У Барысаве запрацуе футбольная акадэмія БАТЭ імя Анатоля Капскага. Пра гэта расказаў сын памерлага мэнэджара, цяперашні кіраўнік барысаўскага клюбу Андрэй Капскі у праграме «Гульні на выраст» на тэлеканале «Беларусь-5». Канкрэтныя тэрміны рэалізацыі праекту пакуль не агучваюцца.
Па словах Андрэя Капскага, сумесна з Барысаўскімі ўладамі плянуецца збудаваць комплекс палёў з асьвятленьнем, палівам і падагрэвам. Для іншагародніх дзяцей зьявіцца кампус-інтэрнат.
Для футбольнай акадэміі адведзена тэрыторыя побач са стадыёнам «Гарадзкі», дзе каманда базавалася да пераезду на «Барысаў-Арэну».
Раней Барысаўскі райвыканкам адказаў адмовай на калектыўны ліст аб перайменаваньні «Барысаў-Арэны» і прылеглай да яе вуліцы ў гонар заснавальніка клюбу Анатоля Капскага.
Як гаворыцца ў афіцыйным адказе, «увекавечаньне імя ў назвах аб’ектаў дапушчальнае ў выключных выпадках за асаблівыя заслугі перад дзяржавай і грамадзтвам».