — сказаў ён. — Калі для гэтага будзе тэхнічная магчымасьць, будзем усталёўваць. Але пакуль гэта ў працы.

Тут жа яшчэ іншыя пытаньні. Мы паставім цеплавізары, у некага будзе павышаная тэмпература, ён мо перахваляваўся. Што далей рабіць з гэтым чалавекам? Мы ня маем права яго не пусьціць у мэтро. Хто яго будзе затрымліваць і накіроўваць у мэдустанову?

У нас на гэта як бы няма права. Таму тут ня толькі тэхнічнае пытаньне, але і юрыдычнае».

Раней пра разьмяшчэньне на станцыях мэтро цеплавізараў выказаўся намесьнік старшыні Менгарвыканкаму Аляксандар Дараховіч. Ён лічыць, што трэба заўсёды «быць гатовымі да любых надзвычайных сытуацый».

«Калі сёньня гэта трэба і прынясе пэўны плён, трэба прапрацаваць пытаньне разьмяшчэньня на станцыях цеплавізараў і іншых прыбораў, якія дапамагаюць пазьбегнуць распаўсюджваньня інфэкцый», — цытуе Minsknews.by Дараховіча.

Цяпер у мэтро праводзіцца дэзынфэкцыя рухомага саставу і пасажырских зонаў на станцыях і касаў.

«Выдалі касірам гумовыя пальчаткі, каб іх засьцерагчы, і сродкі дэзынфэкцыі. Таксама будзем ставіць такія сродкі на саміх станцыях. Узмацнілі кантроль за санапрацоўкай станцый і рухомага саставу», — сказаў Палішчук.

Таксама ў менскім мэтро на гадзіну павялічылі (да 10 гадзін) 2-хвілінны ранішні інтэрвал паміж цягнікамі у час пік, каб «разводзіць патокі пасажыраў: студэнтаў і рабочых».

Што да магчымага закрыцьця мэтро на карантын праз каранавірус, то ў кіраўніцтве мэтрапалітэну сказалі, што гэта «ня ў іхнай кампэтэнцыі».

З-за эпідэміі каранавірусу мэтро закрылі ў Кіеве, а ў маскоўскім мэтро пачалі вымяраць тэмэпратуру пасажыраў цеплавізарамі.

Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі >>

Што трэба ведаць пра новы каранавірус з Кітаю

  • Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
  • Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
  • Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
  • Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.

  • Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
  • Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг. ​

Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус

Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG