Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Каранавірус: у Нямеччыне пачатак эпідэміі, у Літве — надзвычайнае становішча, у Паўднёвай Карэі перанесьлі манэўры


Ад новага каранавірусу COVID-19 у сьвеце памерлі 2,8 тысячы чалавек. Каранавірус распаўсюдзіўся па ўсіх кантынэнтах, акрамя Антарктыды. Пацьверджана больш за 82 тысячы выпадкаў заражэньня па ўсім сьвеце, зь іх амаль 78,5 тысячы — у Кітаі.

За мінулыя суткі ў Кітаі зафіксавалі 433 новыя выпадкі заражэньня каранавірусам. Памерлі 29 чалавек, паправіліся 2750, паведамляе Нацыянальная камісія здароўя Кітаю. Агульная колькасьць загінулых на тэрыторыі мацерыковага Кітаю дасягнула 2744 чалавекі. Усяго зафіксавана 78 497 пацьверджаных выпадкаў захворваньня, пры гэтым 32 495 чалавекам удалося вылечыцца.

Новы каранавірус ужо распаўсюдзіўся па ўсіх кантынэнтах, акрамя Антарктыды: 26 лютага Міністэрства аховы здароўя Бразыліі пацьвердзіла першы ў краіне выпадак каранавірусу. Гэта першы пацьверджаны выпадак каранавірусу ў краінах Лацінскай Амэрыкі, пішуць мясцовыя СМІ Folha de S.Paulo і G1.

Выпадкі захворваньня пацьверджаныя ў новых краінах: у Грузіі, Грэцыі, Даніі, Нарвэгіі, Пакістане, Паўночнай Македоніі, Румыніі, Эстоніі.

У Эўропе самай буйной крыніцай распаўсюду каранавірусу ў Эўропе стала Італія: там заразіліся 453 чалавекі, зь іх 12 памерлі.

У суседняй Літве абвясьцілі рэжым надзвычайнай сытуацыі ў сувязі з пагрозай распаўсюду новага каранавірусу COVID-19, каб спрасьціць каардынацыю дзеяньняў супраць распаўсюджаньня вірусу, арганізаваць працу дзяржаўных установаў, аблегчыць доступ да дзяржаўнага рэзэрву, гаворыцца на сайце літоўскага ўраду.

ЗША і Паўднёвая Карэя прынялі рашэньне адкласьці правядзеньне сумесных вайсковых вучэньняў, якія павінны былі пачацца на наступным тыдні, у сувязі з распаўсюдам каранавірусу, піша Reuters. У паўднёвай Карэі зарэгістравана ўжо 1595 выпадкаў заражэньня каранавірусам, загінулі 13 чалавек.

Міністар здароўя Нямеччыны заявіў, што ў краіне пачынаецца эпідэмія COVID-19. За апошнія суткі каранавірус выявілі ў двух жыхароў Паўночнага Рэйну — Вэстфаліі, у чатырох — у Бадэн-Вюртэмбэргу і ў аднаго — у Рэйнлянд-Пфальцы. Усяго ў краіне пацьверджаны 21 выпадак заражэньня, піша DW.

Што трэба ведаць пра новы каранавірус з Кітаю

  • Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
  • Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
  • Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
  • Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.

  • Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
  • Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг. ​

Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус

Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG