У ЗША сьвятары праводзяць сваіх вернікаў у апошні шлях праз тэлефон. У Італіі ксёндз правіць імшу, паставіўшы на лаўкі фатаздымкі парафіян. У маскоўскіх і пецярбурскіх касьцёлах скасавалі нядзельныя імшы — да 9 красавіка.
Паводле вучэньня Каталіцкага касьцёлу, вернікі (апроч хворых) абавязаныя прысутнічаць на нядзельнай Імшы, прыступаць да споведзі — асабліва ў часе Вялікага посту.
Што зьмяніў у векавых традыцыях Касьцёлу новы вірус?
- На час пандэміі скасаваны абавязак абавязковага ўдзелу ў нядзельнай імшы. Службы правяць сьвятары, вернікам прапаноўваюць далучыцца да іх у онлайне.
- Камунію (прычасьце) вернікі прымаюць цяпер не на вусны, а на рукі
- У касьцёлах раяць захоўваць дыстанцыю 2 мэтры
- Чашы на ўваходзе ў касьцёл — безь сьвятой вады, якой раней вернікі акрапляліся. Цяпер валянтэры прапануюць вернікам дэзынфэкцыйныя сродкі
- На час Вялікага посту ў беларускіх касьцёлах скасавалі «духоўныя практыкаваньні» і чуваньне моладзі. Гэтыя формы рэлігійных практык пераходзяць у онлайн
- Іншую форму набыло «прывітаньне міру» — калі вернікі яднаюцца праз поціск рукі. Цяпер дастаткова і неабходна схіліць адзін перад адным галаву
- Спавядальніцы абсталявалі «абарончымі сродкамі» (напрыклад, плёнкай), якія абараняюць ад перадачы інфэкцыі паветрана-кропельным шляхам
- Вернікі на імшы знаходзяцца ў масках
- Папа Францішак дазволіў вернікам, якія ня могуць прыступіць да споведзі, даверыцца Божай міласэрнасьці праз шкадаваньне аб грахах, просьбу аб прабачэньні, рашэньне паспавядацца пры магчымасьці. Гэта вядзе да адпушчэньня нават сьмяротных грахоў
- Ватыкан заявіў пра поўны адпуст (дараваньне перад Богам часовай кары за грахі, віна за якія ўжо прабачана), які могуць атрымаць хворыя на каранавірус, тыя, хто ім аказвае дапамогу, і ўсе вернікі сьвету, якія моляцца за іх
«Дарагія браты і сёстры! Сьвятая імша не скасоўваецца, храмы не закрываюцца! Сьвятары будуць служыць імшы прыватна. Гэтыя імшы адпраўляюцца дзеля дабра народу, і вы павінны ведаць і разумець гэта», — зьвярнуўся да расейскіх каталікоў арцыбіскуп Паолё Пэццы.
Беларускія біскупы раяць «не паддавацца паніцы, якая ня ёсьц добрым дарадчыкам, але, як належыць людзям веры, даверыцца Міласэрнаму Богу, а таксама лекарам, якія зьяўляюцца інструмэнтамі ў Божых руках, і адказным за захаваньне грамадзкага парадку».