Лідэр апазыцыі Вэнэсуэлы Хуан Гуайдо, якога ЗША і шэраг іншых краін лічаць легітымным часовым кіраўніком краіны, у аўторак разам з прыхільнікамі прарваўся ў будынак парлямэнту — Нацыянальнай асамблеі — і прынёс прысягу ў якасьці сьпікера.
У нядзелю Гуайдо і яго прыхільнікаў не пусьцілі ў будынак парлямэнту, дзе праходзіла галасаваньне за новае кіраўніцтва заканадаўчага органа. У выніку праўладны дэпутат Луіс Эдуарда Пара абвясьціў сябе старшынём Нацыянальнай асамблеі, хоць быў выбраны бяз кворуму.
Прыхільнікі Гуайдо сабраліся ў іншым месцы і перавыбралі сьпікерам яго — у яго падтрымку прагаласавалі 100 дэпутатаў з 167. Аднак да сёньняшняга дня Гуайдо ня мог трапіць у будынак парлямэнту.
У аўторак — пасьля бурных дыскусій з супрацоўнікамі нацыянальнай гвардыі, якія акружылі будынак, — Гуайдо і прыхільных яму дэпутатаў усё ж пусьцілі ў залю, дзе праходзіла сэсія. Пара да таго часу ўжо сышоў, і Гуайдо заняў месца сьпікера. Пасьля гэтага ў зале пасяджэньняў адключылі электрычнасьць, і Гуайдо прынёс прысягу ў прыцемках.
Амаль год таму Гуайдо абвясьціў сябе часовым прэзыдэнтам пасьля таго, як апазыцыя не прызнала вынікі прэзыдэнцкіх выбараў, на якіх перамог дзейны кіраўнік дзяржавы Нікаляс Мадура. Рэальная ўлада ў краіне, аднак, засталася ў руках Мадуры. ЗША абвінавацілі яго ва ўзурпацыі ўлады і наклалі на Вэнэсуэлу санкцыі. Дзяржсакратар Майк Памэа ў аўторак павіншаваў Гуайдо з перавыбраньнем сьпікерам парлямэнта.