Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як Лукашэнку меркавалі зрабіць пераемнікам Ельцына


Аляксандар Лукашэнка і Барыс Ельцын, архіўнае фота
Аляксандар Лукашэнка і Барыс Ельцын, архіўнае фота

Падзеі, прагнозы, спадзяваньні, посьпехі і паразы 20 гадоў таму — як яны гучалі ў эфіры Радыё Свабода. Тыя, якія назаўсёды засталіся ў архіве гісторыі, і тыя, што вызначаюць нашае сёньня, а магчыма і заўтра — у рубрыцы «На Свабодзе 20 гадоў таму».

Два дзесяцігодзьдзі таму Лукашэнка быў як ніколі блізка да таго, каб зрабіцца поўнаўладным гаспадаром Крамля.

«Беларусь для мяне — пройдзены этап» — нібыта сказаў Лукашэнка ў вузкім коле адразу пасьля першай сваёй інаўгурацыі ў 94-м.

Праўда, мне не давялося пачуць пацьверджаньня менавіта гэтай фразы ад тых, хто быў альбо мог быць на тым фуршэце.

Але вось што распавядаў былы першы сакратар Магілёўскага абкаму і міністар сельскай гаспадаркі Васіль Лявонаў у інтэрвію Віталю Цыганкову: «Пасьля рэфэрэндуму 1995 года за двухмоўе і інтэграцыю з Расеяй... мяне паклікаў пагутарыць кіраўнік адміністрацыі Леанід Сініцын. І сэнс гутаркі быў такі: «у нас малады Аляксандар Рыгоравіч, у Маскве — стары і нямоглы Ельцын. Уступай у каманду, не патрэбны нам сувэрэнітэт, давай будзем працаваць на заваёву Крамля. Я адказаў, што ў гэтай авантуры ня ўдзельнічаю».

Ален адна справа — памкненьні Лукашэнкі і ягонага атачэньня, і зусім іншая — стаўленьне да падобных амбіцый з боку Крамля.

Інтэрвію, якое расейскі алігарх Барыс Беразоўскі («шэры кардынал Крамля», як называлі яго) даў карэспандэнтцы беларускай службы Радыё Свабода, сьведчыць, што на пэўным этапе такое стаўленьне было больш чым прыязным.

Тут варта зрабіць невялікі экскурс у расейскую палітыку канца 90-х.

У 1996-м у Расеі адбываліся прэзыдэнцкія выбары. Гэта былі сапраўдныя выбары, зусім не падобныя на тыя, якія будуць пры Пуціне. У студзені рэйтынг прэзыдэнта Ельцына складаў 1,5%, аднак фінансавая дапамога расейскіх алігархаў (найперш Беразоўскага і Гусінскага), якія цалкам справядліва баяліся перамогі лідэра камуністаў Зюганава, дапамагла Ельцыну атрымаць перамогу на выбарах. Пазыцыі алігархаў яшчэ больш узмацніліся. Неўзабаве пасьля гэтай надзвычай цяжкай кампаніі Ельцын апынуўся на апэрацыйным стале — яму зрабілі складаную апэрацыю на сэрцы. З гэтага часу ў «крамлёўскім» шпіталі расейскі прэзыдэнт праводзіў хіба што гэтулькі часу, колькі і ў Крамлі, перадаверыўшы кіраваньне краінай сваім памочнікам і міністрам.

Найбольш набліжанай да Ельцына публічнай асобай лічылася ягоная дачка Тацьцяна Дзьячэнка, якая займала пасаду памочніцы прэзыдэнта РФ. Яна, як і амаль ўсё атачэньне Ельцына, знаходзіліся пад немалым уплывам тых жа самых расейскіх алігархаў, ды і некаторыя ельцынскія палітыкі ўжо з пачатку 90-х ператвараліся ў алігархаў (напрыклад, сёньня былы міністар зьнешнеэканамічных сувязяў Пётар Авен, паводле Forbes, мае больш як 5 мільярдаў даляраў).

На трэці тэрмін Ельцын ісьці не зьбіраўся. Шукалі пераемніка.

Беразоўскі ў інтэрвію Свабодзе паведаміў, што ў якасьці пераемніка разглядаўся, прычым «вельмі сур’ёзна», і Лукашэнка.

Назваў Беразоўскі і варыянт, пры якім гэта было магчыма: аб’яднаньне Беларусі і Расеі ў адну дзяржаву (што дазволіла б Лукашэнку ўдзельнічаць у прэзыдэнцкіх выбарах, замацававаўшы за ім рэнамэ «зьбіральніка земляў расейскіх», і пры гэтым у вачах расейскага насельніцтва зь Ельцына была б часткова зьнятая «віна» за падпісаньне Белавескіх пагадненьняў).

Але, як зараз модна казаць — не зраслося. Чаму? — можна меркаваць з пазьнейшых інтэрвію тых, хто прымаў тады рашэньне. Былі дзьве прычыны — аб’ектыўная і суб’ектыўная.

Аб’ектыўна, аб’яднаньне двух дзяржаваў у адну, зьмена Канстытуцыі РФ — патрабавалі пэўнага часу, а яго не ставала. Расейскае грамадзтва было іншым, яно яшчэ дыхала паветрам свабоды. Ды і масавыя выступы супраць інтэграцыі, на якія БНФ выводзіў дзясяткі тысяч людзей, паказвалі, што і ў Беларусі ўсё можа пайсьці не па сцэнару.

Хаця мне падаецца, што калі б тады, у канцы 90-х, у Беларусі быў праведзены рэфэрэндум пра аб’яднаньне з Расеяй — ён бы даў станоўчы вынік. І ня толькі таму, што ўлада авалодала мэханізмам фальсыфікацый. Некалькі гадоў дзяржаўныя СМІ няспынна ўбівалі ў галовы, што, умоўна кажучы, чарка і швкарка — важнейшыя, чым сувэрэнітэт, што ніякай незалежнасьці ў 1991 годзе народ не жадаў, а проста паддаўся на хітрыкі нацыяналістаў, ну а распад СССР — гэта вялікае гора (як і «так званая дэмакратыя»). Дакладней, гэтак казаў Лукашэнка, а афіцыйная прапаганда за ім паўтарала.

Аднак і ў выпадку рэфэрэндуму існавала вялікая праблема: аб’яднаньне патрабавала адпаведных рашэньняў і з боку беларускага парлямэнту — а ў 1998-1999 непрызнаньне Захадам Палаты прадстаўнікоў было 100%, пра «міжпарлямэнцкія» кантакты парлямэнтамі дэмакратычных краінаў афіцыйны Менск мог толькі марыць (як паказвае сёньняшні дзень, часам мары, хаця і не адразу, але спраўджваюцца).

Такімі былі аб’ектыўныя фактары, якія ўзяла пад увагу Масква.

Ну а суб’ектыўна — адыгралі ролю некаторыя асабістыя якасьці Лукашэнкі і Пуціна, на карысьць апошняга.

Пуцін не выяўляў ніякіх палітычных амбіцый, ня ставіў пад сумнеў дэмакратычныя заваёвы Ельцына — гэта потым ён зьменіць гімн, ліквідую выбарнасьць рэгіянальнай улады, назаве распад СССР «геапалітычнай катастрофай».

Але ключавым фактарам, які схіліў выбар «сям’і» на карысьць Пуціна, было тое, што, зьяўляючыся ўжо кіраўніком ФСБ, ён арганізаваў вылет апальнага Анатоля Сабчака, арышт якога рыхтаваўся генэральнай пракуратурай. Пуцін быў асабіста абавязаны Сабчаку праходам ва ўладу — і пацьвердзіў удзячнасьць справай. Гэта тое, што ў палітыцы цэніцца асабліва. І «сям’я» слушна пралічыла: калі Пуцін рызыкнуў і ўратаваў Сабчака — ён ня здасьць і тых, каму абавязаны прэзыдэнцтвам (у дачыненьні да сям’і Ельцына разьлік апраўдаўся цалкам).

