Днямі мела гутарку з адной дзяўчынай. Ну, як дзяўчынай... Звычайная беларуская цётачка майго ўзросту, жыве ў глыбокай правінцыі, невялікі гарадок, але ж з гімназіяй і нават невялікім музэйчыкам, культура, усе справы. Дзьве дачкі ў яе: старэйшая, нядаўна скончыўшы юрфак, пачынае рабіць кар’еру ў адным зь менскіх судоў, малодшая шчэ гімназістка. Калісьці мы былі разам у піянэрскім лягеры, моцна сябравалі і цяпер раз-пораз тэлефануем адна адной.
— Карына мая ж цяпер у судзе. Ой, колькі ж намучылася я, пакуль вывучыла, пакуль прыстроіла. Дзякуй богу, дзед з бабай за вучобу ёй плацілі, але што вучоба, кватэру здымі, на ежу дай, а шчэ сукенкі-спадніцы, тое-сёе, яна ж у мяне актывістка, БРСМ, усё такое, заўсёды на віду, яе на сустрэчы з Прэзыдэнтам заўсёды запрашалі, бо выдатніца, і вось на бал. Твая ж старэйшая, мабыць, таксама там плясала, яна ж заўсёды такая жвавая была...
— Не, — кажу, — мая не плясала, мы неяк ад гэтага ў баку.
— А, ну, бывае, — працягвае мая суразмоўца. — А мая плясала! Столькі сіл, столькі гэта ўсё нэрваў. Вось цяпер, слухай, забараняе мне ў гімназіі сварыцца. У мяне нешта ў малой настаўніца адна, ну, папраўдзе, ня проста нават настаўніца, а клясная іх... Ну такая ўжо сьцерва! А грошай колькі з нас цягне! Мы ёй на Новы год плязму ў дом дарылі, уяўляеш? У хату!
— Ну, нічога сабе, — кажу, — а чаго ж вы маўчыце? Гэта ж адна толькі гутарка з дырэктарам — і пытаньне вырашыцца, як гэта вы такое сабе дазваляеце, на што вы ёй плязмы купляеце?
— Ага, з дырэктарам. А хто пойдзе?
— Дык о ты схадзі, ты ж такая баявая.
— Была баявая, ды ўся выйшла. Карына сказала: мама, нікуды ня суйся. Паламаеш мне ўсё жыцьцё. Будзеш у горадзе бузіць — мяне тут у момант здымуць. Сядзі і не высоўвайся. Я б і высунулася, але ж ну куды? Дзіця толькі-толькі вылупілася на прастор, у судзе ж працуе, яна ў мяне такая разумніца, у яе ўсё атрымаецца, яна ж на віду. Таму не суюся, сяджу ўжо. Чорт з ёй, з тою плязмай.
Я ўспамінаю яе маладзенькай: такая сьмелая, гаваркая, калісьці мы разам зь ёй бунтаваліся супраць нейкіх ня надта ўтульных для нас лягерных парадкаў. І Карынку тую памятаю: дзіцёнак як дзіцёнак, ляпіла сьнегавічкоў, пакуль мы зь яе мамкай часалі языкі ля дзіцячай пляцоўкі.
Я ня ведаю, папраўдзе, што ёй сказаць. Яна і тэлефанавала, каб спытацца: што ёй рабіць з кляснай, як знайсьці на яе нейкі ўкарот. Але ж любы ўкарот супраць любой, нават самай мізэрнай, улады, парабуе якраз высоўваньня. Ну хаця б на мілімэтар. Ну хаця б у кабінэт дырэктара глыбока правінцыйнай гімназіі.
— Як ты думаеш, — спыталася яна ў мяне з надзеяй, — а калі я напішу на яе ананімку ў аддзел, дашлю электроннай поштай, яе звольняць? Можа, я табе дашлю тэкст, а ты са сваёй пошты дашлеш? Ну, каб на мяне не падумалі? Ці мне якую пошту левую завесьці?
Памятаю яшчэ, як калісьці пакрыўдзілася на мяне каляжанка. Мы зь ёй няблага сябравалі, так, па-школьнаму, бла-бла-бла на перапынках, разам хадзілі ў сталоўку на фортках. А потым аднекуль яна даведалася, што я сястра апазыцыйнага палітыка.
— Як ты магла так падставіць мяне? — з крыўдай і нянавісьцю казала яна пад час апошняга нашага сумеснага абеду. — Як ты магла? Я з табой ад шчырага сэрца, а ты і не сказала нават, што ты такая... А ў мяне муж у міліцыі працуе. Каб не ягоная зарплата, мы б і ня жылі. Цяпер жа што будзе... Як ты магла...
Некалі Чэхаў сказаў: трэба па кроплі выціскаць зь сябе раба. Гэта ён сказаў у царскай Расеі.
Сёньня на добры лад трэба брацца — і, як мокрую анучу, выкручваць. І там не па кроплі будзе капаць — ліцца ручаямі. Будзе бегчы на падлогу ліўнёвым дажджом. Я ўжо іншы раз і ня веру, што яно ўсё калі-небудзь з нас выцячэ.
Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.