Прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў у інтэрвію агенцтву ТАСС, што ў яго няма двайнікоў, але распавёў, што яму сапраўды прапаноўвалі выкарыстоўваць двайніка ў пачатку 2000-х гадоў.
Падчас гутаркі журналіст Андрэй Вандэнка паказаў прэзыдэнту Расеі папулярныя пошукавыя запыты па прозьвішчы Пуцін, у тым ліку «Пуцін двайнік доказы».
«[Ідэя] ўзьнікала, але я адмовіўся ад двайнікоў, — адзначыў Пуцін. — Гэта было ў самыя цяжкія часы барацьбы з тэрарызмам».
Паводле Пуціна, на пачатку 2000-х гадоў яму прапаноўвалі, каб дублёр замяняў яго на імпрэзах у месцах, дзе прэзыдэнту зьяўляцца небясьпечна, але ён адмовіўся ад гэтых прапановаў і ніколі не прыцягваў двайнікоў.
Такім чынам, Пуцін ускосна пракамэнтаваў кансьпіралагічную тэорыю, якая часта абмяркоўваецца ў інтэрнэце, пра тое, што ў яго ёсьць двайнікі, якіх нібыта клічуць «Удмурт», «Банкетны» або «Гаварун». А ў 2015 годзе журналіст Алег Кашын распавёў, што СМІ зафіксавалі прысутнасць Пуціна ў двух месцах адначасова.