12-13 лютага 2020 года ў Бруселі міністры абароны краінаў NATO абмяркоўвалі магчымыя адказы на выклікі ў галіне бясьпекі ў сувязі з разгортваньнем расейскай ракетнай сыстэмы SSC-8 (Новатор 9M729).
Генэральны сакратар Паўночнаатлянтычнага Альянсу Енс Столтэнбэрг падчас прэсавай канфэрэнцыі адказаў на пытаньне журналіста тэлеканалу «Белсат» Сяргея Пелясы.
Пытаньне тычылася магчымых захадаў NATO, каб пазьбегнуць патэнцыйнага разьмяшчэньня расейскіх ракетаў ня толькі ў Калінінградзе, але і ў Беларусі і магчымых перамоваў з афіцыйнымі прадстаўнікамі Беларусі на гэты конт.
Енс Столтэнбэрг даў наступны адказ:
«Беларусь — партнэр NATO, мы цэнім гэтае партнэрства. Беларусь — гэта сувэрэнная дзяржава, якая прымае сувэрэнныя рашэньні, і мы паважаем гэтыя рашэньні. Мы таксама, вядома, заклікаем Расею паважаць сувэрэнітэт і тэрытарыяльную цэласнасьць усіх дзяржаў у Эўропе, у тым ліку Беларусі. Гэта пытаньне павагі да таго, што ўсе дзяржавы ў Эўропе — сувэрэнныя, з правам прымаць уласныя рашэньні без умяшаньня з боку суседзяў».
Адказ NATO на парушэньне Расеяй дамовы аб ракетах сярэдняй і малой далёкасьці (РСМД), распрацоўку і разьмяшчэньне такіх ракетаў у Эўропе было адным з галоўных пытаньняў сустрэчы міністраў абароны NATO 12-13 лютага ў Бруселі.
Што важна ведаць пра дамову аб ліквідацыі РСМД
ЗША 2 лютага пачалі выходзіць з Дамовы аб ліквідацыі РСМД. У адказ на гэта Ўладзімір Пуцін 2 лютага заявіў, што Расея прыпыняе ўдзел у дамове.
- Вашынгтон сьцьвярджае, што Масква парушыла дамову аб РСМД, стварыўшы і разгарнуўшы ракетную сыстэму 9М729. Цяпер Расея валодае 100 такімі ракетамі.
- Масква абвяргае ўсе абвінавачаньні, заяўляючы, што далёкасьць палёту ракеты 9М729 складае 480 кілямэтраў, што на 20 кілямэтраў менш за ніжнюю мяжу, вызначаную дамовай.