Аляксандар Лукашэнка 5 сьнежня сустракаецца з дэпутатамі Палаты прадстаўнікоў і чальцамі Савету рэспублікі. Свабода публікуе найважнейшыя цытаты з прамовы кіраўніка дзяржавы.
Незалежных журналістаў не запрасілі на сустрэчу. Жывая тэле- і радыётрансьляцыя не вядзецца.
Пра канстытуцыйную рэформу
- «У нас ужо назьбіраўся шэраг пытаньняў, якія трэба вырашаць супольна на ўзроўні Асноўнага закону». Новыя дэпутаты Палаты прадстаўнікоў далучацца «да працы па ўдасканаленьні Канстытуцыі». Мэта зьменаў — «удасканаленьне сыстэмы кіраваньня».
Пра адносіны з Расеяй
- «Мы ніколі не зьбіраліся і зьбіраемся ўваходзіць у склад любой дзяржавы, нават братняй Расеі».
- Лукашэнка пра ўваходжаньне Беларусі ў склад Расеі: «Я не пацан, які адпрацаваў 3-4-5 гадоў прэзыдэнтам. Мне хапіла вось так. І я не хачу перакрэсьліць усё, што я зрабіў разам з вамі, народам: стварыў незалежную сувэрэнную дзяржаву, каб яе зараз укласьці ў нейкую скрыню з крыжам наверсе і кудысьці выкінуць ці перадаць. Гэтага пры мне ня будзе ніколі», — цытуе Лукашэнку тэлеграм-канал «Пул першага».
- Падчас перамоваў з Расеяй ня вырашыўся шэраг прынцыповых пытаньняў, у прыватнасьці аб газе і нафце. «Нават элемэнтарнае пытаньне ня вырашана наконт бруднай нафты. А мы ж правалілі ВУП у асноўным праз нафтавыя праблемы».
- «Кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін адчувае зараз жэстачайшы антыбеларускі ціск ад блізкага атачэньня», — пераказвае БелТА Лукашэнку.
- Лукашэнка падкрэсьліў, што Беларусь і Расея не вядуць дыялёг «аб палітычных пытаньнях, напрыклад аб стварэньні адзінага парлямэнту».
- Беларусь ня просіць крэдыты ў Расеі. Лукашэнка сказаў, што забараніў міністру фінансаў браць апошні транш Эўраазійскага банку, піша БелТА.
«Беларусь стала косткай у горле». Пра замежную палітыку
-
«Будзе вельмі нялёгка. І не таму, што мы няправільна абралі мадэль, і не таму, што мы не на той мове размаўляем, і не таму, што ў нас Палата прадстаўнікоў ня тая ці парлямэнт у цэлым.А таму, што Беларусь стала, „як у народзе кажуць, косткай у горле“ камусьці. Аж вельмі камусьці карціць, бо, бачыце, без рэсурсаў, бязь нейкіх вялікіх матэрыяльных запасаў яны [беларусы] неяк жывуць».
- Новых дэпутатаў чакае «няпросты пэрыяд». «Барацьба вядучых геапалітычных сілаў за сфэры ўплыву, жорсткае лабіяваньне краінамі сваёй эканамічнай выгады, гандлёвыя войны і барʼеры — рэчаіснасьць, якая абʼектыўна ўскладняе нам жыцьцё».
- Адзіная ўмова ўзаемадзеяньня з замежнымі партнэрамі — гэта тое, што Беларусь ёсьць сувэрэннай і незалежнай дзяржавай.
Улады зьменяць падыход да сацыяльнай абароны
У Беларусі будуць паступова мяняць характар падтрымкі сацыяльна слабых пластоў насельніцтва. Для гэтага ў краіне ёсьць «дастаткова эфэктыўная» прававая базы. «Калі дзяржава ня проста бярэ на сябе рашэньне ўсіх праблемаў чалавека, а стварае такія ўмовы, каб чалавек самастойна мог вырашыць свае праблемы. То бок ня рыбу, а вуду ў рукі».
«Паглыбленьне інтэграцыі» Беларусі і Расеі. Што важна ведаць
- Урады Беларусі і Расеі зьбіраліся ўзгадніць 31 стратэгічны плян інтэграцыі. Паволе расейскага прэм’ер-міністра Дзьмітрыя Мядзьзведзева, няўзгодненым застаўся 1 плян — пра наднацыянальныя органы.
- Што менавіта зьбіраюцца падпісаць Лукашэнка і Пуцін, а таксама на што пагадзіліся ўрады ў стратэгічных плянах, публічна не агучваецца.
- Тэма «паглыбленьня інтэграцыі» пачалася зь перамоваў пра кампэнсацыю «падатковага манэўру». Але ў «праграме інтэграцыі» няма кампэнсацыі «падатковага манэўру», бюджэт разьлічылі безь яе.
- У канцы 2018 году Мядзьведзеў заявіў, што Расея гатовая «праводзіць адзіную палітыку ў галіне падаткаў, цэна- і тарыфаўтварэньня» толькі тады, калі будуць выкананыя ўмовы пагадненьня аб «саюзнай дзяржаве» 1999 году — а гэта агульныя валюта, суд і мытня.
- Гэтыя ўмовы празвалі «ўльтыматумам Мядзьведзева». Аляксандар Лукашэнка тады адказаў жорстка: маўляў, «шантажаваць марна. Разумею намёкі — уступайце ў склад Расеі. Гэтага ня будзе ніколі».
- 19 сьнежня 2019 году Ўладзімір Пуцін заявіў, што зь Беларусьсю абмяркоўваюць стварэньне наднацыянальных органаў — кантрольнага і эмісійнага. 23 сьнежня Мядзьведзеў паўтарыў, што без наднацыянальных органаў ня будзе кампэнсацыі «падатковага манэўру» і іншай дапамогі Беларусі.
- 17 лістапада Лукашэнка абурыўся тым, што расейцы «кожны раз падсоўваюць новыя ўмовы, у выніку мы ў эканоміцы нешта страчваем», і рытарычна спытаў: «На храна патрэбен такі саюз?».
- Шэраг беларусаў лічаць, што «паглыбленьне інтэграцыі» ўсё ж можа прывесьці да страты незалежнасьці Беларусі. Палітыкі і культурныя дзеячы прынялі 1 сьнежня сумесную заяву «Аб пагрозе Незалежнасьці Беларусі», а 4 сьнежня супраць інтэграцыі выступілі беларускія Telegram-каналы і суполкі «Ўкантакце».
- Акцыі супраць паглыбленьня інтэграцыі Беларусі і Расеі прайшлі ў Менску 7, 8, 20 і 21 сьнежня. А таксама ў Горадні, Пінску, Лідзе. За мяжой — у Польшчы, Украіне, Літве, Чэхіі, Вугоршчыне, Бэльгіі, Ізраілі, ЗША, Канадзе.
-
Агульная сума штрафаў пратэстоўцам — каля 65 тысяч даляраў. Таксама ўдзельнікам акцый прысудзілі агулам 375 сутак арышту.
- 24 сьнежня ў інтэрвію «Эхо Москвы» Лукашэнка заявіў, што акцыі супраць «паглыбленьня інтэграцыі» не былі масавымі («400 чалаек — гэта наша ядро апазыцыі»), і «нехта падказаў, аплаціў, фонды ім даюць прыстойныя грошы». Лукашэнка дадаў, што сам ня пойдзе на тое, «ад чаго яны спрабуюць усьцерагчы беларускі народ», і назваў сябе «галоўны абаронца сувэрэнітэту і незалежнасьці».
Спэцпрапект «Чаму Беларусь не Расея»