Сёлета ўпершыню за 26 гадоў, што ладзіцца Менская міжнародная кніжная выстава, галоўным яе экспанэнтам сталі Злучаныя Штаты Амэрыкі.
Чаму ў Беларусі ня так шмат перакладаў амэрыканскай літаратуры — як клясыкаў, так і сучасных амэрыканскіх пісьменьнікаў? Чаму Марк Твэн, Джэк Лёндан і Фэнімор Купэр перакладзеныя на беларускую з расейскай?
Свабода ўзгадала, якія выбітныя творы амэрыканскіх пісьменьнікаў можна прачытаць па-беларуску. Пералік, вядома, няпоўны.
Ганна Янкута: «У нас ня толькі амэрыканскай літаратуры мала. У нас і брытанскай мала, і францускай няшмат»
Гісторыя беларускага перакладу амэрыканскай літаратуры ня вельмі багатая, лічыць літаратарка Ганна Янкута, якая з амэрыканскіх аўтараў перакладала «Авальны партрэт» Эдгара По.
На яе думку, нельга сказаць, што па-беларуску амэрыканскай літаратуры неяк асабліва мала на фоне астатніх.
«У нас ня толькі амэрыканскай літаратуры мала. У нас і брытанскай мала, і францускай няшмат, ня кажучы ўжо пра канадзкую ці італьянскую — усяго бракуе.
Па-першае, да нядаўняга часу ўсе пераклады рабіліся на энтузіязьме. Ня вельмі шмат людзей будуць цэлае жыцьцё сядзець і перакладаць-перакладаць. Трэба ж яшчэ і зарабляць на жыцьцё неяк.
Па-другое, не існуе рынку перакладаў, не існуе замоўцаў перакладаў. Калі б былі выдавецтвы, якія б замаўлялі вялікую колькасьць літаратуры, то і перакладчыкі б знайшліся.
А калі казаць пра сучасную літаратуру, аўтары якой памерлі 50–70 гадоў таму, то гэта яшчэ і аўтарскія правы», — пералічвае праблемы перакладчыца Ганна Янкута.
Першыя пераклады амэрыканскай літаратуры на беларускую мову зьявіліся ў 1920-я гады
У 1926 годзе былі надрукаваныя апавяданьні Джэка Лёндана ў перакладзе Аркадзя Мардзьвілкі (псэўданімы А. Лясны, А. Вясковы). Ён пераклаў таксама чатыры разьдзелы «Сьпеву аб Гаяваце» Генры Лангфэла, «Песьню пра вольны шлях» Уолта Ўітмэна.
У 1920-я гады Юрка Гаўрук таксама перакладаў вершы Генры Лангфэла і Ўолта Ўітмэна. У 1928 годзе ў выдавецтве «Маладняк» выйшаў першы ў гісторыі зборнік паэтычных перакладаў на беларускую мову «Кветкі з чужых палёў».
Поўны пераклад паэмы Лангфэла «Сьпеў аб Гаяваце» на беларускую мову ў 1969 годзе зрабіў Аркадзь Куляшоў.
«Перакладаючы гэты твор з ангельскай мовы на беларускую, я імкнуўся ў меру сваёй здольнасьці захаваць ня толькі зьмест славутай эпапэі, але і яе форму, строгі рытм, паўторы, народны калярыт, багацьце і дакладнасьць вобразаў», — пісаў Куляшоў.
Многія творы амэрыканцаў перакладаліся на беларускую мову праз расейскую
З расейскай перакладаў Янка Маўр «Прыгоды Тома Соера» (1935) і «Прыгоды Гекльбэры Фіна» (1938) Марка Твэна. З расейскай перакладаліся і «Апошні з магіканаў» Фэнімора Купэра (1940), «Белы клык» Джэка Лёндана (1932).
Як адзначала прафэсарка філялёгіі Ірына Шаблоўская ў артыкуле «Успрыняцьце амэрыканскай літаратуры ў беларускім асяродзьдзі», рабілася гэта часьцяком з той прычыны, што «беларуская вышэйшая школа не падрыхтавала аніводнага перакладчыка мастацкай літаратуры на родную мову».
«Гронкі гневу», «Па кім звоніць звон» і дэтэктывы
Калі вярнуцца да амэрыканскай прозы, то ў 1966 годзе Сямён Дорскі зрабіў пераклад «Гронак гневу» Джона Стэйнбэка. Вялікім накладам раман выйшаў у выдавецтве «Мастацкая літаратура» толькі ў 1991 годзе.
Па-беларуску ў 1991 годзе выйшаў раман Эрнэста Гэмінгўэя «Па кім звоніць звон». На беларускую мову твор быў перакладзены Вадзімам Небышынцам і выдадзены ў 1991 годзе выдавецтвам «Мастацкая літаратура».
У 1990-я гады зьявіліся амэрыканскія дэтэктывы па-беларуску. У зборніку «Замежны дэтэктыў» была надрукаваная аповесьць Рэкса Стаўта «Крылаты рэвальвэр» у перакладзе Ўладзімера Шчаснага, у яго ж перакладах выдадзены зборнік «Амэрыканскае дэтэктыўнае апавяданьне». Апавяданьні Робэрта Шэклі і Айзэка Азімава выходзілі ў зборніку «Замежная фантастыка».
Эдгар По і жахі Лаўкрафта
У 1990-х гадах пачалі зьяўляцца пераклады твораў Эдгара По, зробленыя Сяргеем Шупам, Уладзімерам Шчасным, Юрасём Бушляковым, Алегам Мінкіным. Яны друкаваліся найперш у пэрыядычных выданьнях. Найбольш поўны зборнік навэлаў, вершаў, эсэ Эдгара По «Маска Чырвонай Сьмерці» выйшаў па-беларуску ў 2011 годзе.
У 2017 годзе выйшаў зборнік апавяданьняў клясыка літаратуры жахаў, амэрыканскага пісьменьніка Говарда Філіпса Лаўкрафта «Кліч Ктулху» (пераклад з ангельскай Уладзіславы Гурыновіч, Паўла Донава, Алеся Кудраўцава).
Сэрыя «Амэрыканка»
У 2017 годзе на краўдфандынгавай плятформе Ulej.by прайшоў збор на выданьне сэрыі «Амэрыканка» — з чатырох кніг культавых амэрыканскіх пісьменьнікаў.
У кішэнным фармаце ў выдавецтве «Логвінаў» выйшлі раманы
- «Байцоўскі клюб» Чака Паланюка,
- «Чытво» Чарлза Букоўскага,
- «Пэнэляпіяда» Маргарэт Этвуд.
У вялікім фармаце выдавецтва «Янушкевіч» выпусьціла раман «Палёт над гняздом зязюлі» Кена Кізі.
Усе перакладчыкі — Аляксей Знаткевіч, Вольга Калацкая, Ігар Кулікоў і Сярж Мядзьведзеў — працавалі бясплатна.
Лявон Баршчэўскі: «Пераклады зьяўляюцца бессыстэмна і выпадкова»
На думку паліглёта, перакладчыка Лявона Баршчэўскага, амэрыканская літаратура — вялікая літаратура, але па-беларуску яна прадстаўленая толькі фрагмэнтарна. Асабліва шмат праблем узьнікае з выданьнем сучаснай літаратуры.
«Калі браць прозу, гэта вельмі вялікая праблема — гэта я кажу з пазыцый выдаўца. З амэрыканскімі выдавецтвамі дамовіцца амаль што немагчыма. Бо ў іх фактычна бестэрмінова дзейнічае аўтарскае права. Калі ўдаецца ў прыватным парадку неяк дамовіцца (як атрымалася ў Марыі Мартысевіч) — толькі тады спарадычна зьяўляюцца такія выданьні.
Калі амаль усе эўрапейскія краіны маюць нейкія фонды, якія падтрымліваюць пераклады, а часам і за аўтарскія правы дапамагаюць заплаціць, то ў Амэрыцы нічога падобнага няма, немагчыма атрымаць ні капейкі на выданьне амэрыканскай кнігі. Пераклады зьяўляюцца бессыстэмна і выпадкова, таму што амаль немагчыма дамовіцца пра аўтарскія правы», — перакананы Лявон Баршчэўскі.