Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Улады ў Іране заяўляюць, што не аддадуць «Боінгу» знойдзеную чорную скрыню


Мясцовае тэлебачаньне паведаміла, што на месцы катастрофы знайшлі чорныя скрыні
Мясцовае тэлебачаньне паведаміла, што на месцы катастрофы знайшлі чорныя скрыні

Кіраўнік упраўленьня грамадзянскай авіяцыі Ірана заявіў, што Іран не прадаставіць «Боінгу» чорную скрыню з украінскага самалёта, які разьбіўся 8 студзеня. Пра гэта паведаміла іранскае афіцыйнае інфармагенцтва Mehr.

Пры гэтым агенцтва Reuters са спасылкай на дзяржаўнае тэлебачаньне паведамляе, што былі знойдзеныя дзьве чорныя скрыні з авіяляйнэра.

Па словах неназванага чыноўніка, абедзьве скрыні пашкоджаныя, але інфармацыю па іх можна атрымаць. Украінскі «Боінг» разьбіўся адразу пасьля ўзьлёту зь міжнароднага аэрапорта Тэгерана 8 студзеня.

Што вядома на момант публікацыі:

  • Самалёт Boeing 737-800 NG (рэйс PS752, рэгістрацыйны нумар UR-PSR) вылецеў каля 6.10 8 студзеня маршрутам Тэгеран — Кіеў, зьнік з радараў празь некалькі хвілінаў пасьля ўзьлёту.
  • Усе на борце загінулі. На борце было 167 пасажыраў, а таксама 9 чальцоў экіпажу. Авіякампанія МАУ апублікавала сьпісы загінулых пасажыраў і чальцоў экіпажу. Цяпер МАУ зьвязваецца са сваякамі загінулых, «аказвае ўсю магчымую дапамогу».
  • Сярод загінулых у катастрофе было найбольш грамадзян Ірану (82 чалавекі) і Канады (63 чалавекі), а таксама 11 грамадзян Украіны (2 пасажыры і 9 чальцоў экіпажу), 10 грамадзян Швэцыі, 4 — Аўганістану, 3 — Нямеччыны і 3 — Вялікай Брытаніі, паведаміў міністар замежных спраў Украіны Вадзім Прыстайка.
  • Паводле папярэдніх зьвестак іранскага боку, самалёт разьбіўся з тэхнічных прычынаў, якія прывялі да аварыі рухавіка. МАУ перадавала, што цяпер у Іране вэрсіі тэракту або ракетнай атакі выключаюцца, але пазьней выдаліла гэты сказ з прэс-рэлізу. У інтэрнэце ж распаўсюджваюцца розныя чуткі пра магчымую сувязь катастрофы з канфліктам Ірану і ЗША — ніякіх афіцыйных заяваў пра такую сувязь не было. Расьсьледаваньне маюць правесьці ўлады Ўкраіны і Ірану, кампанія Boeing. МАУ супрацоўнічае з украінскімі ўладамі, каб высьветліць прычыны катастрофы.
  • Самалёт быў выраблены ў 2016 годзе, атрыманы МАУ непасрэдна з заводу Boeing, апошні раз прайшоў плянавае тэхнічнае абслугоўваньне 6 студзеня 2020 году. МАУ заяўляе, што гарантуе спраўнасьць сваіх самалётаў і высокую кваліфікацыю пілётаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG