Кніга Ўладзіміра Караткевіча «Каласы пад сярпом тваім», перавыдадзеная выдавецтвам «Папуры», прызнана самай папулярнай у 2019 годзе, перадае карэспандэнт БелТА.
Міністэрства інфармацыі сумесна з Нацыянальнай кніжнай палатай і Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі сёньня далі старт праекту «Кнігі Беларусі. Год 2019». Падзея адбываецца ў выставачнай залі Нацыянальнай бібліятэкі.
На выставу, якая ўпершыню прадставіла кнігі, выдадзеныя ў Беларусі ў 2019 годзе, былі запрошаныя сотні дзяржаўных і прыватных выдаўцоў, грамадзкіх і рэлігійных аб’яднаньняў, індывідуальных прадпрымальнікаў.
Раман быў упершыню надрукаваны ў часопісе «Полымя» ў 1965 годзе ў Менску.
Твор апісвае станаўленьне беларускай нацыі, малюючы тры пакаленьні шляхецкай сям’і Загорскіх. У кнізе дзейнічаюць як літаратурныя пэрсанажы, народжаныя мастацкай фантазіяй, так і рэальныя гістарычныя асобы – Кастусь Каліноўскі, Зыгмунт Серакоўскі, Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч, Станіслаў Манюшка, Тарас Шаўчэнка, Уладзіслаў Сыракомля.