Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Хачу працаваць дыстанцыйна». Што будзе з працоўным графікам, заробкам і выходнымі, калі ад каранавірусу схавацца дома


Фота ©Shutterstock
Фота ©Shutterstock

У сувязі з пагаршэньнем сытуацыі з каранавірусам у Беларусі ўсё больш людзей працуюць з хаты ці плянуюць перайсьці на дыстанцыйную форму працы, каб засьцерагчы сябе, сваіх дзяцей і старэйшых сваякоў. Але ці ёсьць для гэтага прававая база? Ці захаваюць работнікі пры дыстанцыйнай працы былыя заробкі, выходныя і працоўны стаж?

Свабодзе адказаў на гэтыя пытаньні прававы інспэктар працы незалежнага прафсаюзу РЭП Леанід Судаленка. З дапамогай юрыста мы разгледзелі 4 сытуацыі.

1.Работнік хоча перайсьці на працу з дома. Што яму зрабіць?

Леанід Судаленка для ўсіх грамадзянаў Беларусі, якія працуюць па найме, мае добрую навіну. Юрыст нагадаў, што 28 студзеня 2020 году ўступіла ў дзеяньне новая рэдакцыя Працоўнага кодэксу Беларусі, у якім упершыню ўведзены разьдзел аб дыстанцыйнай працы.

«Прававая база цяпер ёсьць. Але гэта азначае, што мала жаданьня работніка, патрэбна і згода наймальніка ды ўмовы, пры якіх магчымая дыстанцыйная праца», — зазначае Леанід Судаленка.

Юрыст прыводзіць просты прыклад: работнік, які закручвае гайкі на канвэеры, наўрад ці зможа працаваць дыстанцыйна, і з такой просьбай да працадаўцы ня варта і зьвяртацца. А вось бухгальтар ці мэнэджар продажаў, хутчэй за ўсё, адмовы не сустрэне. Тым, хто можа разьлічваць на згоду працадаўцы на перавод на дыстанцыйную працу, юрыст Судаленка раіць наступнае:

  • зьвярнуцца з заявай да наймальніка аб пераводзе на дыстанцыйную форму працы ў «сувязі з сытуацыяй з каранавірусам». Можна напісаць, што сям’я прыняла такое рашэньне, прашу на такі і такі тэрмін дазволіць мне працаваць дыстанцыйна«;
  • спаслацца на 25-1 артыкул Працоўнага кодэксу, які дазваляе такую працу і гарантуе работніку захаваньне ўсіх ягоных правоў. У тым ліку ён ня страчвае заробку і працоўнага стажу, а ў выпадку хваробы будзе мець аплочаны бальнічны ліст;
  • заключыць з працадаўцам дадатковую дамову да асноўнай працоўнай дамовы, у якой будзе агаворана і тое, паводле якога графіку работнік будзе працаваць і як даваць справаздачу за выкананую працу;
  • пракантраляваць, каб у дадатковую дамову былі ўнесеныя нормы пра тое, што за работнікам захоўваюцца сацыяльныя гарантыі, прапісаныя ў Працоўным кодэксе і ў калектыўнай дамове. «Гэта вельмі важна, бо шмат на якіх прадпрыемствах і арганізацыях дзейнічаюць калектыўныя дамовы, якія значна пашыраюць сацыяльныя гарантыі працаўнікоў. Каб іх ня страціць, гэта трэба дадаткова прапісаць», — раіць Леанід Судаленка.

А што будзе, калі перад пераходам на дыстанцыйную працу не заключыць дадатковай дамовы? Хіба нельга проста дамовіцца з працадаўцам на словах?

Юрыст Судаленка раіць усё ж не спадзявацца толькі на добрыя стасункі з працадаўцам.

«Мой досьвед паказвае, што ад працоўнага канфлікту ніхто не застрахаваны, тым больш калі абодва бакі апынаюцца ў новых умовах. І што потым вы будзеце казаць у судзе, калі, прыкладам, вас звольняць нібыта за прагулы? Што даверыліся словам? Таму лепш пісьмовая дамова».

2. Работнік аказаўся на карантыне не па сваёй волі. Дапусьцім, яго ізалявалі ў спэцыяльнай ўстанове ці дома праз падазрэньне ў захворваньні. Чалавеку трэба плаціць за жыльлё, несьці іншыя грашовыя страты, але на працы яму могуць сказаць, што ня мы цябе ізалявалі і таму ня будзем плаціць за нязробленую працу. Як быць?

Леанід Судаленка прызнаў, што да такой надзвычайнай сытуацыі ў яго як юрыста пэўных парадаў пакуль няма, бо прававая база для гэтага яшчэ не распрацаваная.

«Калі чалавек захварэе, яму дадуць бюлетэнь і паводле яго аплацяць непрацоўныя дні, але калі падазрэньні на хваробу не пацьвердзяцца, дык ніякая мэдыцынская ўстанова бюлетэню ня выдасьць. Безумоўна, пакідаць чалавека без аплаты за гэты час — нонсэнс, і працадаўца мусіць гэта разумець. Але што рабіць, калі працадаўца адмовіцца плаціць грошы? Вось для гэтага і патрэбна, каб у краіне быў абвешчаны карантын, то бок надзвычайная сытуацыя, якая стварае юрыдычныя падставы для вырашэньня падобных канфліктаў», — мяркуе Леанід Судаленка. Юрыст лічыць, што патрабаваць ад ураду абвяшчэньня карантыну мусяць і прафэсійныя саюзы.

«Афіцыйныя прафсаюзы, якія кажуць, што ў іх у сябрах 4,5 мільёна чалавек, ня мусяць спаць у шапку, а ўжо сёньня патрабаваць, каб прынялі тэрміновыя захады для абароны людзей, якія працуюць па найме і трапілі ў такія складаныя ўмовы», — кажа Леанід Судаленка. На думку яго, урадавы ўказ аб увядзеньні карантыну мусіў зьявіцца «яшчэ ўчора».

Радыё Свабода ўдакладняе ў Міністэрстве працы і сацыяльнай абароны і ў Міністэрстве аховы здароўя, якія дакумэнты дадуць работнікам, якія апынуліся ў прымусовым карантыне.

3. Бацькі ці адзін з бацькоў, калі сям’я няпоўная, баяцца адпускаць дзіця ў школу, каб там яно не падхапіла каранавірус. Зь дзіцем трэба застацца дома, але працадаўца не адпускае. Што рабіць?

Тут Леанід Судаленка бачыць неабходнасьць вырашаць адразу дзьве праблемы: з адміністрацыяй школы і працадаўцам. Дамовіцца са школай на часовую адсутнасьць дзіцяці на занятках, на думку юрыста, прасьцей.

«Вядома, у школе вам скажуць, што, паколькі карантын не абвешчаны, школа не закрываецца і трэба хадзіць на заняткі. Але вы маеце права напісаць заяву аб адсутнасьці з прычыны сямейных абставінаў. Указвайце столькі дзён, на колькі дамовіцеся», — раіць юрыст.

Вырашыць праблему з працай Леанід Судаленка раіць альбо пераходам на дыстанцыйную, альбо браць штогадовы адпачынак ці хаця б водпуск за свой кошт.

«У вас ёсьць магчымасьцьтак пратрымацца дома два тыдні, а то і месяц. Выйграць час — гэта цяпер вельмі важна», — мяркуе юрыст. Таксама Леанід Судаленка лічыць, што найлепшым выйсьцем у такіх умовах было б абвяшчэньне карантыну ва ўсіх школах і навучальных установах.

«Тэрмінова, хоць з заўтрашняга дня, трэба абвяшчаць у школах веснавыя канікулы», — лічыць Леанід Судаленка.

4. Апошняя з прапанаваных сытуацый тычыцца студэнтаў ВНУ. У Беларусі карантын у вышэйшых навучальных установах, як і ў сярэдніх школах, не абвешчаны, хаця ў некаторых ВНУ, як у Беларускім дзяржаўным унівэрсытэце, увялі абмежаваньні на лекцыйныя заняткі. Але многія студэнты ад боязі падхапіць каранавірус прапускаюць заняткі. Як ім быць, каб потым ня мець непрыемнасьцяў?

Леанід Судаленка зазначае, што адлічыць з ВНУ за пропускі заняткаў ня могуць, бо закон дазваляе гэта зрабіць толькі за акадэмічную запазычанасьць.

«Гэтага ня варта баяцца, але варта ўсё ж сябе падстрахаваць», — лічыць юрыст. Ён раіць падаваць у дэканаты заявы аб тым, каб дазволілі часова не наведваць заняткі.

«Параіў бы шчыра пазначаць прычыну. Напрыклад, сям’я вырашыла пабыць у сямейным карантыне і вы будзеце заставацца дома, але працягваць вучыцца там. „Прашу дазволіць мне часова не наведваць заняткі“, — думаю, такая форма заявы можа быць. Зразумела, у дэканаце могуць увогуле „завярнуць“ студэнта з такой заявай. Але на гэты выпадак магу параіць карыстацца электроннай поштай», — сказаў юрыст Леанід Судаленка.

Што трэба ведаць пра новы каранавірус COVID-19

  • Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
  • Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
  • Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
  • Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.

  • Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
  • Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг. ​

Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус

Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG