На афіцыйным гербе Рэспублікі Беларусь ёсьць фізычная мапа – частка глёбуса. Да нядаўняга часу львіную долю карцінкі займала выява расейскай тэрыторыі. Цяпер плянуецца акцэнт зрабіць на Эўропе. Выпадковасьць? Адказвае Севярын Квяткоўскі.
Ці шмат хто ўважліва, аж да дробных дэталяў, разглядаў афіцыйны герб Рэспублікі Беларусь, зацьверджаны пасьля травеньскага рэфэрэндуму 1995 году? Мне падавалася, што тэма цікавіла хіба што адмыслоўцаў-дызайнэраў. Ну праўда, што там разглядаць? Звычайны герб БССР, толькі троху мадыфікаваны. Але не! Сёлета тэма зазьзяла новымі фарбамі. Як толькі ўлады абвясьцілі пра намер мадыфікаваць афіцыйны герб, выявілася, што амаль дваццаць пяць гадоў на выяве часткі мапы Зямлі мы бачылі ў асноўным тэрыторыю Расеі. А цяпер глёбус павярнулі так, каб цэнтрам кампазыцыі сталася Эўропа!
Цікава, што міністар юстыцыі Беларусі Алег Сьліжэўскі зьмены мапы патлумачыў выключна дызайнам, зьвязаным зь фізычнай геаграфіяй і выявамі паралеляў ды мэрыдыянаў.
Сучасны афіцыйны герб Беларусі — мадыфікацыя герба БССР. Калі зірнуць на варыянты савецкай сымболікі Беларусі, можна заўважыць, што пэўнай сыстэмы там няма. Дзесьці наагул бачная толькі Расейская Поўнач, дзесьці ладны кавалак ня толькі сацыялістычнай, але троху і капіталістычнай Эўропы. Прынцыповае адрозьненьне герба БССР ад сучаснага ў тым, што ён прыдумляўся падчас глябальнага супрацьстаяньня дзьвюх ідэалягічных сыстэм. І кавалак «варожай» Эўропы на савецкім гербе мог успрымацца як агрэсіўная заяўка.
Цяпер няма ідэалягічнага супрацьстаяньня. Ёсьць проста жаданьне Крамля дамінаваць у рэгіёне і сьвеце, без ідэалёгіі. І ёсьць самае моцнае абвастрэньне інтарэсаў афіцыйных Менску і Масквы за апошнюю чвэрць стагодзьдзя. Таму рэзкае і падкрэсьленае маніпуляваньне на «глёбусе Беларусі» заўважылі і мэдыі, і сацсеткі. Маўляў, «Беларусь — у Эўропу». Толькі вось жа парадокс — сучасная Эўропа і савецкая сымболіка ня толькі несумяшчальныя. Месцамі чырвоныя зоркі там пад забаронай як сымболіка таталітарызму.
У кожным разе, гэтае «прывітаньне» ад афіцыйнага Менску сьведчыць пра завісаньне між двума крэсламі. І новага хочацца ў жыцьці, і са старым разьвітацца не выпадае. Бо новае можа быць толькі адно — нацыянальны гістарычны герб «Пагоня».
Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.