Гэта потым Пуцін выцесьніць Беразоўскага і Гусінскага з Расеі, пасадзіць за краты Хадаркоўскага — а ў 1999-м кіраўнік ФСБ Пуцін прывозіў на дзень народзінаў жонкі Беразоўскага букет ружаў і паводзіў сябе ціха і сьціпла.

Што ж датычна Лукашэнкі, дык ён сваю пазыцыю ў дачыненьні да падпісантаў Віскулёўскіх пагадненьняў выказваў пасьлядоўна і са шчырай бальшавіцкай праматой. Стаўленьне ж да тых, каму ён быў абавязаны перамогай у 1994-м, у 1999-м ужо выявілася напоўніцу.

Можна па-рознаму ацэньваць Ельцына, але самагубцам ён ня быў.

Магчыма, менавіта гэта і меў на ўвазе Беразоўскі, калі казаў Радыё Свабода, што Лукашэнка «не вытрымлівае параўнаньня» з Пуціным.

Беразоўскі: «Лукашэнка для Расеі — ня горшы варыянт»

Эфір 8 сакавіка 2000

Наш ню-ёрскі карэспандэнт Галіна Прыгара сустрэлася з дэпутатам Дзяржаўнае Думы Расеі Барысам Беразоўскім, якога фінансавыя аналітыкі лічаць самым заможным бізнэсмэнам гэтай краіны. Палітычныя назіральнікі адзначаюць, што і пасьля адстаўкі Ельцына Беразоўскі, у тым ліку і як уладальнік вядучых тэлеканалаў, істотным чынам уплывае на рашэньні расейскае палітычнае ды эканамічнае эліты. Прапануем ўрывак з гэтага інтэрвію, датычны Беларусі.

Галіна Прыгара і Барыс Беразоўскі, Нью-Ёрк, 1999 г.
Галіна Прыгара і Барыс Беразоўскі, Нью-Ёрк, 1999 г.

Прыгара: Спадар Беразоўскі, як Вы ставіцеся да размоваў пра тое, што Лукашэнка можа рэальна стаць Прэзыдэнтам Расеі?

Беразоўскі: Неверагодна, так? Хаця... Хаця. Зусім нядаўна гэта сапраўды вельмі сур’ёзна абмяркоўвалася, і ня толькі ў Беларусі. У Расеі гэта сур’ёзна абмяркоўвалася — ці можа Лукашэнка быць прэзыдэнтам Расеі, а больш дакладна — аб’яднанай дзяржавы. І на гэта былі зусім канкрэтныя прычыны, чаму гэта сур’ёзна абмяркоўвалася. Таму што былі толькі тыя кандыдаты, у шэрагу якіх Лукашэнка ня быў горшым.

Прыгара: Ня горшым для Расеі?

Беразоўскі: Ня горшым для Расеі, канешне. Найперш, для Расеі. На фоне Лужкова, Прымакова, Зюганава я не лічу, што Лукашэнка — гэта горшы варыянт. Не лічу. І вось калі Вас цікавіць маё меркаваньне, я лічу, што сапраўды, як прэзыдэнт Расеі Лукашэнка — лепшы, чым, напрыклад, Лужкоў. Лукашэнка лепшы, чым Прымакоў. Лукашэнка лепшы, чым Зюганаў. Паводле адной простай прычыны: ён больш сучасны. Пры ўсім, ён — больш сучасны. Хаця шмат хто, я ведаю, у Беларусі, у Расеі кажуць: «старшыня калгасу»...

Я вельмі шмат разоў сустракаўся з Лукашэнкам і магу сказаць, што Лукашэнка — сур’ёзны палітык. Так, па шмат якіх вымярэньнях я не падзяляю ягоны пункт гледжаньня. Але гэта — аб’ектыўная рэальнасьць. Ён сур’ёзны палітык і ня толькі на беларускай арэне. І на расейскай. Але! Але зноў жа, з майго пункту погляду, канешне, ён не вытрымлівае параўнаньня з сёньняшнім выканаўцам абавязкаў прэзыдэнта Расеі Пуціным.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG