Прэзыдэнт Эўрапейскай камісіі Урсуля фон дэр Ляен 27 сьнежня раскрытыкавала санкцыі ЗША ў дачыненьні да эўрапейскіх кампаніяў, якія будуюць расейскі газаправод «Паўночны паток» у Нямеччыну.
Раней швайцарская кампанія мусіла спыніць будаўніцтва 2460-кілямэтровага трубаправоду на дне Балтыйскага мора.
«Эўракамісія катэгарычна адпрэчвае санкцыі супраць эўрапейскіх кампаніяў, якія ўдзельнічаюць у праекце ў адпаведнасьці з законам», — сказала Урсуля фон дэр Ляен.
20 сьнежня прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп падпісаў закон, які ўвёў санкцыі супраць кампаніяў, што будуюць газаправоды з Расеі ў Эўропу.
Санкцыі прадугледжваюць адмову ў амэрыканскіх візах і замарожваньне амэрыканскіх актываў грамадзян і кампаніяў, якія маюць дачыненьне да праектаў «Паўночны паток — 2» і «Турэцкі паток». Амэрыканскія ўлады называюць будаўніцтва газаправодаў з Расеі пагрозаю энэргетычнай бясьпецы Эўропы.
Міністар замежных справаў Нямеччыны Гайка Мас заявіў, што «санкцыі ёсьць умяшаньнем у аўтаномныя рашэньні, прынятыя ў Эўропе».
Санкцыі закранулі ключавога падрадніка «Паўночнага патоку — 2» швайцарскую фірму Allseas, якой належыць найбуйнейшы ў сьвеце вадаплаў-трубаўкладнік Pioneering Spirit. Яна спыніла работы.
Раней «Газпром» заяўляў, што трубаправод маюць адкрыць напачатку 2020 году.