Аналітык і адзін з заснавальнікаў кампаніі «Сьвежы вецер» Андрэй Ягораў расказаў Свабодзе, чаму акцыі Севярынца зьбіраюць больш лайкаў у «Фэйсбуку», чым удзельнікаў, і што трэба рабіць, каб было наадварот.
11 сьнежня ў менскім офісе БСДП сабраліся прадстаўнікі большасьці апазыцыйных партыяў і рухаў. Яны мусілі абмеркаваць фармат наступнай акцыі пратэсту супраць паглыбленьня інтэграцыі. Месцамі гутарка набывала скандальны характар, таму наступны сход апазыцыянэры вырашылі правесьці за зачыненымі для прэсы дзьвярыма. Ён адбыўся 14 сьнежня, а ўжо 16-га на прэс-канфэрэнцыі журналістам паведамілі: 20-га плянуюцца мітынг і шэсьце, 21-га зноў мітынг. Гэта значыць, тое самае, што і раней.
Адзін з заснавальнікаў кампаніі ў падтрымку незалежнасьці Беларусі «Сьвежы вецер» палітоляг і мэтадоляг Андрэй Ягораў расказвае, чаму так адбываецца.
«Людзі ня бачаць сябе на мітынгах і шэсьцях»
«Мы вялі перамовы з усімі наконт фармату акцыі 20 сьнежня, — расказвае Андрэй Ягораў. — І паколькі мы (кампанія „Сьвежы вецер“. — РС) ня вельмі падтрымліваем гэтыя традыцыйныя фарматы мітынгаў і шэсьцяў, то прапаноўвалі ідэю карацейшых акцыяў. Дзе людзі самі могуць арганізавана штосьці зрабіць. Альбо гэта могуць быць палітычныя пэрформансы, якія можна рабіць дэцэнтралізавана, малымі групамі. Але такі фармат ня быў падтрыманы. Адзінае, што абмяркоўвалася, гэта паўтарэньне жывога ланцуга, праведзенага 7 сьнежня».
У выніку арганізатары акцыі 20 сьнежня пагадзіліся ўключыць у яе фармат «жывога ланцуга». Ён павінен адбыцца на праспэкце Незалежнасьці ўжо пасьля завяршэньня мітынгаў і шэсьцяў. Актывісты «Сьвежага ветру» пры гэтым кажуць, што раз не атрымалася дамовіцца пра адзіны фармат, то яны ня могуць браць на сябе адказнасьць за правядзеньне акцыі і за тых, хто на яе прыйдзе. Таму афіцыйна «Сьвежы вецер» у арганізацыі ня будзе ўдзельнічаць. Гэта зробяць асобныя валянтэры кампаніі.
«Тое, што значная частка ўдзельнікаў жывога ланцуга не далучылася да мітынгу на Кастрычніцкай, сьведчыць, што людзям патрэбна штосьці новае, — дадае Андрэй Ягораў. — Людзі не асацыююць сябе з традыцыйнымі формамі пратэсту. Яны хочуць нечага больш эфэктыўнага, больш карыснага. Людзі ня бачаць сябе ў фармаце мітынгу і шэсьця, але хочуць праявіць сваю салідарнасьць, бачаць сябе ў сымбалічным дзеяньні».
«Тое, што 7 і 8 сьнежня нікога не затрымлівалі, — хутчэй выпадковасьць»
Што будзе далей, калі апазыцыя не перастане прытрымлівацца старых фарматаў акцыяў? Пасьля 20 сьнежня анансаваны мітынг удзень 21-га. На сходзе ў офісе сацыял-дэмакратаў гаварылася пра неабходнасьць мітынгаваць і налета. Паводле Андрэя Ягорава, такая тактыка ня будзе мець посьпеху.
«Лічу, што працяг вулічных акцыяў цяпер ня ёсьць эфэктыўным дзеяньнем. Мы ня маем вялікай колькасьці пратэстоўцаў. Настроі ўдзельнічаць у такіх пратэстах нязначныя, інфармацыйнай кампаніі не вялося. На пачатку сьнежня толькі пачалі зьяўляцца згадкі тэмы пратэстаў у СМІ, нейкі інфармацыйны выбух адбыўся. Таму чакаць, што ў такой сытуацыі на вуліцы выйдзе шмат людзей, не даводзіцца. Гэта паказалі акцыі 7 і 8 сьнежня. Працягваць у такім рэжыме — хутчэй выпускаць пару ў сьвісток».
Паводле Андрэя Ягорава, няма падставаў думаць, што рэпрэсіўнасьць палітычнага рэжыму ў Беларусі зьмянілася. Таксама няма альянсу паміж пратэстоўцамі і прадстаўнікамі ўраду, іхныя інтарэсы толькі часткова супадаюць. І невядома, як доўга гэта будзе працягвацца.
«Тое, што ніхто ня быў затрыманы 7 і 8 сьнежня, што ўсё прайшло мірна, — гэта выпадковасьць, удача, — перакананы Ягораў. — Пашанцавала. Але калі нам раз пашанцавала, то наступны раз, хутчэй за ўсё, не пашанцуе. Умовы ж не зьмяніліся, і наступным разам імавернасьць таго, што нам не пашанцуе, куды большая. А калі будуць рэпрэсіі, перасьлед людзей, калі мы сутыкнемся з той сытуацыяй, якая здарылася з пратэстамі 2017 году, значна больш масавымі за сёньняшнія, то кошт удзелу будзе павышаны. Тады пратэставыя настроі будуць ісьці ўніз. Таму зараз хутчэй трэба назапашваць гэты пратэставы патэнцыял грамадзкага дзеяньня. І далёка не абавязкова ён мусіць быць у форме вулічных пратэстаў».
«Для змаганьня за незалежнасьць зараз ёсьць толькі два шляхі»
3-га сьнежня сустаршыня БХД Павел Севярынец апублікаваў у сваім фэйсбуку заклік выходзіць на акцыю пратэсту 7 сьнежня на Кастрычніцкую плошчу. За некалькі дзён допіс набраў больш за 1700 перапостаў і 400 камэнтароў. Гэта быў першы заклік на акцыю супраць інтэграцыі з Расеяй, за яго Севярынца ўжо асудзілі на 15 дзён арышту. Аднак на саму акцыю пратэсту прыйшло, паводле розных падлікаў, ад 500 да 700 чалавек. Значна менш, чым упадабаньняў у фэйсбуку.
«Ёсьць вялікі прамежак паміж тым, што ты даведаўся, перапосьціў, і тваім пераходам да рэальнага дзеяньня, — тлумачыць Андрэй Ягораў. — Гэта зьвязана з цаною, якую людзі для сябе бачаць пры далучэньні да пэўнай формы дзеяньня. Простыя дзеяньні, якія патрабуюць ад чалавека менш намаганьняў, маюць больш масавы характар. Чым больш унёску патрабуецца ад удзельніка, тым менш людзей зьбярэ такая акцыя. Плацім мы сваім часам, рызыкай, страхам. І яшчэ ёсьць вера ў тое, што дзеяньні могуць прынесьці нейкі эфэкт. Добра, я выйду, але нічога ня зьменіцца. Частцы патэнцыйных удзельнікаў такая пазыцыя не пасуе. Паводле сацыялягічных апытаньняў, людзі значна больш вераць у тое, што штосьці можна зьмяніць не пратэстамі, а праз выбары, праз звароты, заканадаўства. Людзі больш арыентаваныя на фармальна магчымыя рамкі дзеяньня».
Ці можна пратэстамі паўплываць на сытуацыю вакол інтэграцыі з Расеяй? Што для гэтага трэба? На думку Андрэя Ягорава, перашкодзіць паглыбленьню інтэграцыі з усходняй суседкай можна цалкам законнымі спосабамі.
«Беларусы татальна супраць паглыбленьня інтэграцыі, а пагатоў супраць нейкага аб’яднаньня з Расеяй, — тлумачыць экспэрт. — Але ўзровень палітычнага ўдзелу і палітычнай мабілізацыі застаўся такім жа, якім быў раней. Людзі не арганізаваныя для палітычнага дзеяньня, ня маюць дастаткова сілы гэта зрабіць, ня маюць дастаткова веры, што дзеяньні могуць нешта прынесьці. Усе палітычныя і грамадзкія сілы мусяць арганізоўвацца ў мацнейшы грамадзкі рух. Мусяць, па-першае, проста выказацца пра гэта, потым мабілізоўваць сваіх прыхільнікаў. Каб прынамсі прымусіць дзяржаву да дыялёгу з тымі, хто ня хоча паглыбленьня інтэграцыі».
Ягораў кажа, што цяпер ёсьць толькі дзьве ідэі, якія варта ўлічваць, змагаючыся за незалежнасьць. Гэта ідэя Ўстаноўчага сходу, агучаная мэтадолягам Уладзімерам Мацкевічам, і ідэя рэфэрэндуму аб скасаваньні дамовы 1999 году аб стварэньні «саюзнай дзяржавы». Альбо аб зьменах у Канстытуцыі, якія блякавалі б усякую магчымасьць інтэграцыі. Такую схему ўжо ажыцьцявілі ў Казахстане, дзе ад незалежнасьці нельга адмовіцца нават праз агульнанацыянальны рэфэрэндум.
«Улады сочаць нават за зьменай аватарак у сацыяльных сетках»
Акцыі 7 і 8 сьнежня прайшлі без затрыманьняў. Нават ля будынка амбасады Расейскай Фэдэрацыі, дзе было шмат супрацоўнікаў спэцназу і спэцтэхнікі, дэманстрантаў ніхто не чапаў. Затрыманьні, суды, штрафы і выклікі ў міліцыю пачаліся пазьней.
«Улада адсочвае ўсе дзеяньні, зьмены аватарак у сацыяльных сетках таксама, — кажа Андрэй Ягораў. — Яна вельмі добра адсочвала тое, што рабіў Nexta пасьля свайго фільма і закліку на плошчу Свабоды. Улада ня ведала, колькі людзей прыйдзе, і была гатовая да кожнага сцэнару. Былі і бусікі на пэрымэтры, і частка ціхароў на самой акцыі, але былі і вялікія аўтобусы, якія стаялі за цыркам. Выйшлі 500 чалавек з тых 2 мільёнаў, якія паглядзелі фільм. Маніторынг грамадзтва вельмі важны. Я думаю, гэта нават выкарыстоўваецца ў якасьці аргумэнту падчас перамоваў з Расеяй. Можна сказаць: вось глядзіце, мы ня можам дзейнічаць настолькі хутка ў пляне інтэграцыі, бо грамадзтва ў Беларусі супраць».
Чаму ўсё ж фармат пратэстаў застаецца ранейшым? Экспэрт кажа, што на гэта ўплывае шэраг прычын. І не ў апошнюю чаргу тое, што так прывыкла дзейнічаць апазыцыя.
«Не хацелася б быць занадта крытычным, — кажа Ягораў. — Асабліва ў сытуацыі таго, што мусіць быць пазытыўная візія людзей, якія сёньня заклікаюць выйсьці на плошчу. Ня хочацца моцна крытыкаваць традыцыйную апазыцыю. Выбраны фармат далейшых акцыяў — для мяне гэта малаасэнсаваныя паводзіны. Калі б выбіралі новыя фарматы, яны б давалі большыя магчымасьці пазытыўнага выніку ад акцыяў. Я маю на ўвазе тое, што хаджэньне на мітынг з даволі сумнымі выступамі ня мае выніку. Пасыл незразумелы, потым ходзяць гадзінамі — ну і што? І нічога. Трэба дзейнічаць так, каб вынік і мэта былі адразу зразумелыя. Хай яны нават будуць сымбалічнымі. Калі акцыя ўзмацняе пачуцьцё „мы“, калі яна надае больш пазытыву ад узаемадзеяньня, калі людзі, ідучы з акцыі, думаюць, што наступным разам таксама выйдуць, то такая акцыя будзе важнай і натхняльнай. Людзям патрэбен пазытыў. Такія акцыі працавалі б на падвышэньне пратэставага патэнцыялу. А мітынгі і шэсьці сёньня, я лічу, не адыгрываюць такой ролі».
Чаму беларусы ня ходзяць на мітынгі? Гэта нацыянальная асаблівасьць? З словаў Андрэя Ягорава, тут мы мала адрозьніваемся ад суседзяў.
«Я гэта сьпісваю выключна на асаблівасьць палітычнай сытуацыі, — перакананы экспэрт. — Беларусы такі ж самы народ, такая ж самая нацыя, як і ўсе нашыя суседзі. Мы можам пратэставаць, і мы гэта бачылі ў нядаўняй гісторыі. Мы бачылі пратэсты 90-х гадоў. Усё ў беларусаў ёсьць, і няма чаго нам лічыць сябе ў нечым асаблівымі. А вось палітычная сытуацыя адрозьніваецца, і пратэсты маюць вялікую цану. Рэпрэсіі, пазбаўленьне працы. Для малых гарадоў гэта ўвогуле праблема. Прыгадайце, што было нядаўна, калі дзяўчына заявіла аб прымусе да датэрміновага галасаваньня, а потым сутыкнулася з цкаваньнем з боку сваіх жа аднагрупнікаў».
Ягораў дадае, што гэта ўсё ня вырак беларускаму грамадзтву. Нават на постсавецкай прасторы існуе зусім сьвежы прыклад таго, як вельмі слабая апазыцыя змагла аб’яднацца і за кароткі тэрмін прыйсьці да ўлады.
«Пакуль не сфармавалася грамадзкай ініцыятывы, у якую б людзі верылі, — кажа экспэрт. — Альтэрнатыўныя ўладам грамадзка-палітычныя сілы разьяднаныя, людзі бачаць там хаос, бачаць немагчымасьць дамовіцца паміж імі. Няма адзінай сілы. Я не кажу пра адзіную фігуру, кажу пра адзіную сілу. Але такая сіла можа ўзьнікнуць даволі хутка ў пэўных крызісных сытуацыях. З апошніх такіх „мяккіх рэвалюцыяў“ — гэта армянская сытуацыя. Ні палітычная структура Пашыньяна, ні ён сам ня мелі вялікага рэйтынгу. Аналітыкі і экспэрты казалі, што няма шанцаў. Што палітычная апазыцыя Армэніі — гэта поўная лухта, што яны нічога ня могуць. Але, калі здарыўся крызіс, яны змаглі аб’яднацца і хутка стаць палітычнай сілай».