Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Каб пазьбегнуць рэвалюцыі. Аўтар расейскай Канстытуцыі 1993 году тлумачыць, навошта Пуцін зьмяняе асноўны закон


Трансьляцыя пасланьня Ўладзіміра Пуціна Фэдэральнаму сходу на вялікім экране ў Маскве, 15 студзеня 2020
Трансьляцыя пасланьня Ўладзіміра Пуціна Фэдэральнаму сходу на вялікім экране ў Маскве, 15 студзеня 2020

Прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін у пасланьні Фэдэральнаму сходу на 2020 год прапанаваў рэформу Канстытуцыі: павялічыць паўнамоцтвы парлямэнту, які будзе мець больш кантролю над урадам; замацаваць статус Дзяржаўнай рады, павялічыць паўнамоцтвы губэрнатараў за кошт нізавых структур муніцыпальнай улады, а таксама зрабіць так, каб расейскія законы мелі прыярытэт над міжнароднымі дамовамі і рашэньнямі міжнародных арганізацый.

Навошта гэта патрэбна? Разьбіраўся тэлеканал Радыё Свабода «Настоящее время».​

Усьлед за гэтай заявай прэм’ер Расеі Дзьмітрый Мядзьведзеў пайшоў у адстаўку з пасады кіраўніка ўраду: Пуцін прапанаваў яму пасаду намесьніка сакратара Рады бясьпекі.

Навошта Пуціну спатрэбілася мяняць Канстытуцыю, якая дзейнічае ў Расеі з 1993 году, і якіх мэтаў ён спрабуе дамагчыся канстытуцыйнай рэформай і адстаўкай ураду?

На думку расейскага юрыста Алега Румянцава, аднаго зь непасрэдных аўтараў расейскай Канстытуцыі 1990–1993 гадоў і сакратара Канстытуцыйнай камісіі, у Крамлі гэта робяць для таго, каб «зьбіць» штораз мацнейшыя ў Расеі рэвалюцыйныя настроі, і паказаць, што ўлада нібыта гатовая ісьці на палітычную рэформу.

Але, як лічыць Румянцаў, людзі ўсё роўна наўрад ці павераць у «надбудовачныя» зьмены асноўнага расейскага закону, пакуль ня ўбачаць рэальных зьменаў.

«На мой погляд, менавіта перабудова эканамічнага ладу і дэмантаж ненатуральных манаполій, якія сёньня кіруюць усімі палітычнымі і эканамічнымі працэсамі ў Расеі, магла б быць значна больш важным крокам, чым рэформа Канстытуцыі», — настойвае Румянцаў.

— Прапановы Пуціна ў рэформе Канстытуцыі: наколькі гэта заканамернасьць?

— Сёньня відавочна, што ў Расеі маем звышканцэнтрацыю ўлады, і сытуацыя ў гэтай галіне зайшла ў тупік. Відавочна, што ў краіне з гэтай прычыны сур’ёзна пачалі высьпяваць рэвалюцыйныя настроі і ігнараваць іх немагчыма.

Нядаўна выйшаў фільм «Саюз выратаваньня» аб дзекабрыстах, у якім апяваецца царызм. Фільм — гэта адказ (кіраўніка ОРТ) Канстанціна Эрнста і яго атачэньня на патрэбу спыняць любыя дзекабрысцкія гурткі і намеры, дыскусіі аб уладзе.

Дзяліцца паўнамоцтвамі — гэта непазьбежны крок у такой сытуацыі, які робіцца для таго, каб адвесьці разьвіцьцё падзей ад выбуховага шляху. Так што гэта разумны і апраўданы крок, які паказвае, што актуальным падзеям ў Расеі Крэмль дае здаровую ацэнку.

— Калі разглядаць прапановы Пуціна аб рэформе Канстытуцыі па пунктах, што зьяўляецца здаровым, а што ня вельмі?

— Пункт пра прыярытэт расейскай Канстытуцыі над рашэньнямі міжнародных судоў: прэзыдэнт у пасланьні акуратна заявіў пра прыярытэт мясцовай Канстытуцыі: яна мае прыярытэт толькі ў выпадку, калі міжнародныя абавязаньні і дамовы парушаюць правы і свабоды чалавека і палажэньні Канстытуцыі РФ. Але той жа зварот у Эўрапейскі суд у пытаньнях правоў чалавека — гэта пашырэньне магчымасьцяў абароны расейскіх грамадзян, і гэта, на мой погляд, павінна заставацца.

Крыху пасьпешным, на мой погляд, зьяўляецца пункт пра адмову ад нормы аб тым, што органы мясцовага самакіраваньня незалежныя ад органаў дзяржаўнай улады. Таму што органы ніжэйшага ўзроўню самакіраваньня, тэрытарыяльных супольнасьцяў вельмі важныя для росту грамадзянскасьці і для вырашэньня канкрэтных надзённых пытаньняў. Сёньня супрацьстаяць мафіі ЖКГ і іншым мафіям на месцах неабходна праз наданьне органам мясцовага самакіраваньня дадатковых паўнамоцтваў, фінансавых гарантый. А ў нас органы мясцовага самакіраваньня фінансава не забясьпечаныя. І таму іх захапіла мафія.

На мой погляд, сёньня няправільна ўбудоўваць іх у сыстэму органаў публічнай улады і падпарадкоўваць губэрнатарам. Грамадзяне павінны быць гатовыя абараніць свае правы! Але калі яны будуць убудаваныя ў адзіную сыстэму, гэта значыць, што ўсе рашэньні зноў звальваюцца на дзядзьку, а грамадзяне самаўхіляюцца ад таго, што яны маглі б самі рабіць на мясцовым узроўні.

— А зьмяненьне ролі парлямэнту і наданьне яму дадатковых паўнамоцтваў, у тым ліку ў сфэры кантролі за ўрадам?

— Цалкам відавочна, што перакос, які ёсьць у форме кіраваньня ў Расеі, рана ці позна трэба было выпраўляць. Я згодны з прапановай, што парлямэнт мог бы даваць згоду на прызначэньне прэм’ера, а таксама віцэ-прэм’ераў і ключавых міністраў. Ня ўсіх чальцоў ураду, таму што гэта будзе аднадушны «адабрямс», але ключавых міністраў. Чаму? Гэта тое, што першапачаткова ў Канстытуцыйнай камісіі называлася «на тры чвэрці прэзыдэнцкая рэспубліка».

Парлямэнту трэба мець паўнамоцтвы на прызначэньне ключавых міністраў і на пастаноўку пытаньня аб іх адстаўцы. Гэта істотныя паўнамоцтвы, якія карэктуюць форму кіраваньня.

Але каб гэты захад быў эфэктыўным, парлямэнт павінен мець інструмэнт ня толькі кадравага кантролю, але і парлямэнцкага кантролю, правядзеньня расьсьледаваньня працы міністраў — ня толькі па выніках гадавой справаздачы ўраду, але і ў бягучым рэжыме. Кантроль за дзейнасьцю ўраду і асобных міністраў у парлямэнту павінен быць ня фэйкавым, не імітацыйным, а сталым і дзейсным.

Для гэтага апазыцыйныя фракцыі, прыкладам, павінны атрымаць права на парлямэнцкія расьсьледаваньні. Калі парлямэнцкія расьсьледаваньні праводзяцца ня толькі парлямэнцкай большасьцю — то гэта той якраз шчупак, які патрэбны, каб карась не драмаў. У любой парлямэнцкай фракцыі павінна быць права на правядзеньне парлямэнцкага расьсьледаваньня, на пастаноўку задач перад сьледчымі і праваахоўнымі органамі. Калі б гэта было зроблена, гэта быў бы сур’ёзны крок, які б адкарэктаваў цяперашнюю форму кіраваньня.

— А Канстытуцыю сапраўды трэба мяняць?

— Я апошнія 25 гадоў кажу пра перакосы, якія былі дапушчаныя ў Канстытуцыі 1993 году. Таму што той дакумэнт стаў інструмэнтам перамогі Ельцына над Зьездам народных дэпутатаў і над прапановамі Вярхоўнага савету і Зьезду народных дэпутатаў, якія настойвалі на прыняцьці збалянсаванай Канстытуцыі. Інструмэнтам перамогі Ельцына стала менавіта прыняцьце незбалянсаванай Канстытуцыі. І вось ужо 25 гадоў мы гаворым пра тое, каб аднавіць легітымнасьць ладу, аднавіць балянс паміж грамадзтвам і дзяржавай, паміж галінамі ўлады.

Для ўсяго гэтага патрэбна разумная канстытуцыйная рэформа. Так што ніякіх дзівосаў для мяне ў прапанове Пуціна няма. Грамадзтва цяпер паралізаванае маштабным усёпранікальным пэсымізмам ў дачыненьні да таго, што адбываецца ў Расеі, і таго, куды мы ідзём. І для мяне ня стала адкрыцьцём, што Пуцін і яго асяродзьдзе ўзялі на ўзбраеньне тэму канстытуцыйнай рэформы.

Да іх яшчэ ў кастрычніку 2018 году, такую дыскусію прапанаваў Валерый Зоркін (кіраўнік Канстытуцыйнага суду РФ): ён у артыкуле для «Российской газеты» з 10 кастрычніка таксама прапанаваў сур’ёзныя папраўкі ў асноўны закон. Але дыскусія тады не завязалася. А цяпер, спадзяюся, ні грамадзтва, ні дзяржава ад яе не адкруціцца. Таму што я цяпер іншых спосабаў прадухіленьня рэвалюцыйнага сцэнару проста не бачу.

Іншая справа — з майго пункту гледжаньня, рэформа Канстытуцыі ў Расеі магла б быць больш сьмелай ў пэўных палажэньнях. Надзея на гэта ў мяне ўсё яшчэ ёсьць: прапановы паправак у Канстытуцыю пакуль не канчатковыя, Пуцін толькі прапанаваў грамадзкую дыскусію на гэтую тэму.

— Якой рэакцыі на прапановы Пуціна вы чакаеце ад дзейных кіроўных вярхоў і ад расейцаў?

— Дзейны палітычны лад, зразумела, возьме пад казырок і будзе выконваць. Расейцы — іншая справа: сёньня прадстаўнікам дзейнага палітычнага ладу ніхто ня верыць. Дакладней, вераць ўсё менш і менш.

Я думаю, што галоўнае — пазьбегнуць фэйкавай і імітацыйнай дыскусіі аб зьмяненьні Канстытуцыі. Важна зрабіць яе як мага больш сур’ёзнай. Што для гэтага трэба? Трэба пачуць прапановы прэзыдэнта і паддаць іх крытычнаму разбору.

— Пуціну ўдасца пераканаць расейцаў у тым, што рэформы будуць сур’ёзнымі?

— Канстытуцыйная рэформа — гэта перадапошні крок у арсэнале прэзыдэнта. Апошнім крокам можа стаць скліканьне Канстытуцыйнага сходу. Але, наколькі я зразумеў сёньняшні выступ, аб пераглядзе Канстытуцыі і скліканьні Канстытуцыйнага сходу гаворка пакуль не ідзе. Але гэты інструмэнт застаецца ў Пуціна ў запасе.

Мне здаецца, ключавое пытаньне цяпер у тым, што Канстытуцыя зьяўляецца ўсяго толькі надбудовай над існуючымі ў Расеі адносінамі ўласнасьці і ўлады. Людзі не павераць у «надбудовачныя» зьмены Канстытуцыі, пакуль ня ўбачаць, што вузкае кола бэнэфіцыяраў ды ўладальнікаў і суўладальнікаў Расейскай Фэдэрацыі гатовае дзяліцца з народам усімі тымі выгодамі, якія сёньня належаць якраз гэтаму вельмі вузкаму колу.

Таму, на мой погляд, перабудова эканамічнага ладу і дэмантаж ненатуральных манаполій, якія сёньня кіруюць усімі палітычнымі і эканамічнымі працэсамі ў Расеі, магла б быць значна больш важным крокам, чым рэформа Канстытуцыі. І безь перабудовы ў сфэры ўласнасьці зьмены толькі ў сфэры Канстытуцыі не дадуць эфэкту.

Да таго ж для зьмены Канстытуцыі павінны быць канстытуцыйныя гарантыі разьвіцьця інстытутаў грамадзянскай супольнасьці. У першую чаргу канстытуцыйныя гарантыі свабодных выбараў — таму што парлямэнт, у якога будзе больш паўнамоцтваў, павінен па-іншаму абірацца. Мне здаецца, у папраўках у Канстытуцыі павінны быць прапісаны іншыя межы свабоды ў інстытутаў грамадзянскай супольнасьці, у арганізацый грамадзянскай супольнасьці. Таму што менавіта яны забясьпечваюць ўдзел грамадзян у свабодных выбарах.

Але людзі, я думаю, пачулі, што ўлада ў Расеі сёньня гатовая ісьці на палітычную рэформу. Рух у бок больш разумнай пабудовы палітычнай сыстэмы заяўлены. А далей — пытаньне шырокага абмеркаваньня. І важна дасягнуць кансэнсусу ў грамадзтве: якой павінна быць гэтая палітычная рэформа і якія ў яе павінны быць вынікі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG