Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Першы віцэ-прэм’ер Круты: Інтэграцыйны пакет мае быць ўзгоднены праз 2-3 дні


Дзьмітры Круты
Дзьмітры Круты

Узгоднены практычна ўвесь беларуска-расейскі інтэграцыйны пакет. Пра гэта сёньня на прыёме ў амбасадзе Расеі ў Беларусі заявіў першы віцэ-прэмʼер Беларусі Дзьмітры Круты. Пра гэта паведамляе БелТА.

Па словах Крутога, засталося ўсяго некалькі пытаньняў, рашэньне па якіх, як чакаецца, будзе знойдзенае ў бліжэйшыя дні. Пры гэтым ён падкрэсьліў, што бакі ў першую чаргу вядуць дыялёг па эканамічных пытаньнях, палітычныя тэмы не стаяць на парадку дня.

«На сёньняшні дзень у нас па вялікім рахунку, за выключэньнем некалькіх пытаньняў, якія, думаю, будуць удакладненыя ў найбліжэйшыя 2-3 дні, увесь інтэграцыйны пакет узгоднены. І мы падбярэм час, каб нашы лідэры ва ўрачыстай абстаноўцы яго падпісалі або парафіравалі. Гэта, вядома, дасьць абсалютна беспрэцэдэнтны новы імпульс разьвіцьцю нашых адносінаў. У першую чаргу гэта будзе эканоміка», — заявіў Дзьмітры Круты.

Першы віцэ-прэмʼер канстатаваў, што праца спачатку ішла вельмі павольна, калі яшчэ толькі пачалі рыхтаваць праграму паглыбленьня інтэграцыі. «Тут няма нічога дзіўнага. Асабліва за апошнія гады, калі Расейская Фэдэрацыя апынулася ў вельмі складанай сытуацыі і сутыкнулася па сутнасьці зь беспрэцэдэнтным зьнешнім ціскам, яна была вымушана трансфармаваць сваю эканамічную і фінансавую палітыку. Адсюль і бюджэтная кансалідацыя, падатковы манэўр, палітыка імпартазамяшчэньня і іншае — адзначыў Круты. — І нам, як бліжэйшым партнэрам, здавалася, што гэта шмат у чым накіравана супраць нас. Расейскія калегі з галіновых ведамстваў патлумачылі, што гэта не так. І сёньня мы гэта адчуваем».

«Гэтыя ўсе войны, якія ў нас адбываліся — газавыя, нафтавыя, цукровыя, праблемы з доступам трактароў, малака або чагосьці яшчэ — вядома, яны на галіновых нашых рэгулятараў наклалі адбітак пэўнай абсалютна нездаровай канфрантацыі, якая замінала на першым этапе працы. Але калі людзі зразумелі, што гэта сурʼёзна, што гэта спроба выбудаваць на новай аснове эканамічныя адносіны (паступіла з самага верху такое ўказаньне), зараз не трэба баяцца самых прагрэсіўных формаў супрацоўніцтва і ўзаемадзеяньня, працэс, шчыра кажучы, пайшоў», — заявіў першы віцэ-прэмʼер Беларусі.

Нагадаем, што па выніках перамоваў Аляксандра Лукашэнкі і Ўладзіміра Пуціна 20 сьнежня ў Санкт-Пецярбургу міністар эканамічнага разьвіцьця РФ Максім Арэшкін паведаміў, што тады не былі ўзгодненыя тры «дарожныя мапы» інтэграцыі — па газу, нафце і падатках. А сёньня прэмʼер-міністар Расеі Дзьмітры Мядзьведзеў заявіў, што ня ўзгодненая «дарожная мапа», прысьвечаная далейшай інтэграцыі, у тым ліку стварэньню наднацыянальных органаў, адзінай валюты і адзінага эмісійнага цэнтру. Кіраўнік расейскага ўраду таксама сёньня заявіў, што дадатковая дапамога Беларусі магчымая толькі пры ўмове выкананьня ўсіх дарожных «мапаў».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG