Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Аўтарам нашай праграмы быў Лукашэнка». Як жывуць партыі-«фантомы»


Партыя народнага адзінства, аграрная партыя, сацыяльна-спартовая партыя — такія палітычныя адзінкі існуюць у Беларусі, хоць чуваць пра іх хіба падчас мясцовых і парлямэнцкіх выбараў. Свабода высьветліла, чым яны займаюцца і ці лёгка іх знайсьці.

15 — столькі палітычных партый на сёньня зарэгістравана ў Беларусі. Апошняя зь іх атрымала рэгістрацыю ад Мінʼюста ў 2000 годзе. Значыць, за 20 гадоў ніводнай новай партыі ў Беларусі не зьявілася. Глядзім, як жывуць палітычныя сілы, пра якія захочаш — нічога не даведаесься.

Партыі, якія нялёгка знайсьці

Сацыял-дэмакратычная партыя Народнай Згоды

  • Кіраўнік: Сяргей Ермак
  • Колькасьць сяброў: 2881
  • Месцы ў Палаце прадстаўнікоў: 0

Партыя заснаваная ў 1992 годзе, цяперашні кіраўнік — Сяргей Ермак. Мэта — стварэньне сацыяльна-арыентаванай рынкавай эканомікі. Ні сайту, ні акаўнтаў у сацыяльных сетках партыя ня мае. Падтрымлівае палітыку Аляксандра Лукашэнкі. На мінулых парлямэнцкіх выбарах ад партыі ў Палату прадстаўнікоў прайшло 11 дэпутатаў. На выбарах у 2019 годзе партыя высунула дваіх кандыдатаў, абодва не прайшлі ў парлямэнт.

На прэзыдэнцкіх выбарах партыя ня будзе вылучаць свайго кандыдата.

«Мы будзем удзельнічаць у прэзыдэнцкіх выбарах як назіральнікі і сябры выбарчых камісій. Мы будзем аказваць падтрымку Аляксандру Лукашэнку, бо ён калісьці быў сустаршынём аргкамітэту партыі і фактычна аўтарам праграмы», — паведаміў Свабодзе старшыня партыі Сяргей Ермак.

Нейкіх іншых плянаў на час да прэзыдэнцкіх выбараў партыя пакуль ня мае. Юрыдычны адрас партыі — будынак Цэнтру алімпійскай падрыхтоўкі па шахматах і шашках. Знайсьці там офіс партыі Свабодзе не ўдалося. Супрацоўніца цэнтру сказала, што даўно тут працуе, але ні пра якую партыю ня чула.

Сацыяльна-спартовая партыя

  • Кіраўнік: Уладзімер Александровіч
  • Колькасьць сяброў: 2500
  • Месцы ў Палаце прадстаўнікоў: 0

Гэтая партыя ўтварылася ў 1994 годзе. З таго часу ў яе адзіны кіраўнік — майстар спорту, бізнэсовец і кіраўнік фэдэрацыі бодыбілдынгу і фітнэсу Ўладзімер Александровіч (на фота ніжэй). Фэдэрацыя і партыя знаходзяцца па адным адрасе.

Перад выбарамі 2016 году «Эўрарадыё» спрабавала і не змагло адшукаць офіс Сацыяльна-спартовай партыі.

У фэдэрацыі пацьвердзілі, што партыя па такім адрасе працуе, праўда, са старшынём не злучылі, спаслаўшыся на ягоную занятасьць. Уладзімер Александровіч кіраваў кампаніяй «Ітэра-бел», дачкой расейскай будаўнічай кампаніі «Итера», якой валодала жонка колішняга мэра Масквы Юрыя Лужкова. «Ітэра-бел» мелася ўзводзіць комплекс «Мінск-сіці», але пляны ня спраўдзіліся. Александровіч уваходзіў у топ пасьпяховых бізнэсоўцаў Беларусі па вэрсіі «Ежедневника», меў актывы ў Латвіі.

На апошніх выбарах у парлямэнт ад ягонай партыі высоўваўся адзін кандыдат шляхам збору подпісаў, але ў парлямэнт не прайшоў. Але 649 сябраў партыі назіралі за выбарамі ва ўчастковых выбарчых камісіях і яшчэ 16 — у акруговых. Апошні раз дэпутатам ад партыі ў Палаце прадстаўнікоў станавіўся сам Уладзімер Александровіч — 20 гадоў таму.

У 2015 годзе ў інтэрвію Tribuna.com памочніца Александровіча Алена Клюйкова казала, што партыя 10 гадоў не высоўвала сваіх кандыдатаў у парлямэнт, а на выбарах падтрымлівала Лукашэнку. Ні сайта, ні суполак у сацыяльных сетках партыя ня мае.

Аграрная партыя

  • Кіраўнік: Міхаіл Русы
  • Колькасьць сяброў: 8500
  • Месцы ў Палаце прадстаўнікоў: 0

Партыя была створаная ў 1992 годзе, цяперашнюю назву атрымала ў 1994-м. З 2008 году старшыня партыі — былы віцэ-прэмʼер Міхаіл Русы. Да сьнежня мінулага году ён займаў пасаду памочніка прэзыдэнта, інспэктара па Магілёўскай вобласьці, са сьнежня — сябра Савету Рэспублікі, куды яго прызначыў Лукашэнка.

Міхаіл Русы
Міхаіл Русы

На 2009 год у партыі было аж 8500 сяброў. Але апошні раз у парлямэнт сябры партыі траплялі ў 2012 годзе (1 чалавек). На выбарах у Палату прадстаўнікоў у 2019 годзе партыя высунула аж 639 назіральнікаў. Ня раз партыя заяўляла, што падтрымлівае Аляксандра Лукашэнку.

Юрыдычны адрас партыі — на вуліцы Фабрыцыюса ў Менску. Але там, апроч арганізацыі «Белаграздраўніца», якая кіруе беларускімі санаторыямі, нічога не знаходзім. У самой арганізацыі кажуць, што ніякай партыі ў суседзях ня маюць. У сьпісе Мінʼюсту Аграрная партыя, у адрозьненьне ад іншых, не пазначыла нумар тэлефона. Няма таксама ні сайту, ні старонак у сацыяльных сетках.

Рэспубліканская партыя

  • Кіраўнік: Уладзімер Белазор
  • Колькасьць сяброў: 10 913
  • Месцы ў Палаце прадстаўнікоў: 0

Створаная ў 1994 годзе, гэтая партыя называе сабе цэнтрысцкай і, па інфармацыі на 2006 год, мела тады аж 10 913 сяброў. З 1999 году партыяй кіруе Ўладзімер Белазор (на фота ніжэй). На парлямэнцкіх выбарах 2019 году партыя высунула 11 кандыдатаў, але ніхто зь іх у Палату прадстаўнікоў не трапіў. За выбарамі назіралі 183 прадстаўнікі партыі.

Сайт у партыі ёсьць, на дамэне narod.ru (выкарыстоўваўся на пачатку 2000-х). Абнаўляўся ён апошні раз у 2002 годзе. Мае партыя і суполку ў Facebook, з 14 удзельнікамі. У 2019 годзе ў партыі заяўлялі пра аднаўленьне актыўнай дзейнасьці, бо апошнія 10 гадоў пра яе не было чуваць нічога.


Па юрыдычным адрасе пра такіх суседзяў нічога ня чулі. Не ўдалося дазваніцца і па тэлефоне, пазначаным у сьпісе Мінʼюсту.

Партыі з інтэрнэт-сайтамі і месцамі ў Палаце прадстаўнікоў

Патрыятычная партыя

  • Кіраўнік: Мікалай Улаховіч
  • Колькасьць сяброў: Больш за 1000
  • Месцы ў Палаце прадстаўнікоў: 2

Партыя, створаная ў 1996 годзе зь ліку прыхільнікаў Аляксандра Лукашэнкі. Лідэр партыі — Мікалай Улаховіч, які ў 2015 годзе балятаваўся ў прэзыдэнты, і на выбарах у парлямэнт у 2019-м, але дэпутатам ня стаў.

Мікалай Улаховіч
Мікалай Улаховіч

Партыя заўжды падтрымлівала Аляксандра Лукашэнку, выступае за абноўлены саюз Беларусі, Расеі і Ўкраіны. У якасьці сайта партыі выступае пэрсанальны сайт Мікалая Ўлаховіча, дзе сярод іншага публікуюцца і навіны пра партыю. На парлямэнцкіх выбарах мінулага году партыя высунула 18 кандыдатаў у дэпутаты і атрымала два мандаты ў Палаце прадстаўнікоў. Заснавальнікам партыі лічыцца Аляксандар Лукашэнка.

Партыя працы і справядлівасьці

  • Кіраўнік: Васіль Задняпраны
  • Колькасьць сяброў: 6,5 тысячы
  • Месцы ў Палаце прадстаўнікоў: 6

Заснаваная ў 1993 годзе, гэтая партыя лічыцца трэцяй па колькасьці сяброў — 6,5 тысячы. Лідэр партыі з 2006 году — лётчык у запасе Васіль Задняпраны, родам з Украіны.

На апошніх выбарах у Палату прадстаўнікоў партыя атрымала 6 дэпутацкіх мандатаў (на мінулых выбарах — 3). Усяго ад партыі балятаваўся 41 чалавек. На апошніх выбарах у мясцовыя саветы 127 кандыдатаў ад гэтай партыі сталі дэпутатамі.

На парлямэнцкіх выбарах 2019 году партыя высунула рэкордную колькасьць назіральнікаў — 1252. Гэта ў 4,5 раза больш, чым БНФ, і абсалютны рэкорд сярод партый.

Партыя мае свой сайт і акаўнты ў сацыяльных сетках. На сайце спрабуюць рэагаваць на актуальныя падзеі. Ёсьць, напрыклад, артыкул пра саюз Расеі і Беларусі, дзе крытыкуюцца вулічныя пратэсты.

Цэнтральны офіс партыі, паводле сайта, знаходзіцца на сталічным праспэкце Пераможцаў, але дазваніцца туды па гарадзкім нумары Свабодзе не ўдалося. Сакратарка старшыні Вікторыя Роўная паведаміла, што «сёньня нікога няма на офісе, але па гэтым адрасе можна прыйсьці ў іншы дзень». Свайго кандыдата на прэзыдэнцкія выбары «партыя пакуль ня мае».

Навошта трэба такія партыі

Паводле палітычнага аглядальніка Свабоды Валера Карбалевіча, такія партыі імітуюць парлямэнцкае і палітычнае жыцьцё ў Беларусі.

«Партыйная сыстэма Беларусі — імітацыйная, партыям у гэтай сыстэме няма месца. Дзіўна ня тое, што яны фантомныя, а што яны наогул існуюць, бо няма спрыяльных умоваў. Як ні дзіўна, больш жывыя апазыцыйныя партыі, а не праўладныя. У іх ёсьць ніша, яны працуюць са сваім электаратам. У праўладных партый такіх мэтаў няма. Яны патрэбныя, каб ствараць ілюзію шматпартыйнасьці. У Палаце прадстаўнікоў нібыта некалькі партый. І падчас выбарчых кампаній з гэтых партый фармуюцца выбарчыя камісіі, вылучаюцца фантомныя кандыдаты, выступаюць на тэлебачаньні. Лідэраў гэтых партый запрашаюць на нейкія ток-шоў», — кажа Валер Карбалевіч.

Такім чынам, такія партыі выконваюць некалькі функцый:

  • Вылучэньне кандыдатаў на выбарах (бо калі кандыдат вылучаецца ад партыі, ня трэба зьбіраць подпісы выбаршчыкаў).
  • Напаўненьне выбарчых камісій назіральнікамі.
  • Ілюзія шматпартыйнасьці.

Чым займаюцца астатнія партыі

Апроч пералічаных, у Беларусі існуюць апазыцыйныя партыі:

  • Беларускі народны фронт,
  • Абʼяднаная грамадзянская партыя,
  • «Грамада»,
  • Кансэрватыўна-хрысьціянская партыя БНФ,
  • беларуская партыя левых «Справядлівы сьвет»,
  • партыя «Зялёныя»,
  • сацыял-дэмакратычная партыя «Грамада».

Пра многія з гэтых партый мала чуваць, некаторыя маюць праблемы зь юрыдычнымі адрасамі. Але сябры партый і іх кіраўнікі выказваюцца на актуальныя тэмы, удзельнічаюць у вулічных акцыях, спрабуюць трапіць у дэпутаты.

Ігар Карпенка ў часы кіраваньня камуністычнай партыяй, 2016 год
Ігар Карпенка ў часы кіраваньня камуністычнай партыяй, 2016 год

У Беларусі ёсьць яшчэ Камуністычная партыя. Гэта праўладная партыя, старшынёй якой да нядаўняга часу быў цяперашні міністар адукацыі Ігар Карпенка, але пасьля прызначэньня пакінуў гэты пост. Цяпер партыя мае 11 месцаў у Палаце прадстаўнікоў.

Лібэральна-дэмакратычная партыя называе сябе «канструктыўнай апазыцыяй», мае адно месца ў Палаце прадстаўнікоў. Кіраўнік партыі Сяргей Гайдукевіч удзельнічаў у прэзыдэнцкіх выбарах 2001, 2006 і 2015 гадоў. У 2010 годзе быў зарэгістраваны кандыдатам у прэзыдэнты, але зьняў сваю кандыдатуру.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG