Дэпутат ад партыі «Единая Россия» Валянціна Церашкова прапанавала ўнесьці ў законапраект пра зьмены ў расейскую Канстытуцыю папраўку пра абнуленьне прэзыдэнцкіх тэрмінаў.
Паводле Церашковай, неабходна ці ўвогуле прыбраць абмежаваньні, ці, «калі гэтага запатрабуе сытуацыя і гэтага захочуць людзі, закласьці ў законе магчымасьць для дзейнага прэзыдэнта зноў абірацца на гэтую пасаду».
Сьпікер Дзяржаўнай думы Расеі Вячаслаў Валодзін заявіў, што гэтую прапанову трэба абмеркаваць зь лідэрамі думскіх фракцый, а таксама даведацца, што думае з гэтай нагоды прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін. Пасьля гэтага ў пасяджэньні абвясьцілі перапынак.
Кіраўнік фракцыі «Единая Россия» Сяргей Нявераў ужо заявіў пра гатоўнасьць падтрымаць папраўку. Фракцыя Камуністычнай партыі заявіла, што будзе супраць.
Дзейная рэдакцыя Канстытуцыі прадугледжвае забарона аднаму чалавеку займаць прэзыдэнцкае крэсла больш за два тэрміны запар. Уладзімір Пуцін у 2018 годзе быў абраны другі раз запар (чацвёрты — усяго), яго паўнамоцтвы павінны скончыцца ў 2024 годзе.