Лінкі ўнівэрсальнага доступу

10 фактаў пра паэта Алеся Дудара, які баяўся Полацку і злаваўся на беларускіх актораў за расейскамоўнасьць


Алесь Дудар
Алесь Дудар

24 сьнежня спаўняецца 115 гадоў з дня нараджэньня паэта, празаіка і перакладніка Алеся Дудара (1904–1937). Ён быў адным з заснавальнікаў «Маладняку», пачынальнікам (разам з Андрэем Александровічам і Анатолем Вольным) беларускай прыгодніцкай прозы.

Паэт, які дзіўным чынам зазнаў уплыў такіх розных творцаў, як эстэт Багдановіч і зорка пралетарскай паэзіі Александровіч. У прозе натхняўся Цішкам Гартным і Міхасём Зарэцкім. Алесю Дудару ўласьцівыя вялікая ўнутраная творчая нязмушанасьць, шчырасьць, вастрыня, тыя нэрвовасьць і неспакой, якія робяць напісанае ім сапраўднай паэзіяй.

Калі 29 верасьня 1926 году Ўладзімер Дубоўка складае антысавецкі верш «За ўсе краі, за ўсе народы сьвету...», Алесь Дудар адгукаецца сугучным творам «Пасеклі наш край папалам...», за які яго таксама чакае пакараньне (першы арышт і трохгадовая высылка).

Паўторна арыштаваны 31 кастрычніка 1936 году. Расстраляны 29 кастрычніка 1937 г.

Алесь Дудар
Алесь Дудар

1. Быў супраць расфармаваньня «Маладняка»

Пра гэта ў лістападзе 1928 году склаў верш «На сьмерць „Маладняка“» (літаратурнае абʼяднаньне, існавала з 1923 да 1928 году. — РС), дзе недвухсэнсоўна зазначаў, што чынілі гэтае расфармаваньне ня самі беларусы, а «чужыя» (відавочна, што людзі з Масквы):

Дол капалі яму далакопы даўно,
Далакопы чужыя, ня нашы...»
.

У год арышту складаў вершы, прасякнутыя тугой і балючым надломам

Гэта асабліва відаць, калі чытаеш ягоныя «Палескія ночы» (1936), дзе ёсьць радкі:

Сорак тысяч чарцей і па ведзьме на рыла,
Сорак тысяч сьвятых, сорак тысяч папоў,
Сьвечкі, прошчы, заломы, крыжы і кадзілы —
Гэта ўсё назаўсёды, на векі вякоў /.../
Сіні мёртвы агонь мігаціць над балотам,
Там танцуе зялёных русалак сямʼя.
Вадзянік шчырыць зубы гнілыя з чаротаў —
Гэта клятая бацькаўшчына мая...

Алесь Дудар
Алесь Дудар


3. Умеў звычайныя падарожныя нарысы ператвараць у паэзію

Гэта асабліва відаць, калі чытаеш нарыс «Ад Менску да Ўладывастоку»:

«Над паўночным берагам назьбіраліся грамоздкія масыўныя хмары. Няма ім канца. Чорныя. І толькі прасьветы заходняга неба і вострыя зыгзагі маланкі ствараюць малюнак незвычайнай дзікай прыгажосьці. Гэтыя пачарнелыя горы і хмары над імі як разьвітыя, ускудлачаныя кудры. Перавага чорнай фарбы, але скампанавана на дзіва ў аптымістычным пляне. Вось як бывае, калі маладая, жвавая, вясёлая дзяўчына надзене жалобу. Хай уся яна будзе ў чорным, хай сьлёзы ліюцца з вачэй — але праз усё гэта нібы маланка час ад часу пранясецца водбліск маладосьці і жыцьцярадаснасьці».

4. Быў першым перакладнікам «Яўгенія Анегіна»

Праца зьвязаная з усесаюзнай пісьменьніцкай падрыхтоўкай да ўгодкаў сьмерці Пушкіна. Паводле Ганны Севярынец, «Пушкінскую камісію пры СП БССР узначаліў Янка Купала... Ён жа валодаў вырашальным голасам пры разьмеркаваньні твораў А. С. Пушкіна для перакладу...».

Алесь Дудар
Алесь Дудар

5. Яго раздражняла, што ў 1920-я многія лезьлі ў паэты на падставе «бядняцкага» статусу

«Моладзь, якая напаўняе рэдакцыйныя скрынкі і кошыкі сваёю „мастацкаю“ творчасьцю, вельмі проста глядзіць на літаратуру... „Верш можа і слабы, але я бядняк, заняты працай на гаспадарцы і г. д.“ Безумоўна, рэвалюцыя адчыніла працоўным масам шлях у літаратуру... але гэта зусім не азначае таго, што сацыяльнае становішча павінна служыць мандатам на „бессмертие“».

6. Лічыў мову Паўлюка Труса надзвычай беднай

Гэта Алесь Дудар даказваў з бухгальтарскай пэдантычнасьцю ў артыкуле «За культуру мовы»:

«Паўлюк Трус — гэта ўжо не пачынаючы паэта. Творы Паўлюка Труса перакладзены на іншыя мовы, а на Беларусі маюць шырокую вядомасьць і набылі нават сабе пасьлядоўнікаў. У зборніку 134 старонкі, зь іх тэкставых — 120. І на ўвесь зборнік мы налічылі ўсяго 711 слоў; г. зн. на кожную старонку прыпадае ў сярэднім 6 слоў. Да гэтага трэба дадаць, што многія словы аднаго кораня мы лічылі як паасобныя... Што гэта значыць? Гэта значыць, што на кожнай старонцы зьмяшчаецца 7 слоў, паўтораных па некалькі разоў у самых разнастайных варыяцыях. Калі да гэтага дадаць, што слоў, якія пападаюцца толькі па адным разе, у зборніку налічваецца 232 (ледзь-ледзь адна трэцяя частка ўсяго слоўніка), дык яшчэ наяўнейшаю робіцца жудасная беднасьць мовы зборніка».

7. З сумам канстатаваў, што беларуская паэзія нікому не патрэбная

У артыкуле «Ледзяныя гітары» адзначаў: «За апошнія часы і ў нашых пэрыядычных выданьнях і ў выдавецтвах нарастае значная апазыцыя ў адносінах да вершаў. Часопісі абмяжоўваюць месца, адведзенае для вершаў, а ціснуць зборнік вершаў, асабліва маладому паэту, — амаль што немагчыма... вершы не ідуць на рынку... Выпушчаныя да сярэдзіны 1926 г. зборнікі прозы зусім разышліся. Наадварот, зь вершаў разышліся поўнасьцю толькі 5-6 кніжачак...».

Алесь Дудар (зьлева) і Эдуард Самуйлёнак
Алесь Дудар (зьлева) і Эдуард Самуйлёнак

8. Яго злавала расейскамоўнасьць беларускіх артыстаў

«За выключэньнем вельмі нямногіх, усе артысты ў жыцьці і на працы не ўжываюць беларускай мовы. Безумоўна, умешвацца ў прыватнае жыцьцё працаўнікоў нашай сцэны мы не зьбіраемся, але мы маем права вымагацца таго, каб з сцэны да нас ішла жывая беларуская мова з усімі ўласьцівымі ёй адценьнямі. А мы маем самую грубую расейскую акцэнтацыю, і проста дзіка слухаць, як артысты беларускага тэатру без усялякага жалю калечаць нашу мову. Дый ці ж дзіўна гэта, калі артыстка БДАТ-1, пасварыўшыся за нешта з дырэктарам, апавядае нейкаму грамадзяніну (у памяшканьні тэатру): — Он мне по-белорусски, а я ему по-русски, по-русски!»

9. З жудасьцю прыгадваў Полацак

«...Гэтыя паўгода, што я пратарчаў тут, у канец расхісталі маё здароўе. Частыя галадоўкі, вечныя лаянкі ў рэдакцыі на грунце беларусізацыі — усё гэта пакінула на мне глыбокі сьлед... пасьля водпуску я ні за што не вярнуся ў Полацак... Я магу працаваць, хачу працаваць і буду працаваць. Толькі ня ў Полацку. Полацак мяне згнаіў і фізычна, і можа маральна».

10. У сваёй прозе зьдзіўляў шокавымі крывавымі сцэнамі

У 1927 годзе Алесь Дудар выпускае празаічны зборнік «Марсэльеза». Колькі ў ім болю, горычы і крыўды! Камандзір чырвонага атраду расстрэльвае маладую шляхцянку («Фальварак Падмошша»). Народны мсьціўца Ігнат хапае «панскае дзіцянё за ногі, сьценку крывёю абліў» («Казка»). Мужык Янук жыўцом спальвае прыгажуню пані Лясоцкую за тое, што тая спакусіла яго на пасьцельныя ўцехі («Пані Лясоцкая»). Героі чыняць жахлівыя рэчы, але, што самае цікавае, Дудар выступае на баку гэтых няшчасных, лёсам пакрыўджаных варʼятаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG