Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Амэрыканскія СМІ: украінскі самалёт зьбіты іранскай сыстэмай СПА выпадкова

абноўлена

Самалёт «Міжнародных авіяліній Украіны», верагодна, быў зьбіты ў небе над Тэгеранам ракетай з зэнітна-ракетнага комплексу «Тор» расейскай вытворчасьці. Пра гэта піша Newsweek са спасылкай на крыніцы ў Пэнтагоне і высокапастаўленых супрацоўнікаў у выведках ЗША і Іраку.

Суразмоўца выданьня ў Пэнтагоне і крыніца ў выведцы ЗША сьцьвярджаюць, што лайнэр зьбілі выпадкова. Вэрсію аб выпадковым трапленьні ракеты ў самалёт таксама выказваюць крыніцы CNN і Associated Press.

Карэспандэнт CBS News піша, што ЗША зарэгістравалі ўключэньне іранскага радара і дзьве ўспышкі пуску ракет. Пасьля гэтага, як сьцьвярджаецца, рушыў усьлед выбух.

Крыніцы Newsweek нагадваюць, што ўкраінскі самалёт перастаў перадаваць сыгнал празь некалькі хвілінаў пасьля ўзьлёту. Гэта адбылося неўзабаве пасьля атакі Ірана на ваенныя базы ЗША ў Іраку.

«Падазраю, што хтосьці мог зрабіць памылку», — заявіў у чацьвер прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп, дадае ВВС.

Канфлікт у рэгіёне абвастрылася ў пачатку студзеня пасьля забойства ЗША іранскага генэрала Касэма Сулеймані ў Багдадзе. Тэгеран тады паабяцаў Вашынгтону жорсткі адказ.

Цэнтральнае камандаваньне ЗША ад камэнтароў адмовілася.

Арганізацыя грамадзянскай авіяцыі Ірана вэрсію аб трапленьні ракеты ў «Боінг» адпрэчыла.

Раней 9 студзеня прэзыдэнт Украіны Уладзімір Зяленскі і прэзыдэнт Ірану Хасан Роўхані абмеркавалі парадак сумеснай працы ў рамках расьсьледаваньня авіякатастрофы. Іранскі лідэр паабяцаў, што Тэгеран прадставіць украінскім экспэртам доступ да ўсіх неабходных дадзеных.

Акрамя таго, Зяленскі правёў тэлефонныя перамовы з прадстаўнікамі Вялікабрытаніі і Швэцыі. Грамадзяне гэтых краінаў таксама знаходзіліся на борце зьбітага самалёту. Лёндан і Стакгольм заявілі, што гатовыя далучыцца да расьсьледаваньня.

Допуск спэцыялістаў на месца авіякатастрофы для аказаньня консульскіх паслугаў і ідэнтыфікацыі загінуўшых запрасіла Канада. Тэгеран і Атава ня маюць дыпляматычных адносінаў з 2012 году. Зараз аказаньнем консульскай дапамогі сваякам загінулых займаюцца дыпляматы ў пасольстве Канады ў Анкары.

Што вядома пра крушэньне:

  • Самалёт Boeing 737-800 NG (рэйс PS752, рэгістрацыйны нумар UR-PSR) вылецеў каля 6.10 8 студзеня маршрутам Тэгеран — Кіеў, зьнік з радараў празь некалькі хвілінаў пасьля ўзьлёту.
  • Усе на борце загінулі. На борце было 167 пасажыраў, а таксама 9 чальцоў экіпажу. Авіякампанія МАУ апублікавала сьпісы загінулых пасажыраў і чальцоў экіпажу.
  • Сярод загінулых у катастрофе было найбольш грамадзян Ірану (82 чалавекі) і Канады (63 чалавекі), а таксама 11 грамадзян Украіны (2 пасажыры і 9 чальцоў экіпажу), 10 грамадзян Швэцыі, 4 — Аўганістану, 3 — Нямеччыны і 3 — Вялікай Брытаніі, паведаміў міністар замежных спраў Украіны Вадзім Прыстайка.
  • Паводле папярэдніх зьвестак іранскага боку, самалёт разьбіўся з тэхнічных прычынаў, якія прывялі да аварыі рухавіка. МАУ перадавала, што цяпер у Іране вэрсіі тэракту або ракетнай атакі выключаюцца, але пазьней выдаліла гэты сказ з прэс-рэлізу. У інтэрнэце ж распаўсюджваюцца розныя чуткі пра магчымую сувязь катастрофы з канфліктам Ірану і ЗША — ніякіх афіцыйных заяваў пра такую сувязь не было. Расьсьледаваньне маюць правесьці ўлады Ўкраіны і Ірану, кампанія Boeing. МАУ супрацоўнічае з украінскімі ўладамі, каб высьветліць прычыны катастрофы.
  • Самалёт быў выраблены ў 2016 годзе, атрыманы МАУ непасрэдна з заводу Boeing, апошні раз прайшоў плянавае тэхнічнае абслугоўваньне 6 студзеня 2020 году. МАУ заяўляе, што гарантуе спраўнасьць сваіх самалётаў і высокую кваліфікацыю пілётаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG