Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Грамадзяніна Беларусі перадалі ў «ДНР» падчас абмену палоннымі


Абмен палоннымі 29 сьнежня 2019
Абмен палоннымі 29 сьнежня 2019

Грамадзянін Беларусі Дзьмітры Новікаў, затрыманы 10 жніўня 2018 году за ўдзел у баявых дзеяньнях на баку гэтак званай «Данецкай народнай рэспублікі», вызвалены з-пад варты і перададзены ў межах абмену на грамадзян Украіны, якіх незаконна затрымалі, асудзілі і ўтрымлівалі на непадкантрольнай Кіеву тэрыторыі Данецкай і Луганскай абласьцей.

Як паведаміла Свабодзе інфармаваная крыніца, Дзьмітрыя Новікава 29 сьнежня 2019 году абмянялі на ўкраінскіх вайскоўцаў на кантрольным пункце «Маёрскае» ў Данецкай вобласьці.

Гэта стала магчыма пасьля таго, як Дружкаўскі гарадзкі суд Данецкай вобласьці, у якім знаходзіцца справа Дзьмітрыя Новікава на разглядзе, ухваліў рашэньне аб ягоным вызваленьні. У той жа час, вызваляючы Дзьмітрыя Новікава з-пад варты, суд абавязаў яго прыбываць у суд і да пракурораў па першым патрабаваньні, а таксама паведамляць аб зьмене месца пражываньня. У выпадку невыкананьня гэтых абавязкаў, суд можа зноў ухваліць рашэньне аб ягоным арышце або аб спагнаньні штрафу.

Паводле ўкраінскага заканадаўства, у выпадку, калі Дзьмітры Новікаў не зьявіцца на наступнае судовае пасяджэньне (яно заплянаванае на 28 студзеня), суд можа прадоўжыць разглядаць ягоную справу і завочна ўхваліць пастанову аб пакараньні.

Дзьмітры Новікаў абвінавачваецца ў злачынствах паводле трох артыкулаў Крымінальнага кодэксу Ўкраіны:

  • стварэньне тэрарыстычнай арганізацыі (караецца пазбаўленьнем волі на тэрмін ад 8 да 15 гадоў)
  • неаднаразовае парушэньне парадку ўезду-выезду на часова акупаваную тэрыторыю Ўкраіны (ад 3 да 5 гадоў пазбаўленьня волі)
  • вядзеньне агрэсіўнай вайны (ад 10 да 15 гадоў зьняволеньня)

Абвінавачаньне перакананае, што грамадзянін Беларусі, усьведамляў «небясьпечны характар сваёй дзейнасьці, якая прывяла да гібелі цывільнага насельніцтва і руйнаваньня сацыяльна-эканамічных аб’ектаў дзяржавы».

Паводле абвінавачваньня, Дзьмітры Новікаў у лістападзе 2014 году далучыўся да незаконных узброеных фармаваньняў так званай «Данецкай народнай рэспублікі» праз групу ў сацыяльных сетках, якая кіравалася з Масквы.

Непасрэдна ж кантракт «аб паступленьні на аплачаную вайсковую службу» Новікаў падпісаў ужо ў Данецку. У складзе танкавага батальёну «Самалі» удзельнічаў у баях за Данецкі аэрапорт, а потым у збройных сутыкненьнях з украінскімі войскамі ў Ясінавацкім раёне Данецкай вобласьці.

Зь лістапада 2014 году ён пэрыядычна звальняўся са службы ў «ДНР» і большую частку часу знаходзіўся ў Расеі. Паводле сьледзтва, ягоная дзейнасьць і неаднаразовыя вяртаньні ў незаконныя ўзброеныя фармаваньні каардынаваліся зь Сергіевага Пасаду пад Масквой.

Пасьля абвяшчэньня ў судзе абвінаваўчага акту Дзьмітры Новікаў заявіў, што не прызнае сябе вінаватым ні па адным з інкрымінаваных яму артыкулаў Крымінальнага кодэксу Ўкраіны:

«"Самалі" не зьяўляецца незаконным узброеным фармаваньнем ці тэрарыстычнай арганізацыяй. Гэта законнае ўзброенае фармаваньне. У вядзеньні агрэсіўнай вайны я таксама не лічу сябе вінаватым, бо я ня ўдзельнічаў ні ў баявых дзеяньнях, ні ў запалохваньні насельніцтва, ні ў зьдзяйсьненьні тэрарыстычных актаў. Я ні ў каго не страляў, нікога не рабаваў. Я выконваў службу».

У той жа час ён прызнаў, што некалькі разоў перасякаў мяжу Расеі і Ўкраіны, але ня лічыць гэта парушэньнем парадку наведваньня Ўкраіны. Дзьмітры Новікаў таксама зьняпраўдзіў, што прыехаў на службу ў гэтак званую «ДНР» паводле змовы з прадстаўнікамі Расеі: «Я ні зь кім ні пра што не дамаўляўся. Я прыехаў сам, добраахвотна».

Беларускія дыпляматы не наведвалі ніводнага судовага пасяджэньня ў справе Дзьмітрыя Новікава. Як паведамілі Свабодзе ў амбасадзе Беларусі ва Ўкраіне, консульская дапамога ў судах ажыцьцяўляецца толькі ў выпадку адпаведнага звароту падсуднага: «Такіх заяў мы ад яго не атрымлівалі».

29 сьнежня адбыўся абмен ўтрыманымі асобамі паміж Кіевам і Данбасам. Сэпаратысты вызвалілі 76 чалавек, Украіна адправіла на непадкантрольную тэрыторыю 124 зьняволеных. Пры гэтым Кіеў настойвае, што сэпаратысты ўтрымліваюць яшчэ каля 300 чалавек.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG