Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Каму наканавана — той памрэ». Як у Гомлі рэагуюць на каранавірус


Антысэптык на гомельскім вакзале
Антысэптык на гомельскім вакзале

10 сакавіка 20-гадовага гомельскага спартоўца шпіталізавалі з каранавірусам. Інфэкцыю ён прывёз са спаборніцтваў у акрабатыцы з Партугаліі. Пад карантын трапілі 12 спартоўцаў і трэнэраў. 12 сакавіка Свабода праверыла, як паўмільённы абласны цэнтар адрэагаваў на першы выпадак каранавірусу.

«Тая самая школа»: праходзяць спаборніцтвы

Спартоўцы, якія трапілі пад карантын, займаюцца ў спэцыялізаванай дзіцяча-юнацкай спартыўнай школе № 4. Школа падрыхтавала сотні майстроў спорту, у тым ліку міжнароднай клясы, у спартыўнай акрабатыцы, мастацкай гімнастыцы, скоках на батуце. Цяпер тут займаюцца больш за 700 дзяцей.

Школу не закрывалі на карантын. У адміністрацыі кажуць, што няма падставаў. Сёньня тут праходзіць спартакіяда. Спаборніцтвы працягнуцца цэлы дзень.

Макарона і тушонка чакаюць пакупнікоў

У найбуйнейшай гомельскай краме «Еўраопт» на вуліцы Хатаевіча ў час абеду не назіраецца наплыву пакупнікоў. Паліцы дэманструюць гатоўнасьць да падвышанага попыту на стратэгічныя тавары: крупы, макарону, тушонку.

Не гоняцца пакупнікі пакуль і за туалетнай паперай.

Каля касаў адміністрацыя крамы зьмясьціла сродкі дэзынфэкцыі для сваіх супрацоўнікаў. Наведнікам прапануюць апрацаваць рукі ў прыбіральні — вадкім мылам.

У адміністрацыі ўнівэрмагу «Гомель» паведамілі, што сродкаў дэзынфэкцыі ў гандлёвай залі не разьмяшчалі — у прыбіральні ёсьць вадкае мыла. Касіркам раздалі вільготныя антыбактэрыяльныя сурвэткі.

Шпіталі забаранілі ці абмежавалі наведваньні

У інфэкцыйным шпіталі, куды звозяць людзей з падазрэньнем на каранавірус, цалкам забаранілі наведваньні. Перадачы прымаюць праз супрацоўнікаў шпіталю.

У Гомельскім абласным клінічным шпіталі з 10 сакавіка ўвялі «палегчаны карантын»: мэдыкі абавязаныя хадзіць у масках. Наведваньні ў палатах забаронены, апроч цяжкіх і ляжачых хворых. Для гэтага трэба мець пропуск.

Частка мэдыкаў ходзяць у аднаразовых масках, частка — у самаробных з марлі.

«Масак бракуе, малодшы мэдычны пэрсанал сам шые маскі з марлі», — кажуць у шпіталі.

У шпітальнай аптэцы прадаюць марлевыя маскі вытворчасьці Жлобінскай швейнай фабрыкі: кавалак марлі, дзьве прышытыя гумкі. Цана — 1,40 рубля.

У аптэках у продажы ёсьць і маскі, і сродкі для дэзынфэкцыі. Праўда, не ўва ўсіх.

На вуліцах Гомля няма вонкавых прыкметаў панікі — за тры гадзіны, праведзеныя ў горадзе, карэспандэнт Свабоды не сустрэў ніводнага чалавека ў масцы.

«Я праводжу ўнутраную дэзынфэкцыю — гарэлкай»

Таксіст Сяргей гучна сьмяецца, пачуўшы пытаньні пра каранавірус.

«Я пасьля зьмены праводжу дэзынфэкцыю гарэлкай. Часам зь перцам, часам закусваю. Кліентаў не баюся, ніяк не засьцерагаюся. Лічу, што каму наканавана памерці ад каранавірусу — памрэ. Каму наканавана ўтапіцца — утопіцца», — разважае таксіст. Ён пакуль не вазіў іншаземцаў. Але калі такі выклік будзе — не адмовіцца.

У «МакДональдсе» 12 сакавіка наведнікаў традыцыйна шмат. З кактэйлямі і марозівам на сьвежым паветры сядзяць школьніцы з Мазыра.

«Мы прыехалі ў Гомель і не маглі не зайсьці ў „МакДональдс“. Каранавірусу не баімося. Рукі мыем. Зь незнаёмымі не абдымаемся і не набліжаемся да іх», — тлумачаць дзяўчаты.

Яны пытаюцца ў карэспандэнтаў «Панікаваць ці не?» і разважаюць: «Калі Чарнобыль выбухнуў, таксама ўлады заклікалі не панікаваць. А вось як яно ўсё выйшла. А можна было выратаваць людзей». Тэлевізар школьніцы не глядзяць, за навінамі пра каранавірус сочаць у інтэрнэце.

На гомельскім чыгуначным вакзале ў некалькіх месцах разьмясьцілі ня толькі сродкі дэзынфэкцыі, але і інструкцыі для правільнага карыстаньня імі.

У прыбіральні вакзалу наведнікам прапануюць скарыстаць «Сэптацыд».

Супрацоўніца прыбіральні дэманструе на сабе «супрацьзаразны» сродак
Супрацоўніца прыбіральні дэманструе на сабе «супрацьзаразны» сродак

Што трэба ведаць пра новы каранавірус COVID-19

  • Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
  • Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
  • Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
  • Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.

  • Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
  • Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг. ​

Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус

Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG