На працэсе аб імпічмэнце прэзыдэнта ЗША Дональда Трампа ў Сэнаце 28 студзеня бок абароны завяршыў свае выступы.
Аргумэнты абароны былі заснаваныя на тым, што дзеяньні, у якіх абвінаваціла Трампа Палата прадстаўнікоў, не зьяўляюцца крымінальнымі злачынствамі, а таксама на крытыцы ў адрас дэмакратаў і сьцьвярджэньнях, што іх мэта — нанесьці палітычную шкоду Трампу напярэдадні выбараў, а не дамагчыся справядлівасьці.
Палата прадстаўнікоў абвінаваціла Трампа паводле двух артыкулаў: злоўжываньне паўнамоцтвамі і перашкода ў працы Кангрэсу. Абвінавачаньні зьвязаныя з тым, што Трамп заблякаваў вайсковую дапамогу Украіне, дамагаючыся — як сьцьвярджаецца — таго, каб улады гэтай краіны расьсьледавалі дзейнасьць былога віцэ-прэзыдэнта Джо Байдэна, найбольш імавернага кандыдата Дэмакратычнай партыі на сёлетніх прэзыдэнцкіх выбарах.
У цэнтры ўвагі сэнатараў, якія павінны вырашыць пытаньне аб тым, ці адхіляць Трампа ад пасады, у апошнія дні апынуліся сьцьвярджэньні былога памочніка прэзыдэнта ў нацыянальнай бясьпецы Джона Болтана. Газэта New York Times сьцьвярджае, што ў сваіх пакуль не апублікаваных мэмуарах Болтан піша, што Трамп зьвязваў дапамогу Ўкраіне з расьсьледаваньнем супраць Байдэна. Гэтае сьцьвярджэньне, на думку дэмакратаў, падрывае пазыцыю абароны прэзыдэнта. Сэнатары цяпер разважаюць, ці паклікаць Болтана як сьведку на слуханьні аб імпічмэнце.