5 гадоў таму, у ноч на 29 кастрычніка 2020 году, у Ельскім раёне Гомельскай вобласьці каля мяжы з Украінай затрымалі чатырох актывістаў анархісцкага руху, якія спрабавалі распачаць «партызанку» супраць рэжыму Лукашэнкі.
Як пазьней пастанавіў суд, Ігар Аліневіч, Дзьмітры Дубоўскі, Дзьмітры Разановіч і Сяргей Раманаў «падпалілі чатыры службовыя аўтамабілі, будынак ДАІ і будынак Дзяржаўнага камітэту экспэртызаў у Гомельскай вобласьці». Падчас спробы перайсьці мяжу актывістаў затрымалі памежнікі. Згодна з матэрыяламі справы, пра групу стала вядома з паведамленьняў мясцовых жыхароў.
Працэс над анархістамі праходзіў у Менскім абласным судзе ў закрытым рэжыме. Іх асудзілі за «тэрарызм і незаконныя дзеяньні са зброяй».
Крыніца, імя якой не называем з прычынаў бясьпекі, перадала Свабодзе апошнія зьвесткі пра асуджаных Аліневіча, Дубоўскага, Разановіча і Раманава.
Ігар Аліневіч
«Ігар не здаецца. Маральна трымаецца вельмі добра, хоць з здароўем ёсьць праблемы — столькі гадоў у няволі, прычым у самых цяжкіх умовах. Вось і цяпер сядзіць у ШЫЗА. Як трапіў зноў у калёнію ў Мазыры, дык адразу яго кінулі ў штрафны ізалятар», паведаміў суразмоўнік Свабоды.
Ігара Аліневіча ў сьнежні 2021 году асудзілі на 20 гадоў зьняволеньня, пакараньне ён пачаў адбываць у мазырскай калёніі, але неўзабаве суд прызначыў яму 3 гады турэмнага рэжыму. За гэты час Аліневіча шмат разоў каралі зьмяшчэньнем у ШЫЗА. Сёлета ў жніўні Аліневіча перавялі з жодзінскай турмы ў ПК-20 у Мазыры, пасьля чаго зьвесткі ад яго перасталі прыходзіць. За што палітвязень зноў трапіў у ШЫЗА, крыніцы невядома.
Дзьмітры Дубоўскі
У цяжкіх умовах працягвае адбываць пакараньне і Дзьмітры Дубоўскі, якога асудзілі на 18 гадоў зьняволеньня. Да суду Дубоўскі прайшоў праз СІЗА ў Віцебску і Менску, у тым ліку СІЗА КДБ «Амэрыканка», адкуль ад яго рэдка, але даходзілі лісты. Ужо больш за 2 гады Дзьмітрыя Дубоўскага трымаюць у магілёўскай турме № 4, і зьвестак пра яго вельмі мала.
Дзьмітры Разановіч
У турме № 1, якая знаходзіцца ў Горадні, адбывае пакараньне Дзьмітры Разановіч. Суд асудзіў яго ў «справе аб тэракце» на 19 гадоў, але ў 2024 годзе ў Івацэвіцкай калёніі дадалі да прысуду яшчэ 9 месяцаў паводле 411 артыкулу КК «за непадпарадкаваньне адміністрацыі папраўчай установы». «Ціск на яго з гадамі не памяншаецца, а толькі расьце», — паведаміла пра палітвязьня крыніца, дасьведчаная ў ягоных справах.
Сяргей Раманаў
Тройчы зьведаў дабаўленьне да першага тэрміну анархіст Сяргей Раманаў.
У сьнежні 2021 году Сяргея асудзілі на 20 гадоў зьняволеньня, ён пачаў адбываць пакараньне ў ваўкавыскай калёніі № 11. Але ў сакавіку 2023 году суд Ваўкавыскага раёну дадаў Раманаву яшчэ 11 месяцаў пазбаўленьня волі. Палітвязьня перавялі ў горацкую калёнію, дзе сумная гісторыя з артыкулам 411 паўтарылася — у верасьні 2024 году суд Горацкага раёну дадаў анархісту яшчэ 2 гады пазбаўленьня свабоды.
Трэці раз прыбаўку да тэрміну за нібыта «непадпарадкаваньне адміністрацыі» Сяргей Раманаў атрымаў сёлета ў траўні — яму дадалі яшчэ 1,5 году зьняволеньня. Паводле праваабаронцаў «Вясны», агулам тэрмін Сяргея Раманава цяпер складае 24,5 году — гэта найбольшы тэрмін сярод беларускіх анархістаў і антыфашыстаў у зьняволеньні.
Адбывае пакараньне Сяргей Раманаў у папраўчай калёніі ў Горках. Раней ён слаў зь вязьніцы свае малюнкі. Паводле апошняй інфармацыі, у палітвязьня пагоршылася здароўе.
Форум