Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Літве затрымалі некалькіх чалавек, датычных да кантрабанды цыгарэт зь Беларусі паветранымі балёнамі


Сымболіка памежнай службы Літвы ў пунктах пропуску на мяжы зь Беларусьсю. Ілюстрацыйнае фота
Сымболіка памежнай службы Літвы ў пунктах пропуску на мяжы зь Беларусьсю. Ілюстрацыйнае фота

Генэральная пракурорка Літвы Ніда Грунскене паведаміла аб затрыманьні чатырох чалавек у сувязі з масавым уварваньнем у Літву зь Беларусі аэрастатаў з цыгарэтамі.

Як паведаміла выданьне lrt.lt, затрыманых узялі пад варту на два месяцы.

Паводле генэральнай пракуроркі Літвы, сёлета паводле факту перамяшчэньня кантрабандных цыгарэт аэрастатамі пачата 21 дасудовае расьсьледаваньне і выяўленыя 50 падазраваных.

Ад студзеня да верасьня ў Літве зафіксавалі больш за 500 выпадкаў перамяшчэньня кантрабандных цыгарэт паветранымі балёнамі. 12 справаў суды ўжо разгледзелі, чатыры ў працэсу разгляду. 18 чалавек прызналі вінаватымі, агульная сума спагнаных зь іх штрафаў перавышае 111 тысяч эўра.

«Некалькі чалавек асудзілі на пазбаўленьне волі ў сярэднім на адзін год і пяць месяцаў», — паведаміла Ніда Грунскене.

«Мы, безумоўна, маем вынікі. І калі казаць пра статыстыку, то агульная колькасьць знойдзеных пачкаў цыгарэт [...] за 9 месяцаў склала больш за 730 тысяч. Агульны кошт знойдзеных і сканфіскаваных цыгарэт складае 3,553 мільёна эўра», — дадала яна.

Генэральная пракурорка асобна зьвярнула ўвагу на тое, што ў Крымінальным кодэксе Літвы няма тэрміну «гібрыдная вайна», але, нягледзячы на гэта, правяраюцца розныя вэрсіі, каб даказаць, што ўвоз кантрабанды ў Літву — «арганізаваная дзейнасьць».

Прэзыдэнт Літвы Гітанас Наўседа 28 кастрычніка заявіў, што аэрастаты, выяўленыя на тэрыторыі краіны, ня ёсьць сродкамі кантрабанды. Паводле яго, гэта «наўмысныя дзеяньні, накіраваныя на дэстабілізацыю сытуацыі ў Літве».

27 кастрычніка Літва закрыла мяжу з Беларусьсю на нявызначаны тэрмін. Канчатковае рашэньне аб тэрміне закрыцьця мяжы ўхваліць урад на пасяджэньні 29 кастрычніка. Пункт пропуску Салечнікі на мяжы зь Беларусьсю цалкам закрыты на нявызначаны тэрмін, празь Меднікі могуць перасякаць мяжу «толькі некаторыя катэгорыі асобаў».

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Кацярына Андрэева Андрэй Аляксандраў Марына Золатава
XS
SM
MD
LG