Рашэньне закрыць мяжу прынялі на адмысловым паседжаньні ўраду Літвы. Пункт пропуску ў Медніках (зь беларускага боку Каменны Лог) будзе закрыты з пэўнымі выняткамі, пункт у Салечніках (Беняконі) будзе закрыты цалкам.
Выняткамі ў Медніках будуць дыпляматычныя машыны, якія будуць прапускаць праз пункт пропуску.
Забарона будзе дзейнічаць да 30 лістапада з магчымасьцю падаўжэньня, інфармуе тэлеканал LRT.
Памежныя пераходы закрываюць з прычыны прылётаў аэрастатаў зь Беларусі ў Літву. На мінулым тыдні гэта чатыры разы прымушала літоўскія аэрапорты прыпыняць працу. Перанесьлі і перанакіравалі дзясяткі рэйсаў, гэта закранула некалькі тысяч пасажыраў.
Раней некаторыя літоўскія палітыкі заявілі, што рэжым Лукашэнкі, запускаючы паветраныя балёны, перасьледуе некалькі мэтаў. Адна зь іх — ціск на літоўскі ўрад. Другая — уласна кантрабанда, на якой можна няблага зарабляць.
Што папярэднічала
Літва закрыла мяжу 27 кастрычніка пасьля шэрагу інцыдэнтаў, зьвязаных з масавым запускам з тэрыторыі Беларусі паветраных балёнаў нібыта з кантрабандай. У апошнім выпадку ў Літве налічылі 66 аэрастатаў. Праз гэта вымушаны былі спыняць некалькі разоў дзейнасьць Віленскага аэрапорту і адзін раз — у Коўне.
У той жа дзень Міністэрства замежных спраў Беларусі 27 кастрычніка выклікала часовага паверанага ў справах Літвы Эрыкаса Вілканецаса, каб уручыць ноту пратэсту «ў сувязі з чарговым аднабаковым закрыцьцём мяжы з боку Літоўскай Рэспублікі, ажыцьцёўленым безь якога-небудзь папярэдняга паведамленьня».
Да 27 кастрычніка памежная служба Літвы двойчы спыняла дзейнасьць сваіх пунктаў пропуску на мяжы зь Беларусьсю на некалькі гадзін уначы.
Гэтаму папярэднічала перадача Літвой на адрас Менску ноту пратэсту ў сувязі з частымі і рэгулярнымі парушэньнямі літоўскай паветранай прасторы.
Прэзыдэнт Літвы Гітанас Наўседа 28 кастрычніка заявіў, што аэрастаты, выяўленыя на тэрыторыі краіны, ня ёсьць сродкамі кантрабанды. Паводле яго, гэта «наўмысныя дзеяньні, накіраваныя на дэстабілізацыю сытуацыі ў Літве».
Згодна зь інфармацыяй Генэральнай пракуратуры Літвы, ад студзеня да верасьня ў Літве зафіксавалі больш за 500 выпадкаў перамяшчэньня кантрабандных цыгарэт паветранымі балёнамі. 12 справаў суды ўжо разгледзелі, чатыры ў працэсу разгляду. 18 чалавек прызналі вінаватымі, агульная сума спагнаных зь іх штрафаў перавышае 111 тысяч эўра.
Генэральная пракурорка Ніда Грунскене асобна зьвярнула ўвагу на тое, што ў Крымінальным кодэксе Літвы няма тэрміну «гібрыдная вайна», але, нягледзячы на гэта, правяраюцца розныя вэрсіі, каб даказаць, што перамяшчэньне кантрабанды ў Літву — «арганізаваная дзейнасьць».
Пункт пропуску Салечнікі на мяжы зь Беларусьсю цалкам закрыты на нявызначаны тэрмін, празь Меднікі могуць перасякаць мяжу «толькі некаторыя катэгорыі асобаў».
Форум