Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расейская кампанія абяцае за 6 гадоў пабудаваць судна, каб завяршыць «Паўночны паток — 2»


Плывучыя экскаватары рыхтуюцца да пракладкі газаправоду «Паўночны паток — 2» па дне Балтыйскага мора, травень 2018 году
Плывучыя экскаватары рыхтуюцца да пракладкі газаправоду «Паўночны паток — 2» па дне Балтыйскага мора, травень 2018 году

Расейская дзяржаўная Аб’яднаная суднабудаўнічая карпарацыя гатовая спраектаваць і пабудаваць судна-трубаўкладчык, каб завяршыць будаўніцтва газаправоду «Паўночны паток — 2». Такую заяву зрабіў прэзыдэнт карпарацыі Аляксей Рахманаў.

У інтэрвію тэлеканалу «Россия-24» ён сказаў, што карпарацыі спатрэбіцца каля двух гадоў, каб спраектаваць расейскі трубаўкладчык і яшчэ каля чатырох гадоў — каб пабудаваць гэтае спэцыяльнае судна.

Прадстаўнік праектнай кампаніі паведаміў, што па двух нітках «Паўночнага патоку — 2» засталося пракласьці 160 кілямэтраў труб.

Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп ​20 сьнежня падпісаў законапраект, які прадугледжвае санкцыі супраць кампаніяў, што ўдзельнічаюць у будаўніцтве газаправоду «Паўночны паток —​ 2». Ключавы падраднік — швайцарская кампанія Allseas — заявіла, што прыпыняе кладку трубаў па дне Балтыйскага мора.

Санкцыі прадугледжваюць адмову ў амэрыканскіх візах і замарожваньне амэрыканскіх актываў замежных грамадзян і кампаніяў, якія маюць дачыненьне да праектаў «Паўночны паток —​ 2» і «Турэцкі паток». Яны складаюць частку законапраекту аб абаронных выдатках. Амэрыканскія прадстаўнікі неаднаразова называлі газаправод, якім расейскі прыродны газ мае экспартавацца ў Нямеччыну, пагрозай энэргетычнай бясьпецы Эўропы. У законапраекце ён названы «інструмэнтам прымусу».

Амэрыканскія санкцыі выклікалі рэзкую крытыку Нямеччыны. Міністар замежных спраў Нямеччыны Гайка Мас заявіў аб тым, што «санкцыі ўяўляюць сабой умяшаньне ў аўтаномныя рашэньні, прынятыя ў Эўропе».

Працы па пабудове трубаправоду ў Любліне
Працы па пабудове трубаправоду ў Любліне

18 сьнежня амэрыканскія сэнатары Тэд Круз і Рон Джонсан накіравалі Allseas ліст, у якім папярэдзілі аб наступствах працягу працы ў праекце «Паўночны паток —​ 2». Сярод магчымых наступстваў — блякаваньне яе ўласнасьці ў ЗША, забарона на якія-хаця транзакцыі, зьвязаныя з амэрыканскімі фінансавымі інстытутамі, і забарона наведваць ЗША кіраўніцтву кампаніі. Прадстаўнікі апошняй ужо заявілі аб прыпыненьні работ да высьвятленьня наступстваў новага амэрыканскага заканадаўства.

«Allseas будзе выконваць закон і чакаць інструкцыяў, якія зьмяшчаюць неабходныя нарматыўныя, тэхнічныя і экалягічныя тлумачэньні ад адпаведных органаў ЗША», — гаворыцца ў паведамленьні кампаніі ад 21 сьнежня.

Афіцыйна санкцыі павінны ўступіць у сілу ў найбліжэйшыя тыдні. Раней «Газпром» заяўляў, што для завяршэньня работ на апошнім падводным участку газаправоду патрабуецца каля пяці тыдняў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG