Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як хочуць зьмяніць дзяржаўны герб

абноўлена

Каб зрабіць дзяржаўны герб «больш сучасным», дададуць залатога колеру, а зорку зробяць «менш мілітарысцкай».

«Зьмяніліся канцы асьцюкоў калосься»

Распрацоўвала праект закону аб зьменах у закон аб дзяржаўных сымбалях Міністэрства юстыцыі. Там карэспандэнту Свабоды паведамілі, што прапануюцца «нязначна адрэдагаваныя» эталённыя выявы дзяржаўнага герба ў адным, двух і многіх колерах.

Над зьменамі ў выяве герба, якія ў міністэрстве называюць «тэхнічнымі», працавала геральдычная рада пры прэзыдэнце Беларусі.

У верхняй частцы герба падкарэктавана выява зоркі, яна прадстаўлена ў плоскасным варыянце з контурнай абводкай, і краі промняў маюць нязначны нахіл, там мяняецца градыент.

Гэта робіцца дзеля таго, каб выява герба была больш аб’ёмная. Цяпер усё часьцей кажуць пра 3Д-выяву, і трэба, каб герб глядзеўся яшчэ прыгажэй», — сказалі ў прэс-службе міністэрства.

  • Мадэляваньне формы каласоў у правай і левай частках прыведзена ў дэкаратыўным варыянце.
  • Зьмяніліся канцы асьцюкоў, выявы кветак канюшыны і лёну сталі больш аб’ёмнымі.
  • Удакладнена выява стылізаванага контуру тэрыторыі дзяржавы.
  • Выявы мацерыкоў сталі больш выразнымі і геаграфічна выверанымі.
  • Сеткі паралеляў і мэрыдыянаў ня будуць ярка выяўленымі, стануць танчэйшымі.
  • Больш выразным будзе мастацкае рашэньне стужкі з надпісам „Рэспубліка Беларусь“.
Зьлева цяперашні герб, справа — прапанаваны ў законапраекце
Зьлева цяперашні герб, справа — прапанаваны ў законапраекце

Падставай для зьменаў сталі прапановы грамадзян.

«Менавіта ад грамадзян гучала прапанова зьмяніць грані зоркі, бо ў папярэднім варыянце грані вельмі выразныя, і быў нейкі мілітарысцкі характар, як у вайсковай зоркі. Дык вось ад гэтага адышлі, зорка стала больш аб’ёмнай. І таксама многім не падабаліся лініі мэрыдыянаў, таму яны сталі сьвятлейшымі. У выніку цяперашні стандарт стаў больш тэхнічна дасканалым», — сказалі ў прэс-службе.

Акрамя таго, зялёны контур Беларусі замянілі на залаты, каб ён лепш спалучаўся з сонечнымі промнямі.

У Міністэрстве юстыцыі патлумачылі, што канкрэтныя тэрміны замены старога гербу на абноўлены ва ўстановах ня вызначаныя. «Да эталёну мы прыйдзем паэтапна, паступова. Ня трэба будзе імгненна выдзяляць фінансавыя сродкі для замены», — сказалі ў міністэрстве.

Дэпутат палаты прадстаўнікоў Віктар Сьвіла сказаў карэспандэнту Свабоды, што замена афіцыйнага герба зь зялёным контурам на герб з залатым контурам будзе адбывацца паступова, і гэта не запатрабуе дадатковых сродкаў зь бюджэту.

«Каштаваць ня будзе ніколькі, бо зьмест нашых сымбаляў не мяняецца. У законапраекце прадугледжаны пераходны пэрыяд. Ён не вымушае ўласьнікаў траціць нейкія сродкі на іх замену проста цяпер, адразу як будзе прыняты гэты закон. Наогул, бюджэт не панясе выдаткаў», — сказаў дэпутат.

Аўтарам цяперашняга герба Беларусі раней называў сябе Леанід Сініцын, які ў 1995 годзе быў кіраўніком адміністрацыі прэзыдэнта. Ён сказаў, што маляваў эскіз, які дапрацаваў мастак. Дагэтуль няма пэўнасьці, хто з мастакоў давёў справу да канца, зрабіў каляровае афармленьне. Хадзілі чуткі, што герб дамалёўваў сын народнага мастака Міхаіла Савіцкага Андрэй.

Аўтар «зорачкі» на гербе, як сьцьвярджаў Сініцын, — Іван Ціцянкоў, былы кіраўнік спраў прэзыдэнта.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG