Сіла цывілізацыі заўсёды зьвязаная зь сілай рэлігіі. Эўропа двух апошніх тысячагодзьдзяў — гэта гісторыя юдэахрысьціянства. Яно зьнясіленае і памірае на нашых вачах, піша ў сваім opus magnum францускі філёзаф, геданіст і атэіст Мішэль Анфрэ (Michel Onfray).
Хто такі Анфрэ і чаму ўвогуле варта слухаць тое, што ён кажа? Гэты 61-гадовы доктар філязофіі выкладаў ва ўнівэрсытэце, а ў 2000-х заснаваў уласную ВНУ. Ён папулярны камэнтатар і аўтар амаль ста кніг.
Найчасьцей наконт сьмерці Захаду (кніга Анфрэ называецца «Дэкаданс: Ад Ісуса да Бін Ладэна. Жыцьцё і сьмерць Захаду») пішуць рэлігійныя аўтары, каб апакаліптычным сцэнарам матываваць вернікаў. У Анфрэ нічога падобнага няма. Ён атэіст, геданіст, чайлдфры, халасьцяк, постанархіст і лібэртарны сацыяліст. Філёзаф сьцьвярджае, што ўсяго толькі апісвае тое, што бачыць, без эмоцый і ідэалёгіі. Дык што бачыць Анфрэ?
Эўропа была магутнай, пакуль была магутнай рэлігія
Не цывілізацыя стварае рэлігію, а рэлігія стварае цывілізацыю. Сучасная эўрапейская цывілізацыя, якую Анфрэ называе юдэахрысьціянскай, нарадзілася на руінах рымскай. І, як і рымская, яна таксама памрэ. А на яе руінах узьнікне нешта новае.
Кніга Анфрэ — гэта надзвычайнае шоў эрудыцыі. Амаль на 2 тысячах старонак філёзаф апісвае нараджэньне і ўздым цывілізацыі, да якой адносіцца і Беларусь.
«Хрысьціянскія догмы цягам стагодзьдзяў накідаліся праз вогнішчы і перасьлед герэтыкоў, катаваньні і турмы, страх перад пеклам», — піша Анфрэ.
Хтосьці з чытачоў можа мець прэтэнзіі да абагульненьняў аўтара, але той прыводзіць сотні гістарычных фактаў, крыніц і цытатаў. Напрыклад, цытаты са сьвятога Паўла, які вучыў нянавісьці да культуры і інтэлекту, пагардзе да кніг, калі яны не хрысьціянскія, і патрабаваў поўнага падпарадкаваньня.
Выснова Анфрэ простая: хрысьціянства стала рэлігіяй Захаду ня дзякуючы міласэрнасьці, асьвеце і працы сьвятароў, а дзякуючы тэрору манархаў, якія ўбачылі ў гэтай рэлігіі ўдалы бізнэс-плян падпарадкаваньня людзей і бясконцага панаваньня над імі.
Зрэшты, дасталася ў кнізе і герархам апошніх дзьвюх тысяч гадоў. Аўтар дэталёва апісвае іх выхадкі, распусту і крывадушніцтва. Таму кніга і выйшла таўшчэзнаю. Анфрэ загадзя хацеў пазбавіць праціўнікаў аргумэнту, што ён казачнік і невук.
«І пакуль рэлігія была ў Эўропе на ўздыме, магутнай была і Эўропа. Але ўсё гэта ў мінулым», — сьцьвярджае філёзаф. Зьмены, на яго думку, пачаліся яшчэ ў часы Франчэска Пэтраркі і Нікалё Ніккалі (Niccolò Nìccoli), якія запачаткавалі пераход ад хрысьціянскага чалавека да сьвецкага, прапанаваўшы гуманізм у якасьці альтэрнатывы рэлігіі.
Але ўсур’ёз заняпад хрысьціянства ў Эўропе пачаўся ў эпоху Францускай рэвалюцыі. Барацьба за ідэалы свабоды, роўнасьці і братэрства адбывалася практычна па такой самай схеме, што і ўмацаваньне хрысьціянства.
«Газ, мыш’як, хімія, міны, аблавы, дэпартацыі, экзэкуцыі, бойні, катаваньні, гвалты, забойствы жанчын, дзяцей, старых, руйнаваньне вёсак, пажары, рэкі крыві, масавыя расстрэлы, рабункі, зьняцьце скуры, печкі, у якія кідалі жанчын і дзяцей», — так аўтар апісвае лёс францускай правінцыі Вандэя, якая паўстала ў абарону рэлігіі і караля.
На такі самы ўзор адбылася і бальшавіцкая рэвалюцыя, якая павінна была прынесьці свабоду, канец прыгону, царства справядлівасьці, свабоднае грамадзтва.
«Але яна прынесла зусім іншае: тыранію, усеагульны прыгон, голад, вайну, Гулаг, дэпартацыі. Яна прынесла трыюмф таго, што ў чалавеку самае горшае і прымітыўнае, паліцэйскую дзяржаву і ўсеагульную нянавісьць», — піша Анфрэ.
Лёс эўрапейцаў, якія паддаліся спажывецтву і індывідуалізму, вырашыць дэмаграфія
Але ані француская, ані бальшавіцкая рэвалюцыі не змаглі перамагчы рэлігію. Анфрэ перакананы, што нават пасьля падзеньня камунізму ў 1990-я ў Эўропе трыюмфаваў ніякі не лібэралізм. Гэта быў трыюмф рэлігіі.
Але тое было амаль 30 год таму. Сёньня юдэахрысьціянства зьнясіленае, яго ўлада ўжо мінула, піша аўтар. А калі рэлігія памірае, то разам зь ёю памірае і цывілізацыя.
«Юдэахрысьціянства — гэта зорка, якая згасае. Пра яе будучыню сьведчыць дэмаграфія. На гэта ня хочуць зьвяртаць увагі тыя, каму больш даспадобы фікцыі і хто бароніць сябе ад непажаданай праўды. Калі юдэахрысьціянскія эўрапейцы ня будуць нараджаць дзяцей, то іх месцы зоймуць тыя, хто прыйдзе на Захад. Яны зьменяць інтэлектуальны і рэлігійны ляндшафт. Гэта пераважна мусульмане. Гэтыя людзі цалкам апраўдана ўцякаюць ад вайны. Яны проста заменяць эўрапейцаў, якія паддаліся спажывецтву і індывідуалізму», — лічыць Мішэль Анфрэ.
Сёньняшні цывілізаваны чалавек — гэта заўсёды ўчорашні барбар
Пераможа мацнейшы. На думку Анфрэ, новую эўрапейскую духоўнасьць і цывілізацыю на аснове рэлігіі збудуе іслам. «Ісламская дзяржава», піша Анфрэ, карыстаецца сёньня тэрорам і барбарствам, але для будучых пакаленьняў гэта будзе ўсяго толькі гістарычны факт, які ня вельмі адрозьніваецца ад таго, як стваралася юдэахрысьціянская цывілізацыя.
Бо ніводная цывілізацыя, на яго думку, не была збудаваная сьвятымі і пацыфістамі. Сёньняшні цывілізаваны чалавек — гэта заўсёды ўчорашні барбар.
«Асновы цывілізацыі заўсёды стваралі рабаўнікі, бандыты, забойцы і садысты. За Ісусам стаяць міністранты — пісьменьнікі, паэты, мастакі і філёзафы. Але за сьвятым Паўлам стаць стваральнікі каралеўстваў, людзі мяча і шыбеніцы, вогнішчаў і турмаў. Першыя аздаблялі будынкі, якія будавалі другія, — піша Анфрэ. — Ніколі не перамагае тое, што больш справядлівае. Ніхто не перамагае дзякуючы самай справядлівай праўдзе, перамагаюць сілай наймацнейшага. Калі перамагае сіла, то добрым называюць таго, хто перамог, і не таму, што ён нёс дабро, а проста таму, што ён перамог. Калі гэтая сіла акажацца слабой і пацерпіць паразу, то пра яе скажуць, што яна была зь лягеру зла».
Іслам замест юдэахрысьціянства можа існаваць стагодзьдзі, лічыць Анфрэ, але і яго чакае заняпад, як і любую цывілізацыю.
Трансгуманізм і постчалавек — наша будучыня
Пасьля цывілізацыі, якая абмяжоўваецца тэрыторыяй, нас чакае новая, дзе час і прастора будуць віртуальнымі, лічыць філёзаф. Парасткі гэтага новага Анфрэ бачыць ужо сёньня. Імгненная камунікацыя дае людзям пачуцьцё жыцьця ў супольнасьці, але філёзаф называе гэтую супольнасьць ілюзіяй.
«Злучаныя з усім сьветам, мы сталіся няздольнымі да сапраўднай прысутнасьці ў сьвеце. Віртуальна мы паўсюль, але рэальна — нідзе. Двое закаханых сядзяць за адным столікам у рэстаране і займаюцца сваімі смартфонамі. Яны ўжо ня разам, яны зь некім трэцім — трэцім іншым, трэцім часам, трэцяй прасторай».
Віртуальная сувязь толькі нараджаецца, але Анфрэ перакананы, што надыдзе час, калі цывілізацыя стане глябальнай і адной.
«Мы лічым, што машыны нас вызваляюць, а яны нас, наадварот, падпарадкоўваюць. Той, хто будзе слухаць машыну, ня будзе нават ведаць, што слухае таго, каму падпарадкоўваецца машына».
Францускі філёзаф піша, што трансгуманізм ужо стукае ў дзьверы. Гэта спробы стварыць новага чалавека, які б не паміраў, як паміраюць цывілізацыі. Непрадказальнасьць капрызаў прыроды пры нараджэньні павінна замяніць навука. Замест пакутаў павінна запанаваць шчасьце. Дзеля гэтага павінны зьнікнуць хваробы, інваліднасьць, старэньне, мэлянхолія, дэпрэсіі і злосьць. Новы чалавек народзіцца дзякуючы навуцы, мэдыцыне, тэхналёгіі, біялёгіі, хірургіі, фармакалёгіі і генэтыцы.
«У заключнай фазе гэтай магутнасьці народзіцца новая рэлігія. А пасьля ўжо ня будзе нічога. Жменька постлюдзей выжыве цаною неверагоднага падпарадкаваньня масаў, гадаваных як быдла. Дыктатуры гэтых змрочных часоў ператвораць дыктатуры XX стагодзьдзя ў нявінную гульню. Google ужо працуе над такім трансгуманістычным праектам. Нябыт непазьбежны».
Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.