Больш за два месяцы шукалі хлопчыка, якога бацька забраў зь дзіцячага садка і зьвёз у невядомым напрамку. Сёньня, 10 студзеня, зьявілася інфармацыя, што малога знайшлі — спачатку было заяўлена, што бацька сам выйшаў на сувязь, але маці хутка гэта абвергла: «Хлопчыка знайшлі, дзякуючы высілкам многіх людзей, у тым ліку, праваахоўных органаў».
Міхаэль нарэшце сустрэўся з маці, а ягонага бацьку цяпер будуць судзіць за гвалт над ужо былой жонкай. За выкраданьне ўласнага дзіцяці мужчыну наўрад ці нешта будзе — ён афіцыйны бацька Міхаэля, і выкраданьнем як такім гэты ўчынак ня лічыцца.
Гэтая гісторыя не ўнікальная: час ад часу ў СМІ зьяўляюцца навіны аб тым, як таты выкрадаюць дзяцей. І кожны раз я прыходжу да адной і той жа думкі: прадухіліць такое магчыма хіба што закрыўшыся з дзіцём у хаце і ніколі адтуль не выходзячы.
Ня так даўно стала вядома пра іншую падобную гісторыю — бацька загадзя аформіў дачцэ пашпарт Армэніі (там для гэтага дастаткова згоды толькі аднаго з бацькоў) і зьвёз туды дзяўчынку. Праўда, у гэтым выпадку малую знайшлі за 10 дзён. Цяпер маці дзяўчынкі спрабуе пазбавіць былога мужа бацькоўскіх правоў, але беларускі суд лічыць, што калі бацька ў мінулым перасылаў грошы для дачкі, значыць, ён пра яе дастаткова клапаціўся, і пазбаўляць яго правоў нельга. А тое, што зьвёз у іншую краіну, адкуль празь некалькі дзён запытаўся, што ягонаму дзіцяці ўвогуле есьці, дык гэта драбяза. Ён жа бацька і мае права стасавацца з дачкой!
На жаль, і ў такіх татаў знаходзяцца абаронцы: нехта заяўляе, што яны звозяць дзяцей праз адчай, нехта спасылаецца на тое, што ў шэрагу мужчын нібыта няма іншых спосабаў камунікаваць зь дзецьмі пасьля разводу — былыя жонкі ўсяляк замінаюць сустрэчам, а ў суды таты і не зьвяртаюцца, бо загадзя ведаюць, што на іх абарону там ніхто ня стане.
Такім чынам, выкраданьне дзіцяці — гэта нібыта спосаб аднавіць справядлівасьць і паклапаціцца пра дзіця. Пра тое, што дзіця пры гэтым перажывае вялізны стрэс, гэтыя таты чамусьці не думаюць.
Калі бацька і сапраўды хвалюецца, што для дзіцяці небясьпечна жыць з маці, ён ня проста забірае яго і звозіць у невядомым напрамку, а выклікае міліцыю, зьвяртаецца ў органы апекі і ідзе ў суд. У судзе ён тлумачыць, чаму дзіця мусіць жыць з ім, а таксама паказвае, што сапраўды гатовы гадаваць дачку ці сына — ды хоць бы можа патлумачыць, як будзе вырашаць лягістычныя пытаньні. І, што самае галоўнае, ён можа патлумачыць, што зь ягонай былой жонкай ня так, і чаму ён лепш за яе справіцца з гадаваньнем малых.
Аргумэнту «яна траціць алімэнты ня так, як я хачу» тут яўна недастаткова. Падазраю, што ў тым ліку і праз гэта гора-бацькі не ідуць у суд, — яны разумеюць, што іх прэтэнзіі выклічуць у судзьдзі толькі сьмех альбо раздражненьне. А вось для таго, каб зьвезьці дзіця, ніякіх аргумэнтаў ня трэба ўвогуле. Дастаткова пасадзіць дзіця ў машыну, зьмяніць сім-карту і насалоджвацца ўласнай хітрасьцю.
Рэгуляваць такія пытаньні заканадаўча вельмі цяжка, бо надта строгае рэгуляваньне ў першую чаргу ўдарыць па тых, хто хоча ўратавацца ад агрэсіўных былых і проста спакойна жыць, а не па тых, хто гатовы выкрадаць уласных дзяцей і зьнікаць зь імі на месяцы і нават гады.
Хэпі-энду не будзе. Ад такой бяды і праўда ніяк не ўратавацца, і застаецца толькі спадзявацца, што неяк пашанцуе.
Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.