Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кангрэс ЗША ўхваліў санкцыі з мэтай заблякаваць расейскі «Паўночны паток – 2»


Падчас пракладкі газаправоду
Падчас пракладкі газаправоду

11 сьнежня Палата прадстаўнікоў Кангрэсу ЗША ўхваліла дакумэнт, які прадугледжвае санкцыі супраць ключавых падрадчыкаў, якія ўдзельнічаюць у будаўніцтве расейскіх газаправодаў «Паўночны паток – 2» і «Турэцкі паток», паведамляе «Голас Амэрыкі».

Санкцыі прадугледжваюць адмову ў візах і замарожваньне амэрыканскіх актываў прадпрымальнікаў і кампаній, што ўдзельнічаюць у праекце. Яны закладзеныя ў законапраект пра абаронныя выдаткі ЗША.

Асноўным аб’ектам санкцый зьяўляюцца кампаніі, што ажыцьцяўляюць укладваньне труб на дне мора, у прыватнасьці швайцарская кампанія Allseas, якой належыць найбуйнейшае ў сьвеце судна-трубаўкладнік Pioneering Spirit. Гэтае судна завяршае ўкладваньне апошняга адрэзку газаправоду «Паўночны паток – 2», па якім у Нямеччыну будзе паступаць расейскі прыродны газ.

«Паўночны паток – 2» крытыкуюць ЗША і некалькі эўрапейскіх краінаў, якія лічаць, што ён падрывае афіцыйную стратэгію Эўразьвязу, накіраваную на дасягненьне энэргетычнай незалежнасьці Эўропы ад паставак расейскага прыроднага газу.

Адзін з ініцыятараў новых санкцый сэнатар-рэспубліканец Тэд Круз заявіў, што новы законапраект, калі ён будзе зацьверджаны, паспрыяе забесьпячэньню энэргетычнай незалежнасьці Эўропы і пазбавіць Расею мільярдаў даляраў даходаў, якія «выкарыстоўваюцца для распальваньня расейскай агрэсіі».

Згодна з законапраектам, Дзярждэпартамэнт на працягу 60 дзён павінен падаць сьпіс кампаній, якія займаюцца ўкладваньнем труб. Ім даецца 30 дзён на згортваньне гэтых работ. Паводле «Газпрома», на завяршэньне апошняга падводнага адрэзку газаправоду спатрэбіцца каля пяці тыдняў.

Паводле прадстаўніка Дзярждэпартамэнту, адпаведны даклад будзе накіраваны Кангрэсу на працягу тыдня, што дасьць магчымасьць увесьці санкцыі да заканчэньня падводнага ўкладваньня труб і не дазволіць завяршыць будаўніцтва газаправоду ў агляднай будучыні. Аднак законапраект павінен зацьвердіць Сэнат і падпісаць прэзыдэнт ЗША.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG