Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як жонка беларускага экс-прэм’ера ўкусіла міліцыянта за вуха


Сьледчы ізалятар №1 ГУВД на вуліцы Валадарскага
Сьледчы ізалятар №1 ГУВД на вуліцы Валадарскага

Падзеі, прагнозы, спадзяваньні, посьпехі і паразы 20 гадоў таму — як яны гучалі ў эфіры Радыё Свабода. Тыя, якія назаўсёды засталіся ў архіве гісторыі, і тыя, што вызначаюць нашае сёньня, а магчыма і заўтра — у рубрыцы «На Свабодзе 20 гадоў таму».

У лютым 2000 году аднавіўся судовы працэс над Міхаілам Чыгіром, які займаў пасаду прэм’ер-міністра Беларусі зь ліпеня 1994 па лістапад 1996 году.

Гэта быў першы кіраўнік ураду, прызначаны Лукашэнкам адразу пасьля ягонай перамогі на выбарах — на месца, якое раней займаў Вячаслаў Кебіч.

Чыгіра абвінавацілі ў эканамічных злачынствах, аднак усім была відавочная сапраўдная прычына і судовага працэсу, і таго, што напярэдадні Чыгір правёў восем месяцаў за кратамі.

У лістападзе 1996 Чыгір падаў у адстаўку з пасады прэм’ер-міністра, выказваючы тым самым нязгоду з мэтадамі прэзыдэнта Лукашэнкі і арганізаваным ім рэфэрэндумам аб зьмене Канстытуцыі, які ппазьней ні апазыцыя, ні міжнародная супольнасьць не прызнаюць легітымным.

І паколькі дэ-юрэ працягвала дзейнічаць Канстытуцыя ў варыянце, прынятым Вярхоўным Саветам у сакавіку 1994, прэзыдэнцкія паўнамоцтвы Лукашэнкі скончваліся ў 1999-м. «Альтэрнатыўная» ЦВК на чале зь Віктарам Ганчаром прызначыла прэзыдэнцкія выбары, кандыдатамі былі Зянон Пазьняк і Міхаіл Чыгір.

Члены «ганчароўскай» ЦВК падвергліся перасьледу з боку пракуратуры і КДБ, а Чыгір быў арыштаваны і восем месяцаў правёў у СІЗА.

Паводле кнігі «Адзін дзень палітвязьня» (укладальніца Ганна Соўсь), якая выйшла ў Бібліятэцы Свабоды, пэрсанал сьледчага ізалятару тады адзначаў, што Чыгір — першы былы кіраўнік ураду, які пераступіў парог гэтай установы.

Але ён быў далёка ня першым і не адзіным беларускім прэм’ерам, які апынуўся за кратамі.

За больш чым паўстагодзьдзе да гэтага, у студзені 1939, быў арыштаваны НКВД старшыня Савету народных камісараў (так тады называўся ўрад) Афанасій Кавалёў.

Папярэднік Кавалёва, Даніла Валковіч, быў арыштаваны ў верасьні 1937-га і праз два месяцы расстраляны.

Папярэднік Валковіча на пасадзе старшыні СНК, Мікалай Галадзед, быў арыштаваны ў чэрвені 1937-га, але суровае пакараньне савецкагаа народа яго напаткаць не пасьпела: Галадзед выкінуўся з вакна будынка НКВД.

Папярэднік Галадзеда, Іосіф Адамовіч, апярэдзіў супрацоўнікаў НКВД і застрэліўся яшчэ да арышту, у красавіку 1937-га.

Папярэднік Адамовіча, Аляксандар Чарвякоў, выкінуўся з вакна (па афіцыйнай вэрсіі).Таксама ў 37-ым.

Гэта што тычыцца камуністычнай БССР. Жыцьцё ж кіраўнікоў Рады БНР і яе ўраду — Вацлава Ластоўскага, Антона Луцкевіча, Касуся Езавітава, Рамана Скірмунта, Івана Серады ды іншых скончылася ці з сутарэньнях НКВД, ці ў Курапатах, ці ў лягерах ГУЛАГу. А Рамана Скірмунта забілі ягоныя ж землякі, простыя сяляне, якім ён калісьці дапамагаў — народ выканаў свой прысуд без пасярэднікаў.

У 2000-м Чыгір быў самым высокапастаўленым, але не адзіным вязьням, судовыя працэсы над якімі мелі несумненна палітычную матывацыю.Так, адначасна з Чыгіром судзілі дэпутата Вярхоўнага Савету 13-га скліканьня Андрэя Клімава.

19 траўня 2000 году Чыгіру дадуць тры гады пазбаўленьня волі — з адтэрміноўкай на два гады. Сын Чыгіра правядзе за кратамі больш як тры гады — яго падазравалі ў крадзяжы аўтамабіля.

А жонцы Чыгіра, Юліі, дадуць два гады пазбаўленьня волі ўмоўна.

Пад час судовага працэсу (дзе, між іншым, Юлія Чыгір выступала ў ролі адваката свайго мужа) міліцыянты скруцілі ёй рукі — адмыслова балюча. Тады, абараняючыся, Юлія ўкусіла аднаго зь іх за вуха. Міліцыянт падаў у суд.

Жонка былога прэм’ера гэтак патлумачыла свой учынак карэспандэнту Свабоды Алесю Дашчынскаму: «Страшна ўспамінаць, што нейкі саплівы міліцыянт цягне мяне перад маімі родзічамі, ледзь ня ўверх нагамі з задранай спадніцай. Абдзірае, аблапвае ўсю. За маё супроцьстаяньне супраць такіх дзеяньняў зь мяне робяць пасьмешышча: я там некага пакусала. Пакусала. І шкадуюю,што мала. Бо я кусала не наўмысгна, я абаранялася».

Камічнага ў тым эпізодзе ня болей, чым ў затрыманьні на мітынгу некалькімі гадамі раней глуханямога чалавека, якому запісалі ў пратаколе, што ён нібыта лаяўся матам і выкрыкваў «антыпрэзыдэнцкія лёзунгі».

Наступнікі Чыгіра на пасадзе прэм’ер-міністра добра засвояць урок і ня будуць выступаць з крытыкай дзеяньняў Лукашэнкі — вось ужо больш як два дзесяцігодзьдзя.

Эфір 28 лютага 2000, Алег Грузьдзіловіч, Менск

У Менскім гарадзкім судзе аднавіўся працэс над былым прэм’ер-міністрам Міхалам Чыгіром. Судзьдзя зачытаў абвінаваўчае заключэньне, згодна зь якім Чыгір нанёс дзяржаве страты больш як на 3 мільёны даляраў.

Паводле сьледзтва, злачыннай дзейнасьцю Чыгір займаўся з канца 1993 па 1995 год — спачатку працуючы старшынём праўленьня «Белаграпрамбанку», а потым — займаючы пасаду кіраўніка беларускага ураду. У якасьці банкіра Чыгір фігуруе ў пяці эпізодах — два зь іх зьвязаныя зь плянамі будаўніцтва новага офісу банка, а тры — з выдачаю крэдытаў. Як прэмʼер, Міхал Чыгір, паводле сьледзтва, учыніў яшчэ адно злачынства, калі забясьпечыў ільготамі фірму «Піаск», якая гандлявала аўтамабілямі. Сьледчыя сьцьвярджаюць, што ўсяго Чыгір з-за нядбайнасьці і ў карысьлівых мэтах нанёс стратаў больш як на тры мільёны даляраў. Гэтая сума складаецца з шасьці частак, якія адрозьніваюцца памерамі.

Самая дробная частка — 40 тысячаў, якія дзяржава быццам бы не далічылася ў выніку санкцыянаванае Чыгіром дамовы пра пабудову будынку банка з чэскай фірмаю «Мастарэс». Справа была ў 1993 годзе, калі прыбытак банку налічваў больш за 20 мільёнаў рублёў, што лічыць добрым вынікам і сьледзтва. І усё ж сродкаў на будоўлю не хапала, бо замахнуліся на 23-павярховы будынак, каб здаваць плошчы ў арэнду і мець з гэтага вялікі прыбытак. Вырашана было знайсьці такога падрадчыка, які б забясьпечыў і вонкавае фінансаваньне. Але тут высьветлілася, што чэскі «Мантарэс» справіцца з такой роляй ня здольны: у гэтай фірмы не было нават свайго будынку. Між тым, першы аванс чэхам ужо выдалі — пералічылі 140 тысячаў даляраў. Як быць? «Белаграпрамбанк» вырашае стасункі з чэхамі спыніць, грошы вярнуць. Але вярнуліся на рахунак банку толькі 100 тысячаў, 40 былі ўжо выкарыстаныя на праект. Цяпер сьледзтва лічыць, што гэта Чыгір вінаваты, бо пасьпяшаўся з дамоваю.

Такая ж гісторыя паўтарылася пад час новае спробы «Белаграпрамбанку» знайсьці будаўніка й фінансыста будоўлі. З канадзкай фірмаю «Лоўрэнс авеню груп лімітэд» заключылі дамову на будаўніцтва за 39 мільёнаў зь пералічэньнем авансу — 6 мільёнаў даляраў. Чакалася, што фірма забясьпечыць атрыманьне крэдыту ад канадзкага банку, аднак гэтага не адбылося. У сваю чаргу, і канадцы не дачакаліся зь Менску 6-ці мільёнаў авансу, прыйшоў толькі адзін. Потым яны сьцьвярджалі, што выкарысталі гэты мільён на праектныя работы ды закупку абсталяваньня, і грошы, калі кантракт быў скасаваны, не вярнулі. Цікава, што сьледзтва, ставячы ў віну Чыгіру гэты мільён, фактычна заяўляе, што калі б пералічылі канадцам 6 мільёнаў, было б лепей — бо тады можна было ўсё вярнуць празь міжнародны суд. Усяго ж у гэтым эпізодзе ў якасьці стратаў фігуруе больш за 2,5 мільёны даляраў.

У шэрагу крэдытаў, якія часткова ня вернутыя, фігуруюць і невялічкі крэдыт фірме «Стройбізнэс» (50 тысячаў даляраў), і вялікі — 900 тысячаў — фірме «БелОСТЭ», і 200-тысячны крэдыт фірме МСТ. Сьледзтва лічыць, што менавіта Чыгір вінаваты ў стратах, бо даваў крэдыты з шэрагам парушэньняў. Чыгір, згодна з матэрыяламі сьледзтва, вінаватым сябе ані ў вадным з эпізодаў не прызнае.

У перапынку Міхал Чыгір адмовіўся камэнтаваць абвінавачваньне, заявіўшы, што ў сваіх паказаньнях дасьць падрабязны адказ на ўсе прэтэнзіі з боку сьледзтва. «Там столькі ўсялякіх недарэчнасьцяў, што коратка на іх не адкажаш, да праўды трэба йсьці крок за крокам», — сказаў Чыгір. Але ён выказаў пратэст у сувязі з тым, што ў паседжаньні сёньня не ўзялі ўдзелу прадстаўнікі арганізацыяў, якім ён быццам бы нанёс страты. Гэта «Белаграпрамбанк» і Мытны камітэт.

На гэты конт Чыгір сказаў: «Ведаеце, прыйсьці сюды й глядзець мне ў вочы — для іх гэта будзе вельмі цяжка. А па-другое, у іх няма права прыходзіць сюды й казаць пра страты». Паводле словаў Чыгіра, у справаздачах «Белаграмбанку» аніякія страты не зафіксаваныя. Што ж тычыцца Мытнага камітэту, то ён ня выканаў распараджэньне Савету міністраў адносна спагнаньня мытных пошлінаў, пра што добра ведаюць ва ўрадзе.

Міхал Чыгір упэўнены, што пад час судовага разьбіральніцтва ўся праўда ў гэтай справе стане відавочнай.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG