У горадзе Златавуст Чалябінскай вобласьці Расеі супрацоўнікі спэцназу Фэдэральнай службы выкананьня пакараньняў правялі паказальны выступ для навучэнцаў мясцовай школы № 21.
Школьнікаў, у тым ліку навучэнцаў малодшых клясаў, сабралі ў спартовай залі, дзе супрацоўнікі ФСВП паказалі ім, як разганяюць бунт у калёніі. Спэцназаўцы сталі ў шэрагі з шчытамі і дубінкамі. Іх камандзір загадваў «палкай зьверху, бі!» і «палкай зьнізу, бі!», што тыя і рабілі.
Мясцовыя СМІ паведамляюць, што ў імпрэзе ўдзельнічала група хуткага рэагаваньня папраўчай калёніі № 25.
Ва ўпраўленьні ФСВП па Чэлябінскай вобласьці выступ назвалі «яркім і відовішчным», адзначыўшы, што ён прайшоў у рамках праграмы па «патрыятычным выхаваньні грамадзянскай моладзі».
У сваю чаргу ва ўпраўленьні адукацыі Златавусту заявілі, што супрацоўнікі ФСВП ўжо не першы раз сустракаюцца са школьнікамі, бо ў горадзе знаходзяцца калёнія і сьледчы ізалятар.
Раней паведамлялася, што ў паселішчы Наватроіцк у Татарстане — рэспубліцы ў Расейскай Фэдэрацыі — Расгвардыя правяла вучэньні па разгоне мітынгаў з удзелам дзевяцікляснікаў мясцовай сярэдняй школы.